У гэтым упэўнена Марына МЕЛЬНІКАВА, загадчыца дзяржаўнай установы адукацыі «Яслі-сад №6 г. Ашмяны» — аднаго з чатырох пілотных аб’ектаў з усёй Беларусі, уключаных у рэалізацыю праекта па Праграме развіцця ААН (ПРААН) «Энергаэфектыўнасць у школах», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Садок, які не бачыў капітальнага рамонту з моманту стварэння ў 1989 годзе, стаў аб’ектам, што адпавядае ўсім запатрабаванням рэсурсазберажэння і мае самае сучаснае тэхналагічнае абсталяванне для працы: геліякалектары на даху, мадэрнізаваны басейн, індукцыйную пліту і параканвектамат у харчавым блоку.
Усё пачалося з басейна
Каб атрымаць міжнародную дапамогу, дзеці з садка падрыхтавалі на конкурс праекта ЕС ініцыятыву «Эканомна мы жывём — свет, цяпло мы беражом» і сталі пераможцамі сярод 12 устаноў адукацыі Гродзенскай вобласці. Пры гэтым важкай падставай для выбару сада стала наяўнасць у ім басейна. Менавіта для падагрэву вады ў ім і будуць вырабляць энергію геліякалектары, усталяваныя на даху.
— Напэўна, так распарадзіўся лёс, што мы перамаглі ў гэтым праекце. Нашаму садку даўно была патрэбна рэканструкцыя, і яшчэ да ўдзелу ў праекце мы пачалі рамонт старэнькага басейна за сродкі бюджэту, якіх хапіла, каб памяняць плітку на сценах і падшыць столь, — распавяла Марына Валер’еўна. — Цяпер гэта будзе цудоўны аб’ект з адпаведным тэхналагічным абсталяваннем.
Індукцыйная пліта і геліякалектар
Рэканструкцыя пачалася з канца студзеня 2015 года, і да лета дзеці працягвалі хадзіць у сад. Пакуль мадэрнізаваўся харчовы блок, малым падвозілі ежу з суседняй школы. Цяпер рамонт падыходзіць да канца, завяршаецца праца па пераафарбоўцы ўнутраных сцен і замене драўлянай падлогі, абкладваецца пліткай чаша басейна. Ужо мадэрнізаваны і ўцеплены фасад, заменены вокны і сістэма вентыляцыі, усталяваны геліякалектары.
Ашмянскі садок, пэўна, адзіны, дзе будзе функцыяваць індукцыйная пліта. Пакуль з яе нават не знялі абгортку, але ўжо набылі спецыяльны посуд пад маркай «Кухар», выраблены айчынным смаргонскім прадпрыемствам. Гэтае абсталяванне ўключаецца аўтаматычна, калі на пліту ставіш посуд, і выключаецца, калі яго здымаеш. Параканвектамат спалучае ў сабе некалькі функцый. У ім можна гатаваць на пары, смажыць і тушыць, так што ўласнымі прысмакамі рознага кшталту дзеці будуць забяспечаны.
Усім светам
Можна сказаць, што над пераўтварэннем садка працавалі ўсім светам. Сюды ўкладзена 300 000 беларускіх рублёў (на новыя грошы) з боку Еўрасаюза, амаль столькі ж выдаткавалі мясцовыя ўлады. Далучыліся да мадэрнізацыі і спонсары: бацькі дзяцей і прадпрыемствы горада.
Загадчыца, са свайго боку, унесла некалькі тэхнічных змен у праект, каб зрабіць будынак больш трывалым і прывабным. Першапачаткова адмостка вакол сцен садка павінна была быць асфальта-бетоннай, аднак тут яе выклалі з пліткі, што выглядае больш утульна. Па распараджэнні Марыны Мельнікавай змянілі таксама і памер некаторых вокнаў уваходнай групы.
У чэрвені ў рамках міжнароднага Тыдня ўстойлівай энергетыкі ў Ашмянах прайшоў семінар «Сістэма працы ўстаноў адукацыі ў галіне энерга- і рэсурсазберажэння». У ім удзельнічалі прадстаўнікі трох з чатырох пілотных праектаў ЕС у Беларусі: сярэдняй школы №4 Дзяржынска, ясляў-сада №45 Гродна і ясляў-сада №6 Ашмян (з Віцебскага машынабудаўнічага каледжа, які таксама ўваходзіць у праграму ЕС, нікто прысутнічаць не змог) і прадстаўнікі з Літвы. «Такія сустрэчы дапамагаюць лепш разумець, як працаваць у галіне энергазберажэння, атрымліваць найлепшы вынік ад складанага і разумнага абсталявання і абменьвацца практычным вопытам», — заўважыла гаспадыня мерапрыемства Марына Мельнікава.
Па матэрыялах газеты «Звязда»