Рамяство ў спадчыну

Культура

Калісьці славілася зямля беларуская вырабамі народных умельцаў. Ткацтва, лозапляценне, вышыўка, бондарства, разьба па дрэву, ганчарства  былі часткай побыту беларусаў. Майстры жылі ў кожным мястэчку, а калі рукі не былі здатныя зрабіць той ці іншы выраб, то неабходную ў гаспадарцы рэч можна было набыць на кірмашы. Асабліва гаманкія  і   з шырокім размахам былі яны ў святы.  З усяго наваколля з’язджаліся сюды майстры і пакупнікі. І кожны   вяртаўся дамоў задаволены. Нарасхват ішлі бандарныя  вырабы. Гэта само сабой зразумела, бо па значнасці бандарнае  рамяство можна параўнаць хіба з вынаходніцтвам кола. Нашы продкі ў драўляным посудзе  захоўвалі прадукты і ваду, у ім  рашчынялі цеста на хлеб, елі драўлянымі лыжкамі. У драўляных начоўках мылі бялізну, хадзілі ў лазню з драўлянай ражкай.

— Гэта зараз усё штучнае – капронавае, — з жалем зазначае бондар Ксаверый Антонавіч Шукеловіч, — а раней мы з бацькам не паспявалі рабіць маслабойкі, даёнкі, розныя цабэркі і бочкі. Саленні ў такім посудзе атрымліваюцца адмысловыя: што грыбы, што агуркі ці капуста.

Вырабы з дрэва карысталіся попытам, нягледзячы на тое, што і майстроў было шмат. У Гарліншчыне, адкуль родам Ксаверый Антонавіч, жылі яны амаль у кожнай хаце. Майстры перадавалі свае сакрэты родным і блізкім у спадчыну. Вось і Ксаверый навучыўся бондарскай справе ад бацькі. Ад яго перайшлі сыну і спецыяльныя інструменты, без якіх  ні адна пасудзіна не атрымаецца.

— Зрабіць бочку – справа тэхнікі, — кажа майстар,-  аднак  якасць яе будзе залежаць перш-наперш ад падрыхтаванай драўніны.  І расказаў нам мужчына столькі цікавай інфармацыі, аб якой мы нават і не здагадваліся!  Напрыклад,  бондар для клёпак не выкарыстоўвае гатовыя дошкі. Аказваецца, калі рэзаць іх, то парушаецца тэкстура драўніны. З-за гэтага дрэва псуецца і бочка доўга не праслужыць. Таму майстар карыстаецца сякерай, стругам і цэлым арсеналам іншых інструментаў.  Каб выраб праслужыў доўга,  драўніну неабходна сушыць на паветры каля трох(!) гадоў. Пад уздзеяннем сонца і дажджу яна набывае моц і  адпаведную якасць.

Цэлую лекцыю прачытаў Ксаверый Антонавіч аб тым,  якое дрэва лепш падыходзіць для вырабу таго ці іншага посуду. А яшчэ раскрыў нам сакрэт бондарскага даўгалецця. Аказваецца, калі выкарыстаць пры вырабе посуду меркі заказчыка (сажань, аршын, плячо, далонь), тады прадукт, што знаходзіцца  ў посудзе, пачне рэзаніраваць у арганізме гэтага чалавека і прынясе яму здароўе і радасць.  Ксаверыю Антонавічу 82 гады, аднак выглядае ён значна маладзей. Відаць, ёсць праўда ў тым, бо  карыстаецца мужчына посудам уласнай  “вытворчасці”.

Гэта апошні год крыху пачало падводзіць здароўе. А да гэтага часу ён штогод  прымаў удзел у раённых кірмашах, што ладзіліся на розныя святы. Сын Франак дастаўляў бацьку ў горад разам з яго вырабамі.  А раней ён сам чапляў на веласіпед  дзежкі і даёнкі і вёз на продаж у Смаргонь ці Ашмяны.  Займацца любімай справай прыходзілася часам усю ноч, бо днём іншай работы хапала.  Працаваў у мясцовай гаспадарцы, даглядаў уласную. Будаваў дом.  Дапамагаў жонцы Яніне Іосіфаўне выхоўваць дзяцей.

Добра жылі між сабой Шукеловічы, у ладзе і згодзе.  Шасцёра дзетак нарадзілася ў іх сям’і, і ўсіх трэба было адзець, абуць, накарміць.  Залатыя рукі Ксаверыя Антонавіча не ведалі спакою.  Ён адзін, без чужой дапамогі,  зрабіў сабе хату, вялікую і прасторную. І зараз, як лялька, стаіць яна ў Гарліншчыне. Праўда, жыць у ёй няма каму.  Пасля таго, як не стала жонкі і аднаго з сыноў, Ксаверый Антонавіч перабраўся да  старэйшага сына Франака, у Куцавічы. Дачка Генуэфа жыве ў Ашмянах, працуе ў аўтапарку,  Часлаў — у Навасёлках, а Ядзя  — у Вільні.

Нявестка Ксаверыя Антонавіча Марыя з гонарам расказвае пра свёкра, паказвае дзежкі, у якіх вельмі добра растуць яе фікусы. Вокны, дзверы ў іх хаце таксама зроблены залатымі рукамі бацькі. Шмат  хто з акругі запрашаў Ксаверыя на падмогу пры ўзвядзенні жылля.  Яго рукі і сёння імкнуцца да дрэва, не ведаюць спакою. А  яшчэ яму вельмі хочацца перадаць свае веды і бондарскія сакрэты калі не сынам, дык унукам. Каб  рамяство працягвала жыць, а разам з ім і беларуская вёска, з яе самабытнай культурай, багатымі  традыцыямі і абрадамі.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *