Лепшыя хлебаробы рэспублікі атрымалі ўзнагароды на “Дажынках-2010”

Главное Культура

Удзельнікаў і гасцей рэспубліканскага свята ўраджаю “Дажынкі-2010”  у мінулыя пятніцу і суботу вітала адноўленая Ліда. У комплекс мерапрыемстваў   па падрыхтоўцы горада  да фестывалю было ўключана больш 220 розных аб’ектаў. Самыя знакавыя з іх – жамчужына Ліды – замак Гедыміна, плошча перад Палацам культуры і, безумоўна, Лядовы палац, футбольны стадыён і зал гульнявых відаў спорту, якія выраслі, можна сказаць, у чыстым полі. За кароткі тэрмін  горад з амаль сямісотгадовым узростам стаў яшчэ больш маладым і прывабным. Ён прыбраўся, каб дастойна  сустрэць галоўных віноўнікаў урачыстасці – хлебаробаў і ўсіх, хто працуе ў аграпрамысловым комплексе, хто гераічна вырошчваў і збіраў  ўраджай пад пякучым сонцам, адвозіў яго з  палёў на элеватар, дапрацоўваў на зернесушыльных комплексах, нарыхтоўваў кармы.

Свята пачалося ўрачыстым шэсцем яго ганаровых гасцей – дэлегацый з усіх абласцей рэспублікі.  Святочную калону ўзначалілі юныя барабаншчыцы, якія задавалі адпаведны  парадны рытм  і ўзнёслы настрой  дзеі, што праходзіла на цэнтральнай вуліцы горада.     Дзяўчаты ў беларускіх нацыянальных строях неслі караваі з мукі новага ўраджаю і ўпрыгожаныя стужкамі снапы збожжа. На “жыгулях”   “ехаў” неймавернай прыгажосці і велічнасці каравай – сімвал дажынак. У гэтым годзе ён атрымаўся    важкім і  разам з тым  нялёгкім, бо хлебаробам краіны прыйшлося працаваць у вельмі складаных пагодных   умовах.  Між іншым валавы збор зерня дасягнуў амаль сямі з паловай  мільёнаў тон. Кожная вобласць унесла свой дастойны ўклад у гэты рэзультат.

Лепшых з лепшых прадстаўнікоў аграпрамысловага комплексу  віталі на вуліцах горада лідчане і госці  фестывалю. Святочная калона накіравалася да галоўнай сцэны “Дажынак”, дзе  прадоўжылася свята.  Хлебаробы рэспублікі  прымалі віншаванні ад намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, старшыні аргкамітэта па правядзенні Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу Івана Бамбізы і Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання  Рэспублікі Беларусь Міхаіла  Русага.

— Віншую ўсіх хлебаробаў з іх заслужаным святам, жадаю моцнага здароўя, удачы, сямейнага дабрабыту, — выказаў у сваім віншаванні Іван Бамбіза. – Словы падзякі адрасую ўсім, хто сваёй працай унёс дастойны ўклад у агульнарэспубліканскі каравай і стварэнне моцнай кармавой базы. Дзякуй усім, хто працаваў на сёлетні ўраджай, забяспечваў бесперабойную работу ўсяго ўборачнага канвееру.

Затым адбылася цырымонія ўручэння другіх і трэціх прэмій пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы ўраджаю 2010 году. Гэтага моманту чакала з нецярпеннем, бо  ў ліку маладых пераможцаў-вадзіцеляў значыўся  Міхаіл Абрамовіч з СПК імя Кляцкова.  Ён усяго толькі паўтара года працуе ў сельскагаспадарчым кааператыве, аднак сваёй нястомнай  працай  змог даказаць, што перавесці на элеватар 2200 тон зерня магчыма, галоўнае жаданне і адказныя адносіны да даручанай справы.

Малады вадзіцель родам з Кальчун. Нядаўна ён разам з жонкай і трохгадовай дачушкай  засяліўся ў новы ўтульны домік,  які сям’і выдзеліла кіраўніцтва гаспадаркі. Па выніках спаборніцтва  сярод маладых вадзіцеляў у раёне Міхаіл заняў першае месца, а ў вобласці стаў трэцім. Стоячы на сцэне  рэспубліканскага фестывалю,  ён хваляваўся.

— Мяне перапаўняў гонар за тое, што я на рэспубліканскай сцэне прадстаўляю свой Ашмянскі раён і нашу вобласць, — прызнаўся Міхаіл Абрамовіч. – Не паверыце, нават слёзы на вочы навярнуліся, калі назвалі наш раён і атрымліваў узнагароду з рук міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіла Русага.

Перамога Міхаіла   стала перамогай усяго раёна.   У цэлым хлебаробы Ашмяншчыны сёлета  сабралі 51300 тон збожжа пры ўраджайнасці 30,2 цэнтнера з гектара. Дзяржаве прададзена 8105 тон. Гэты  рэзультат  складаецца з працы ўсіх аграрыяў ашмянскай зямлі, на  нястомных руках якіх і трымаецца наш раён.  Гонарам нашым з’яўляецца моладзь, якая стала дастойнай зменай людзям сталага ўзросту, што перадаюць любоў да роднай зямлі сваім дзецям і ўнукам.

У гэты дзень Міхаіл Абрамовіч прымаў таксама віншаванні ад дэлегацыі Ашмянскага  раёна, якую ўзначальваў старшыня райвыканкама Юрый Адамчык, ад начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіла Валчэцкага і старшыні СВК імя Кляцкова Сяргея Чудзілоўскага.

Для хлебаробаў рэспублікі свае лепшыя музычныя нумары выканалі  мастацкія калектывы краіны.  Ім быў прысвечаны гала-канцэрт “Майстры мастацтваў – працаўнікам вёскі”, што адбыўся адразу пасля цырымоніі ўзнагароджвання. А вечарам у іх гонар “прагрымеў” святочны феерверк-салют, які расквеціўся сотнямі яркіх агеньчыкаў у святочным небе над Лідай.

Аліна САНЮК.

(Працяг  святочнага рэпартажу з рэспубліканскага свята “Дажынкі-2010” чытайце ў наступным нумары газеты).

Фота аўтара.



Теги:

1 комментарий по теме “Лепшыя хлебаробы рэспублікі атрымалі ўзнагароды на “Дажынках-2010”

  1. А дзе працяг на сайце? Штосьці не знайду…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *