За некалькі год бесклапотнага жыцця для малышоў дзіцячы садок становіцца другім домам. За гэты час дзеці вучацца тут чытаць і лічыць, спяваць і танчыць, маляваць і гуляць, мець зносіны з аднагодкамі і сябраваць. Вялікую падзяку і павагу заслугоўваюць работнікі дзіцячага садка — выхавацелі і нянечкі — людзі, якія падчас знаходжання малыша ў садку, як настаўнікі ў школах, становяцца сведкамі станаўлення маленькага чалавека ў асобу.
Напярэдадні свята настаўнікаў, да якіх па праву адносяцца і выхавацелі, мы завіталі ў дзіцячы садок вёскі Семернікі, дзе зараз выхоўваюцца 22 хлопчыка і дзяўчынкі.
Кожны ранак выхаванцы садка спяшаюцца на аўтобус, які забірае іх з далёкіх вёсак у любімы садок. І толькі ў чатырох малышоў ёсць цудоўная магчымасць паспаць на паўгадзіны болей, бо садзік знаходзіцца ў іх весцы. Яшчэ сонныя і нічога не разумеючыя хлопчыкі і дзяўчынкі трапляюць ў ласкавыя рукі загадчыка садка Ірыны Анатольеўны Яковіч, якая суправаджае “сваё роднае” маленства да пункту прызначэння. І ўжо ў садку кожны малыш бяжыць сустракаць і вітацца са сваімі другімі матулямі – выхавацелямі і іх памочнікамі. Маленькія – да Таццяны Анатольеўны Сасноўскай і Ніны Вацлаваўны Канеўка, старэйшыя – да Алены Антонаўны Кропа і Тэрэзы Рышардаўны Варановіч. Жанчыны складаюць дружны калектыў, кожны з яго членаў імкнецца стварыць добры настрой і падараваць шмат радасных пачуццяў выхаванцам. Для дасягнення гэтых мэт работнікі дзіцячага садка робяць многае і абавязкова ўкладваюць у справу часцінку сваей душы.
Педагагічны калектыў шмат працуе для развіцця дзяцей. Выкарыстоўвае пры гэтым сучасныя методыкі работы. Настойлівасць і строгасць, пяшчота і дабрыня – вось прафесійнае і жыццёвае крэда працуючых тут жанчын.
Самае складанае ў прафесіі выхавацеля – знайсці агульную мову з бацькамі. На вялікі жаль, часам гэта бывае найбольш цяжэй, чым падабраць ключык да самага распешчанага дзіцяці. Па гэтай прычыне вялікая ўвага ў садку адводзіцца сустрэчам і размовам з бацькамі выхаванцаў. Патрэбна адзначыць, што палова дзетак тут з шматдзетных сем‘яў. Таму загадчыца садка пастаянна знаёміць матуль і татаў з асаблівасцямі развіцця як малышоў, так і дашкалят, расказвае аб ролі бацькоў ў выхаванні дзіцяці, вучыць правільна будаваць адносіны з сынам або дачкой, дзеліцца педагагічным вопытам. Менавіта такім чынам лягчэй вырашыць узнікаючыя праблемы, атрымаць новыя веды, знайсці выйсце са складанага становішча.
Сярод сапраўдных каштоўнасцей жыцця на першым месцы, безумоўна, здароўе. Гэту ісціну добра разумее педагагічны калектыў садка. Добрай традыцыяй тут сталі спартыўныя святы і вясёлыя спартландыі, у якіх рухомыя і няўрымслівыя дзеці з ахвотай прымаюць удзел. “Наша здароўе знаходзіцца ў нашых руках, таму клапаціцца аб ім патрэбна з маленства,” – гаворыць Ірына Анатольеўна. Рэзультаты – на твар: у гэтым дзіцячым садку паказчык па захворваннях адзін з ніжэйшых у раёне. Такі клопат пра здароўе з маленства дапамагае выхаванцам хутчэй адаптавацца да школы і паспяхова вучыцца.
Работнікі дзіцячага сада – людзі захопленыя і вельмі актыўныя. Без гэтага цяжка працаваць з маленькімі дзеткамі. Выхавацелі імкнуцца стварыць усе ўмовы для таго, каб прывіць маленству пачуццё прыгожага, гармоніі, павагі і любві да роднага краю і мовы. Мамы і таты ўпэўнены, што тут клапоцяцца аб іх малышах так, як і дома. А выхаванцы з нецярплівасцю чакаюць новы ранак, каб зноў апынуцца ў маленькай асабістай “краіне дзяцінства”.
Вераніка ВІШНЕЎСКАЯ.
На здымку: памочніца выхавацеля Н. Канеўка з выхаванцамі малодшай групы.
Фота аўтара.