Сёлета старажытным Гальшанам споўнілася 730 гадоў. Днямі яго жыхары адзначылі юбілей.
Да святочна ўбранай плошчы паступова сцякаўся люд. Жыхароў і гасцей ўрачыстасці чакалі насычаная музычная праграма, шмат віншаванняў і цікавых сустрэч.
Да святкавання юбілейнай даты была наладжана фотавыстава «Краявіды Гальшан». Яе аўтар Валянціна Лабуніна перадала ўсю прыгажосць гальшанскіх краявідаў, старажытнага замка Сапегаў.
Распачалася ўрачыстая частка юбілейнага мерапрыемства шчырым прывітаннем гасцей. Вядучая Вольга Кузьміцкая падтрымала добры звычай нашых продкаў сустракаць шаноўных гасцей хлебам-соллю. Пышнага караваю — знаку гасціннасці — адведаў кожны ўдзельнік мерапрыемства.
Пасля музычнага нумара ў выкананні жаночага вакальнага гурта «Заранка» з віншавальным словам на сцэну падняўся старшыня Гальшанскага сельвыканкама Вайцех Коўзан. Свята, адзначыў ён, асабліва юбілей, — важная дата для Гальшан і іх жыхароў. Таму мы павінны аберагаць і захоўваць сваю спадчыну, каб з усім яе духоўным багаццем перадаць нашчадкам. Асобныя словы падзякі Вайцех Іванавіч выказаў нашым духоўным выхавацелям — айцу Уладзіміру і ксяндзу Багуславу, якія не толькі падтрымліваюць у належным стане культавыя збудаванні, але і робяць ўсё магчымае, каб помнікі і надалей служылі культурна-асветніцкімі цэнтрамі для гальшанцаў.
З 2006 года Гальшаны набылі статус аграгарадка. Сёння тут пражываюць 1059 жыхароў, будуюцца новыя дамы, працуе пошта, дзейнічаюць філіял Беларусбанка, амбулаторыя і аптэка, лазня, кропкі грамадскага харчавання і магазіны.
У кожнай вёсцы, незалежна ад яе ўзросту і паходжання, заўсёды галоўным багаццем былі людзі. Асаблівая пашана і гонар тым, на чыіх вачах Гальшаны штодня разрасталіся і прыгажэлі. У ліку гальшанскіх старажылаў Варвара Савельеўна Шапёткіна, Вітольд Апалінаравіч Кандратовіч, Вольга Фядосаўна Казлова, Меланія Антонаўна Матусевіч, Франя Францаўна Ганусевіч, Эдуард Антонавіч Сарока і Валянціна Аляксееўна Буйко. Самыя старэйшыя — Марыя Вікенцьеўна Бакуновіч, 1920 года нараджэння, і Іван Мар’янавіч Скаскевіч, які нарадзіўся ў 1919 годзе. Яму, а таксама ганаровым жыхарам мястэчка былі адрасаваны пажаданні моцнага здароўя і дабрабыту.
Без мінулага не можа быць будучага. Сёння з болем у сэрцы ўспамінаюцца трагічныя часы Вялікай Айчыннай вайны, калі вёска была акупіравана нямецка-фашысцкімі войскамі. Многія з жыхароў былі вывезены ў Германію. На франтах змагаліся і нашы аднавяскоўцы. Васямнаццаць чалавек не вярнулася з вайны. Але людзі не забыліся пра сваіх збаўцаў, а ў памяць пра загінуўшых у цэнтры вёскі ў 1967 годзе ім быў узведзены помнік.
Не даюць згаснуць чалавечай памяці жывыя сведкі тых цяжкіх ваенных выпрабаванняў. Гэта нашы ветэраны Іван Вікенцьевіч Гардзей, Вітольд Апалінаравіч Кандратовіч, Эдвард Антонавіч Сарока і Георгій Георгіевіч Касцюкевіч. Цэняць кожную мірную хвілінку, кожны сонечны дзянёк і вязні канцлагераў Марыя Ягораўна Селядцова, Марыя Канстанцінаўна Касцючэнка і Ганна Пракоп’еўна Гардзей. У знак пашаны ім былі ўручаны кветкі.
