У гонар 80-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча Беларускі фонд культуры выдаў на чатырох мовах: беларускай, рускай, украінскай і англійскай адну з самых папулярных аповесцей аўтара “Дзікае паляванне караля Стаха”. Ідэя стварэння гэтага праекта належыць Міністру культуры Беларусі Паўлу Латушку.
Выданне фаліянта стала своеасаблівым помнікам класіку нацыянальнай літаратуры. Акрамя Беларускага фонду культуры да яго прылажыў руку гродзенскі мастак Юрый Якавенка. Яго ілюстрацыі, дарэчы, выданне аформлена ў чорна-белай і сярэбранай колеравай гаме, яскрава перадаюць атмасферу літаратурнага твора. Частка малюнкаў была спецыяльна напісана падчас падрыхтоўкі выдання, а яна заняла вельмі кароткі тэрмін. Друкавалася кніга ў Польшчы.
У чытачоў можа ўзнікнуць пытанне, чаму адной з моў абрана менавіта ўкраінская? А гэта само сабой зразумела. Пісьменнік вучыўся ў Кіеве, затым некаторы час выкладаў у адной з украінскіх школ. Нават многія свае раннія вершы ён пісаў па-ўкраінску. Пераклад на англійскую мову дасць магчымасць заявіць аб Беларусі і яе багатай літаратурнай спадчыне на сусветным узроўні. У бліжэйшы час мяркуецца прэзентаваць кнігу ў Маскве, Лондане, Кіеве, Вільнюсе.
Ашмянскія чытачы таксама маюць магчымасць пазнаёміцца з гэтым выданнем. Цэнтральная бібліятэка атрымала яго ў падарунак ад старшыні райвыканкама Юрыя Адамчыка.
Аліна САНЮК.
Фото Александра Дидевича, БЕЛТА