Ад родных ніў, ад роднай хаты…

Главное

Вялікія Вайшнарышкі і на самой справе вялікая вёска. Праўда, з кожным годам усё больш становіцца  тут  пустых  хат, усё менш чуцен дзіцячы залівісты смех, а замест зухаватых агародчыкаў з вяргінямі і астрамі ўсё больш трапляюцца непраходныя зараснікі. Адной з самых   вострых прыкмет адмірання  гэтага населенага пункта  стала закрыццё школы. Вось ужо чатыры гады, як вайшнарышскіх дзяцей падвозіць  аўтобус у Граўжышкі і Гальшаны.  Граўжышкі знаходзяцца за сем кіламетраў, Гальшаны – за дзевяць, і вучні маюць права выбару. А  школа  да гэтага часу стаіць у пачатку вёскі, непадалёку ад адзінага грамадскага  будынка, сведкі ўсіх пераўтварэнняў, што  адбываліся тут, – крамы.

Амаль усё жыццё  выкладала ў гэтай школе дзецям родную мову Ядзвіга Іосіфаўна  Чаплінская.  Ураджэнка гэтых мясцін (нарадзілася  ў вёсцы Падгаі), яна з вялікім шкадаваннем і болем ставіцца да ўсіх  працэсаў, што адбываюцца на сяле, спрабуе знайсці адказ на пытанні,  рашэнне якіх, на жаль,  ніколі не будзе станоўчым,  таму што ніхто не ўдыхне новае жыццё ў маленькія  нашы вёсачкі.  Яна гэта добра разумее, аднак у душы спадзяецца  на нейкі цуд.

— Быў час, калі школы адкрываліся,  — успамінае  Ядзвіга Іосіфаўна. – Дзесяцігодку я заканчвала  ў Гальшанах. Тады школа яшчэ пахла свежай фарбай. Першыя працоўныя крокі рабіла ў Клявіцкай базавай школе, таксама толькі што ўзведзенай. А вось сёлета яе напаткаў такі ж незайздросны лёс – яна закрылася.  Калісьці і ў Вайшнарышках вучылася пад 160 дзяцей.  Не магу глядзець, як гіне вёска, бо без яе наша краіна, як без каранёў. Вёска – гэта нашы традыцыі і абрады, бо яна бліжэй да зямлі, да нашых лугоў і траваў. Горад – зусім не тое.  Моладзь імкнецца ў гарады. Зразумела, там жыццё лягчэйшае. А хто зробіць лягчэйшым жыццё на вёсцы, каб і тут было добра людзям, каб яны маглі не толькі працаваць, але і адпачываць як след?

Зразумелы боль настаўніцы, бо яна ўсё жыццё несла сваім вучням любоў да роднай зямлі,   выхоўвала павагу да людзей, якія штодзённай нялёгкай  працай праслаўлялі вёску і ўшаноўвалі традыцыі сваіх продкаў.  Ядзвіга Іосіфаўна  таксама ўвесь час жыве на вёсцы. Была магчымасць працаваць у горадзе, але яна збаялася вялікай гарадской школы, дый, напэўна, не моцна  гэтага хацела.

Пасля заканчэння школы Ядзвіга спрабавала паступіць у медыцынскі, аднак не прайшла па конкурсу. Вырашыла пайсці  ў педагагічны інстытут.  Спачатку маладая настаўніца два гады працавала ў Клявіцкай школе, а затым – у Вайшнарышскай. Тут яна сустрэлася са сваім аднакласнікам Войцехам, з якім вучылася ў Граўжышкоўскай школе. Ён пасля заканчэння Ашмянскага сельгастэхнікума ўжо адслужыў у арміі – на Паўночным флоце і ўладкаваўся на працу  ў калгас “Перамога”.  Яшчэ ў школе запала яму ў душу гэта дзяўчына — сур’ёзная, адказная, старанная, прыгожая.