У святкаванні 730-гадовага юбілею вёскі прыняў удзел яшчэ адзін воін — Сяргей Гардзей, які выконваў свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Ён усклаў кветкі да помніка загінуўшым воінам.
Каб мірна жылі і спакойна спалі нашы дзеці, сёння стаяць на варце Радзімы ўнукі і праўнукі былых франтавікоў Анатоль Травіцкі, Аляксандр Кудрын і Максім Цімаховіч.
За дасягненні на гальшанскай зямлі мы абавязаны ветэранам працы. Падзяку за самаадданую працу і залатыя рукі, а таксама падарункі ад кіраўніцтва СВК «Гальшанскі» атрымалі Іван Вікенцьевіч Гардзей і Франя Францаўна Ганусевіч.
Гальшанскі край адметны не толькі сваімі краявідамі, багатай гісторыка-культурнай спадчынай. Разнастайны і вельмі важны для будучага пакалення матэрыял пра мястэчка збіраюць і зберагаюць для нашых дзяцей вядомыя краязнаўцы Яніна Іванаўна Корзун і Валянціна Сцяпанаўна Лабуніна. Асобныя словы падзякі за працу атрымала заслужаны настаўнік БССР Данута Браніславаўна Ганусевіч.
Нездарма пра музей — справу ўсяго жыцця Эдуарда Сямёнавіча Корзуна — кажуць так: «Хто не быў ў гэтым музеі, той не быў у Гальшанах».
З вялікім задавальненнем збірае і публікуе звесткі пра сваіх аднавяскоўцаў, пра цікавыя падзеі Валянціна Сцяпанаўна Лабуніна. Сваю любоў і захапленне роднай вёскай яна выказвае праз фотаздымкі, якія не раз выстаўляліся падчас шматлікіх мерапрыемстваў як раённага, так і рэспубліканскага маштабу.
Ёсць ў Гальшанах яшчэ адзін вельмі карысны асяродак, дзе захоўваецца шмат каштоўных матэрыялаў пра вёску. На працягу цэлых дзесяцігоддзяў аўтарытэт бібліятэкі трымаўся і трымаецца па сённяшні дзень дзякуючы такім вопытным работнікам, як Марыя Аляксандраўна Піваварчук, Валянціна Сцяпанаўна Лабуніна, Рэгіна Браніславаўна Сабалеўская, Вера Лявонцьеўна Юшкевіч, Галіна Уладзіміраўна Кавалёнак, Ніна Мікалаеўна Кунцэвіч і Лілія Уладзіміраўна Рагінская.
Калі ў вёсцы нараджаюцца дзеці, значыць, яна будзе жыць і можа з упэўненасцю глядзець у заўтрашні дзень. Гэтыя словы адносяцца і да Гальшан. Толькі з пачатку года вёска прыбыла яшчэ на шэсць маленькіх жыхароў. Апошнімі зарэгістравалі маленькую Карыну ўжо шматдзетныя бацькі Андрэй і Наталля Загорскія. У 27 гальшанскіх сем’ях падрастае па трое і больш дзетак.
Завяршылася ўрачыстае мерапрыемства гульнёвай праграмай для самых маленькіх удзельнікаў, канцэртам народнага ансамбля народнай песні «Жытніца», а потым усе разам танцавалі пад эстрадныя кампазіцыі ў выкананні Насці Супрановіч, Васіліны Сабалеўскай, Аляксандра Ката, Лілііі Рагінскай, Любові Шчарбаковай, Насці Вінаградавай і Інэсы Смалонскай. Асобныя словы падзякі арганізатары выказваюць спонсару свята — кіраўніцтву СВК «Гальшанскі» за кветкі і падарункі.
Гальшанскай зямлі хочацца пажадаць красаваць, прыгажэць штогод, радавацца новаму дню, а яго жыхарам — светлага лёсу, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.
Алена ШЫДЛОЎСКАЯ.
Фота аўтара.
Больш фотаздымкаў глядзіце тут