У гэты знамянальны дзень усё ў сям’і Жаландзеўскіх было як у першы дзень вяселля: вясёлы гармонік, гаманкія госці, шчырыя віншаванні. Праўда, адзначала гэта пара 50-годдзе свайго сямейнага жыцця, ці залатое вяселле.
Іосіфа Юльянавіча і Яўгенію Аляксандраўну у фае Гальшанскага Дома культуры традыцыйным хлебам-соллю сустрэлі дзеці і ўнукі. Пажадалі маладым даўгалецця, дабрабыту, сілы і здароўя.
Жаніха з нявестай пасадзілі на пачэснае месца. Сакратар Гальшанскага сельвыканкама Жанна Садоўская ўрачыста зарэгістравала залаты шлюб і папрасіла зрабіць запіс у ганаровай кнізе юбіляраў.
Гледзячы на гэтую прыгожую і вельмі шчаслівую пару, ахіналі розныя пачуцці: і гонар, і пяшчота, і павага. Усё ж такі пражыць-перагараваць пяцьдзесят зімаў, вёснаў, летаў і асенніх лістападаў можа не кожны. Толькі дзякуючы ўзаемаразуменню і ўзаемадапамозе, сапраўднаму каханню нашы юбіляры змаглі адсвяткаваць залатое вяселле. Вядучыя вечарыны Вольга Кузьміцкая і Алена Шавель разам з гасцямі зрабілі невялічкі экскурс у сямейны летапіс Жаландзеўскіх.
…Пачалося ўсё з выпадковай сустрэчы ў далёкім і такім дарагім сэрцу 1959-м годзе. Тады яны былі прыгожымі і маладымі, а агеньчык кахання паступова запоўніў іх сэрцы. Потым згулялі багатае вяселле. Віншаваць Яўгенію і Іосіфа прыехалі госці аж на чатырнаццаці ўбраных падводах! Вяселле гуло два дні, а потым пачалося звычайнае сямейнае жыццё са сваімі будзённымі клопатамі.
Маладая жонка перайшла жыць да мужа. У руках жанчыны гарэла любая справа. Яна паспявала ўсюды: і па гаспадарцы, і ў хаце, і ў полі папрацаваць да сёмага поту. А яшчэ яна ткала, прала і вышывала. А як Яўгенія Аляксандраўна вяжа! Звязаныя рэчы з вялікім задавальненнем разыходзяцца па радні. Да таго ж яе цудоўныя вырабы не раз упрыгожвалі выставы народнай творчасці не толькі ў сельскім Доме культуры, але і на раённых святах. Не адставаў і не саступаў у рабоце па гаспадарцы сваёй жонцы зухаваты Іосіф.
З вялікай пяшчотай малады тата ўзяў на рукі свайго першынца – дачку Наталлю. За ёю з’явілася Галінка.
І Яўгенія Аляксандраўна, і Іосіф Юльянавіч – людзі працавітыя, добрасумленныя, шчырыя і адкрытыя, гаспадарлівыя, безадказныя. Гаспадар працаваў у Гальшанскай МТС, затым на цагельным заводзе, звеннявым, брыгадзірам, а ў 70-м годзе пайшоў на ферму слесарам. А гаспадыня спачатку працавала даяркай, а затым перайшла на свінагадоўчы комплекс. Яна – заслужаная работніца калгаса. За добрасумленную працу – шматлікія ўзнагароды, падзякі, граматы.
Яўгенія Аляксандраўна і Іосіф Юльянавіч ужо на заслужаным адпачынку. Для роднага калгаса ў свой час яны зрабілі вельмі многа. Таму віншаванні нашы маладыя атрымалі не толькі ад старшыні Гальшанскага сельвыканкама Войцеха Коўзана, але і ад прадстаўнікоў СВК “Гальшанскі”.
У той юбілейны вечар на сцэну з падарункамі падымаліся дзеці, унукі, суседзі. Пад вясельнае шампанскае ўсе зычылі самага галоўнага – здароўя, дабрабыту і брыльянтавага вяселля.
Сёння ў нашых юбіляраў ужо не двое, а чацвёра дзяцей: дзве дачкі і два зяці, якія сталі для іх сынамі, шасцёра ўнукаў і маленькая праўнучка Арынка. Вельмі важна, што дзеці выраслі добрымі людзьмі. Яны не забываюцца пра свой родны куточак, помняць, што тут іх заўсёды чакаюць і рады бачыць два любячыя сэрцы – мама і бацька.
А якое ж вяселле без букета маладой?! Гэтую традыцыю ніяк не маглі абмінуць Жаландзеўскія. Вядучая Вольга Кузьміцкая сказала, што той, хто зловіць вясельны букет, пражыве ў згодзе і любові столькі ж год, колькі нашы юбіляры. І ведаеце, каму ён дастаўся? Унучцы.
І цяпер, і раней ніводнае вяселле не абыходзілася без музыкі. Калісьці маладых віншавалі, услаўлялі пару і спявалі песні вясковыя жанчыны. А нашых гасцей весяліў калектыў мастацкай самадзейнасці Гальшанскага сельскага Дома культуры “Заранка” і яго таленавітыя ўдзельніцы.
Алена ШЫДЛОЎСКАЯ.