У класе, дзе яны вучыліся, было сем дзяўчат і сем хлопцаў, кожнаму па пары. Аднак асаблівай увагі на Войцеха Ядзвіга не зварочвала. За адной партай яна сядзела з Іванам Раманоўскім, былым упраўляючым аддзялення  Белаграпрамбанка. Толькі час ўсё расставіў па сваіх месцах. Як успамінае Войцех Пятровіч, хадзілі ў школу з хлопцамі на вечары, там і зблізіўся з аднакласніцай- настаўніцай.

Сёлета 35 год будзе, як яны ажаніліся. Дом у Вайшнарышках, у якім яны зараз жывуць, застаўся ад радні, што пераехала ў Польшчу. Яны яго паднялі, абклалі цэглай, добраўпарадкавалі тэрыторыю. Затым перавезлі бацькоў Ядзвігі Іосіфаўны. У гэтым доме ніколі не было сварак. Ніхто не чуў тут благіх слоў.  Пакуль маладыя былі на працы, за хатняй гаспадаркай глядзела маці.   А гаспадарка была немалой, аднак Чаплінскія ніколі не цураліся работы. Войцех Пятровіч дваццаць пяць год працаваў загадчыкам мясцовай фермы. Летам дапамагаў на жніве. Паспяваў ён і дома ўпраўляцца.  Жонцы адводзілася жаночая справа: гадаваць дзвюх дачушак, падтрымліваць утульнасць у хаце. Хапала Ядзвізе Іосіфаўне і педагагічнай работы, вядома ж, настаўніца беларускай мовы —  адны сшыткі чаго вартыя! Ад маці ў спадчыну перайшло да яе ўменне вышываць і вязаць. Кожную вольную хвіліну яна займалася рукадзеллем. І сёння яе хата падобная на сапраўдны музей народнай творчасці. Тут і распісаны бабулін куфар, і тканыя і вышываныя посцілкі, што засталіся ад маці, і саламяныя кветкі. Захавалася ў гаспадыні накрыўка, якую яна вышыла яшчэ ў шостым класе. Усе навалачкі на падушках таксама расшытыя рознакаляровымі кветкамі. Аднак найбольш уражваюць сёння яе вышываныя крыжыкам карціны. Кожная з іх мае сваю назву. Мне ж больш падабаюцца калядныя зімовыя матывы ў строгіх сініх адценнях. Хаця не менш прыцягваюць увагу карціны з выявамі касцёла святых Сымона і Алены, што ў Мінску, і  восеньскі пейзаж. У класічную тэхніку вышыўкі майстрыха дадала бісеру, што зрабіла работы больш яркімі і прывабнымі. Яны надаюць  дому надзвычайную ўтульнасць і гасціннасць. Ды і самі гаспадары заўсёды рады гасцям. Нават і нас яны сустрэлі  хлебам-соллю і прывітальным беларускім вершам.

Госць у доме – гэта свята. Свята ўдвайне, калі прыязджаюць дзеці. Старэйшая Наташа жыве з сям’ёй у Мінску, працуе мадэльерам у адным са сталічных атэлье, апранае  мінскіх модніц у шыкоўныя футры. Часта гасцююць у бабулі з дзядулем унукі Уладзік і Паліна. Вось і гэтым летам яны адпачываюць на вёсцы: ходзяць з мясцовай дзятвой на сажалку, прыдумваюць розныя гульні, дапамагаюць па гаспадарцы.  У Гальшанах  жыве малодшая дачка Лена, якая працуе ў мясцовым сельгаскааператыве галоўным эканамістам. У гэтым годзе ў яе сям’і важная падзея – сын Максім пойдзе ў першы клас.

Такая  падзея значная і для бабулі. Напэўна, у сувязі з гэтым яна напіша свой чарговы верш. Ядзвіга Іосіфаўна шмат напісала паэтычных прысвячэнняў. Сваім дзецям і ўнукам, маці, але найбольш — роднай зямлі, якая надзяліла яе талентам складаць вершы, дала залатыя рукі і надзвычай добрае сэрца, здольнае, нягледзячы ні на што, любіць, дарыць цяпло, верыць і спадзявацца толькі на лепшае.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *