На мінулым тыдні ў аблвыканкаме прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам выконваючага абавязкі старшыні Гродзенскага аблвыканкама Івана Жука. Напачатку Іван Алейзавіч праінфармаваў журналістаў рэспубліканскіх, абласных і раённых выданняў аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці ў мінулым годзе, а пасля адказаў на пытанні карэспандэнтаў друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі.
Мы не можам лічыць 2009 год няўдачным, адзначыў Іван Жук. У нялёгкіх умовах на Гродзеншчыне быў забяспечаны эканамічны рост. Таксама мы маем нядрэнныя рэзультаты на ўзроўні другіх рэгіёнаў краіны. На 3,8 працэнта ўзрасла прадукцыйнасць працы, што з’яўляецца лепшым паказчыкам у рэспубліцы. Іван Алейзавіч адзначыў стабільную работу за мінулы год такіх прадпрыемстваў, як “Лідааграпраммаш”, “Лідсельмаш”, Гродзенская тытунёвая фабрыка, гродзенскі, ваўкавыскі, ашмянскі мясакамбінаты, “Молочный мир”.
Апошнім часам значна пашырыліся рынкі збыту мясамалочнай прадукцыі, якая рэалізуецца ў 27 краін свету.
Вобласць прадаўжае займаць высокія пазіцыі па тэмпах развіцця аграпрамысловага комплексу. Упершыню перавышаны пяцітысячны рубеж па надоі малака на адну карову. Па валавым аб’ёме малака прырост склаў 7,7 працэнта ў параўнанні з папярэднім годам. Разам з тым у шэрагу гаспадарак вобласці недастаткова выкарыстоўваўся рэсурсны патэнцыял раслінаводства, мала ўвагі ўдзялялася арганізацыі вырошчвання і адкорму буйной рагатай жывёлы.
У мінулым годзе ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця сяла пераўтворана ў аграгарадкі 44 населеныя пункты вобласці. У бягучым годзе яшчэ 51 вёска будзе мець такі статус. На гэтыя мэты плануецца затраціць 140 мільярдаў рублёў.
Журналістаў цікавіла, якія інвестыцыйныя праекты будуць рэалізоўвацца ў вобласці ў 2010 годзе. Сярод прадпрыемстваў, на мадэрнізацыю якіх будуць выдаткаваны сродкі, — ААТ “Гродна Азот”, “Краснасельскбудматэрыялы”, шчучынскі завод “Аўтапровад”, ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”. Намечана будаўніцтва крухмальнага завода каля Мастоў, фабрыкі па вырошчванні грыбоў і птушкафабрыкі на землях СВК “Капцёўка”.
Шмат увагі ў вобласці будзе ўдзяляцца развіццю фізкультуры і спорту. У гэтым годзе плануецца ўвесці ў строй Лядовы палац у Лідзе.
Узвядзенне спартыўных збудаванняў будзе весціся і ў другіх раёнах. Было закранута пытанне недастатковай падтрымкі спартыўных каманд. Раней спонсарамі іх выступалі прадпрыемствы і арганізацыі. Зараз многія з іх не маюць магчымасці выдаткоўваць сродкі на гэтыя мэты. Існуючая праблема фінансавання каманд будзе разгледжана і вырашана на працягу першага квартала гэтага года, адзначыў Іван Жук.
У бягучым годзе будзе ўзноўлена будаўніцтва Зельвенскай раённай бальніцы. Лідскае телерадыёаб’яднанне плануе ахапіць вяшчаннем усю вобласць. Па словах Івана Алейзавіча, аблвыканкам фінансава падтрымае гэты праект.
Шмат пытанняў было зададзена наконт захавання помнікаў гісторыі і архітэктуры. Сярод іх палацы князёў Друцка-Любецкіх у Шчучыне і Чацвярцінскіх — у Жалудку, Старога замка — у Гродне. На рэканструкцыю гэтых аб’ектаў сродкаў у гэтым годзе выдзелена не будзе. На сённяшні дзень больш важнымі для развіцця турыстычных магчымасцей вобласці з’яўляюцца помнікі архітэктуры, размешчаныя ў Ашмянскім і Астравецкім раёнах, падкрэсліў Іван Жук. І хаця аб адраджэнні іх пакуль гаворка весціся не можа, будуць прымацца меры па недапушчэнні іх разбурэння.
Прадоўжыцца дзяржпадтрымка сельгасарганізацый. Датацыі будуць выдзяляцца на мерапрыемствы па вапнаванні глебы, вывазцы і нарыхтоўцы торфу, на кампенсацыю страт банкаў у сувязі з выдачай ільготных крэдытаў арганізацыям АПК.
Абмяркоўваецца пытанне будаўніцтва смеццеперапрацоўчага завода каля Гродна. На заводзе будзе весціся сарціроўка смецця для атрымання ў далейшым другаснай сыравіны.
Аліна САНЮК.