Канцэрты зорных гасцей у нашым горадзе здараюцца нячаста. Мінулы тыдзень вызначыўся прыездам гурту з гучнай назвай. Ашмянцы сустракалі славутых “Песняроў”.
Канцэрт, прысвечаны 75-годдзю Уладзіміра Мулявіна, адбыўся ў пятніцу ў канферэнц-зале Дома Саветаў. Заснежаны сакавіцкі вечар быў сагрэты цёплай атмасферай імпрэзы.
Амаль паўтары гадзіны канцэрта праляцелі незаўважна. За гэты час прагучалі і славутая “Спадчына”, і вядомая “Чырвоная ружа”, і шчымлівая “Купалінка”. Зала хорам падпявала “Вологду”, “Касіў Ясь канюшыну” і іншыя шлягеры. Жартоўныя песні, такія, як “Ходзіць Ваня”, былі выкананы з усмешкай, але без блюзнерства і крыўляння. Дарэчы, кожны ўдзельнік “Песняроў” умее спяваць і паасобку, і супольна. Гэта пацвердзіла выдатнае выкананне вакальнай версіі “Паланэзу Агінскага” цалкам без музычнага суправаджэння, прысвечанай Майстру. Прагучала і зусім “непесняроўская”, але надзвычай кранальная песня “Старый клён”.
Публіку паступова знаёмілі з кожным удзельнікам ансамбля: песні былі падабраны адмыслова так, каб раскрыць здольнасці кожнага саліста. Цудоўны вакал Артура Міхайлава, клавішы музычнага кіраўніка Рамана Козырава, бас-гітара Сяргея Байка, барабаны Юрыя Тураўца, гітара Алега Жалезнякова і клавішы Вячаслава Шарапава, не кажучы пра сапраўдную зорку новых “Песняроў” мультыінструменталіста Аляксандра Жыха, раскрылі гаму музычных талентаў. Але ўсё было б дарма, каб гукарэжысёр калектыву Дзяніс Грыдзін не наладзіў выдатны гук.
Пачуцці ад выступлення трошкі супярэчлівыя. Вядома, з усіх сучасных удзельнікаў непасрэдна знаёмы з Майстрам хіба што адзін Вячаслаў Шарапаў, які супрацоўнічаў з калектывам як кампазітар і паэт, цяпер ён мастацкі кіраўнік ансамбля. Пры гэтым падабенства гуку, галасоў было відавочным. І ізноў жа, сказаць, што на сцэне быў “клон” ВІА 70-х, таксама нельга. На сцэне былі, кажучы мовай праграмістаў, “Песняры 2.0”. Гэта быў калектыў, які выконваў якасныя кавер-версіі шлягераў мінулага і не менш якасныя новыя песні, калектыў самабытны, асаблівы і таленавіты ва ўсіх сэнсах. Сцэнічная культура, выканаўчае майстэрства, характэрны “песняроўскі” гук, артыстызм – усё сведчыла на карысць таго, што новыя “Песняры” склаліся як самастойны гурт. Мяркую, Уладзіміру Георгіевічу было б прыемна пачуць і пабачыць сваіх спадкаемцаў.
Абнаўленне “Песняроў” адбілася і на амбіцыях калектыву: артысты паспрабавалі трапіць на конкурс “Еўрабачанне”. І, нягледзячы на няўдачу, музыканты не збіраюцца адступаць, актыўна гастралююць. У кароткім інтэрв’ю гітарыст і вакаліст Алег Жалезнякоў зазначыў, што ў рэпертуары ансамбля багата новых песень, выйшлі два альбомы, і магчымасці гурту дазваляюць штогод выпускаць новыя і новыя дыскі. Пра ўнутраны лад работы саліст выказаўся так: ад кожнага ўдзельніка, нягледзячы на таленты і здольнасці, патрабуецца дысцыпліна і пунктуальнасць. “Не паспеў на аўтобус – чакаць не будуць, хоць пехам, а даганяй”, – напаўжартам заўважыў ён. Таксама Алег Жалезнякоў аддаў належнае ашмянскай публіцы, падкрэсліўшы, што Ашмяны ў гастрольным графіку артыстаў не на апошнім месцы. Наогул беларускі слухач звычайна да творчасці “Песняроў” ставіцца з прыхільнасцю, выхаваны і ветлівы, у адрозненне, напрыклад, ад сучаснай расійскай аўдыторыі.
Поспехам артыста можна лічыць нежаданне гледачоў разыходзіцца пасля канцэрта. І новым “Песнярам” гэта ўдалося: удзячныя слухачы не хацелі адпускаць гасцей са сцэны. Пачуцці, як бачым, былі ўзаемныя.
Дзмітрый РАДКЕВІЧ.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.