Фестываль калядных калектываў прайшоў у Ашмянах

Культура События

Добрасуседства людзей розных нацыянальнасцей – адметная рыса, уласцівая нашаму грамадству з даўніх часоў. А зараджаюцца добрасуседскія адносіны з цікавасці, якую мы праяўляем да культуры, гісторыі, традыцый людзей, што пражываюць на тэрыторыі Беларусі.

Адметная падзея адбылася на мінулым тыдні ў Ашмянах. На сцэне раённага Дома культуры выступалі шматлікія калектывы вобласці, якія паказалі   праграмы, прысвечаныя любімаму ўсімі святу – Калядам.

Упершыню мы на гэты раз змаглі пацешыцца выканаўчым майстэрствам самадзейных артыстаў з Ліды, Навагрудка, Ваўкавыска, Астраўца і Сапоцкіна.

Ініцыятарамі правядзення фестывалю калядных калектываў сталі грамадскае аб’яднанне “Саюз палякаў на Беларусі” і Ашмянскі райвыканкам.

Перад пачаткам канцэрта артыстаў, што з’ехаліся ў Ашмяны, і гледачоў павіталі старшыня грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі” Станіслаў Сямашка і намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Аляксандр Саванец.

Амаль чатыры гадзіны трымалі ў палоне залу калектывы, якія змянялі на сцэне адзін другога. І патрэбна адзначыць, што дзякуючы ім усе гледачы яшчэ раз змаглі акунуцца ў святочную атмасферу калядных свят, якія прыносяць у нашы хаты адчуванне божай міласэрнасці да людзей, добразычлівасці. Менавіта на Каляды мы адчуваем патрэбу, якая сыходзіць з самага сэрца, падзяліцца з блізкімі, сябрамі, суседзямі цеплынёй сваёй душы, радасцю, надзеяй, верай.

Лірычныя песні і танцы падарылі гледачам удзельнікі дзіцячага калектыву з Ліды “Анжаліка”. Дзяўчынкі ў бялюткіх сукенках, якія нібыта спусціліся з нябёс, зрабілі цудоўны задзел усяму святу, таму што ад іх сыходзіла непадробная чысціня, грацыя і летуценнасць, якіх часам не стае нам у сённяшні прагматычны час. Дарэчы, менавіта “Дом польскі” з Ліды прадставіў на фестываль больш за ўсё калектываў, прычым не падобных і  са сваім адметным творчым накірункам. Акрамя дзіцячага калектыву выступілі яшчэ і два дарослыя. Пранікнёна гучалі ў выкананні аднаго з іх, які насіць назву “Сібірак”, песні грамадзянскай накіраванасці. А вось калектывы з Навагрудка “Свіцязянка”, з Астраўца “Эха” і з Сапоцкіна наладзілі тэатралізаваныя прадстаўленні, якія шчодра былі дапоўнены каляднымі песнямі. Доўга трымалі ў палоне пад занавес фестывалю гледачоў госці з Сапоцкіна, якія ўваходзяць у склад калектыву “Эха мінулага”. Інсцэніраваны калядны абрад каледавання падняў настрой песнямі з мінуўшчыны, якія беражліва сабіралі і вынеслі на суд гледачоў удзельнікі гурта. Не абышлося нават без Чорта і Казы, якія жартавалі і смяшылі ўсіх, каму прыйшлося да душы гэта свята.

Сцэнічнае дзейства разыгралі перад залай вучні школы №8 г. Ваўкавыска, у якой выкладанне ўсіх прадметаў вядзецца на польскай мове. Усе прысутныя змаглі амаль што з галавой акунуцца ў тыя  падзеі, якія не на жарт разыграліся на сцэне. Добрае валоданне мовай дапамагло школьнікам пранікнуцца ігрой, якая часам напамінала ігру сапраўдных артыстаў тэатра.

Усе ўдзельнікі фестывалю, які, патрэбна адзначыць, праходзіў на Ашмяншчыне ўпершыню і таму выклікаў вялікую да сябе ўвагу, атрымалі дыпломы і памятныя падарункі ў знак удзячнасці за цудоўнае свята, якое ніводнага з прысутных не пакінула раўнадушным.

Фестываль яшчэ раз паказаў, што людзі розных нацыянальнасцей хочуць жыць, цешыць адзін аднаго сваёй творчасцю ў міры і згодзе.

Валянціна ДРАЗДОВА.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ. 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *