Смаргонскія пагранічнікі разам з мядзведзем наведалі Крэйванцаўскі ВПК

Общество

У школе з самай раніцы былі чуваць ажыўленыя дзіцячыя галасы. Усе з нецярпеннем чакалі пагранічнікаў Смаргонскай пагранічнай групы. Яны ў нас частыя госці, сябруем мы з імі даўно і заўсёды рады бачыць іх у нашай школе. Але сённяшняя сустрэча павінна была быць асаблівай, не падобнай на іншыя. Справа ў тым, што нашы сябры паабяцалі прыехаць да нас з канцэртам, таму і настрой быў прыўзняты.

IMG_20170126_105321

Калі да школы пад’ехаў зялёны аўтобус і выйшлі пагранічнікі ў параднай форме, ад іх немагчыма было адарваць вачэй. Узрушаныя, дзеці і пабеглі насустрач. Як заўсёды, пагранічнікі шчыра віталіся з намі з усмешкамі на тварах, пыталіся пра нашы школьныя справы, давалі парады і жартавалі. А затым усё было, як у казцы. Мы прыціхлі і чакалі нечага незвычайнага. Духавы аркестр іграў мелодыі знаёмых нам песень, прыгожа спявалі артысты, вядучая ўвесь час звярталася да нас і праводзіла цікавыя конкурсы. А якім захапляльным было шоу мыльных пузыроў! Не абышлося і без “мядзведзя” — героя былой “Смаргонскай акадэміі” (школы дрэсіраваных мядзведзяў), які забаўляўся з усімі, танцаваў, а яшчэ прынёс нам пачастункі. Не заўважылі, як праляцеў час. Напрыканцы, як заўсёды, быў здымак на памяць.

IMG_20170126_105958

Мы яшчэ раз упэўніліся ў дабраце, шчырасці, міласэрнасці і велізарнай любові да нас нашых сяброў. Нягледзячы на столькі спраў пагранічнай службы яны знайшлі час прыехаць да нас, паказаць такую цікавую праграму і падараваць нам хвілінкі задавальнення. Мы вельмі ўдзячныя нашым гасцям. Няхай у іх усё будзе добра. Дзякуй за сустрэчу, дзякуй за магчымасць яшчэ раз убачыцца, за хвілінкі радасці і захаплення.

Арцём ВІНЦАЛОВІЧ, вучань 8 класа Крэйванцаўскага ВПК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *