Адзінаццаць узнагарод заваявалі ашмянцы на абласных алімпіядах

Образование События

Удзел устаноў адукацыі Ашмянскага раёна ў эксперыментальным праекце па апрабацыі мадэлі рэспубліканскай алімпіяды дазволіў вучням  удзельнічаць у алімпіядах па некалькіх прадметах на ўсіх этапах, што значна  павялічыла колькасць  дзяцей, якія вырашылі праверыць свае сілы ў раённых іспытах. Калі ў 2009 годзе на раённым узроўні выступіла 344 вучні, то ў 2010 іх было ўжо 509.

На абласныя алімпіяды змаглі паехаць тыя вучні з ліку пераможцаў, якія выканалі больш 50 працэнтаў заданняў і прайшлі рэйтынгавы адбор  разам з “алімпійцамі”  другіх раёнаў вобласці.

У выніку  ў зборную Ашмянскага раёна ўвайшло 27 вучняў. У мінулым годзе іх было на чатыры менш.  Міхаіл Чарнушэвіч (СШ №1),  Вераніка Данішэўская (СШ №3) і Арцём Лугін (Гальшанская гімназія)  ў абласных алімпіядах  выступілі па двух прадметах. Усе яны сталі прызёрамі, а Вераніка Данішэўская прынесла сваёй школе два прызавыя месцы:  дыпломы трэцяй ступені па гісторыі (настаўніца В.І. Шаверда) і грамадазнаўству (Я.І. Жвірыдоўская).

Адзінаццаць узнагарод –  з такім  рэзультатам вярнуліся   з абласных алімпіяд нашы вучні. Прыемна зазначыць, што кожны год  узровень падрыхтаванасці і трываласці ведаў  нашых дзяцей павышаецца, што не можа не радаваць і настаўнікаў, і вучняў, і іх бацькоў. Для параўнання, у мінулым навучальным  годзе ў нашым раёне было 8 прызавых месцаў.

Абсалютным пераможцам на абласной алімпіядзе па  англійскай мове стаў вучань гімназіі №1 Аляксей Завадскі (настаўніца Л.А. Кусанава). Адзінаццацікласнік Аляксей справіўся з прапанаванымі заданнямі амаль на сто працэнтаў.   Вучаніца гімназіі Ксенія Пракопчык  узнагароджана дыпломам трэцяй ступені па рускай мове (настаўніца А.М. Савёнак).

Чатыры прызавыя месцы занялі вучні СШ №3: Аліна Камарова ўзнагароджана дыпломам другой ступені па астраноміі ( Г.І. Чубрык), Алёна Буткевіч – таксама дыпломам другой ступені, толькі па біялогіі (А.А. Кумпіцкая) і два дыпломы ў Веранікі Данішэўскай, аб якой мы расказвалі вышэй.

Вучні СШ №1 занялі два другія месцы: Алена Гаштольд па абслугоўваючай працы (Ж..В. Ляшчэвіч)  і Міхаіл Чарнушэвіч па геаграфіі (Л.І. Станкевіч) і адно трэцяе – вучань У.М. Калядкі Дзмітрый Трухан атрымаў дыплом трэцяй ступені па тэхнічнай працы. Гальшанская гімназія, дарэчы, па добрай традыцыі, якая трывала замацавалася ва ўстанове, прынесла раёну два другія месцы. У каторы раз  Арцём Лугін  разам са сваёй мамай, настаўніцай Г.К. Лугінай дабіваецца высокіх вынікаў па хіміі. Штогод у ліку прызёраў і вучні Н.М. Эйдзюкевіч:  дыпломам за трэцяе месца па роднай мове  ўзнагароджана адзінаццацікласніца Алёна  Пальчэўская.

Зараз пераможцы і прызёры абласных алімпіяд накіроўваюцца на вучэбна-трэніровачныя зборы па падрыхтоўцы да іспытаў рэспубліканскіх , якія запланаваны на красавік.

Аліна САНЮК.

Фото: csu.ru



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *