Традыцыйным стаў удзел музыкантаў дзіцячай школы мастацтваў у міжепархіяльным фестывалі-конкурсе праваслаўных песнапенняў «Хвала на вышынях Богу». Чацвёрты год запар хор “Сугучча” займае толькі прызавыя месцы, а ў гэтым годзе атрымаў дыплом лаўрэата.
Пасля паспяховага адборачнага этапу сярод харавых калектываў Ашмянскага, Астравецкага і Смаргонскага раёнаў, хор старэйшых класаў “Сугучча” выступіў на сцэне XI міжепархіяльнага фестывалю-конкурсу праваслаўных песнапенняў «Хвала на вышынях Богу» ў Лідзе. Сёлета разам з ашмянцамі на фестывальнай сцэне выступалі дзіцячыя і дарослыя, царкоўныя і свецкія харавыя калектывы, вакальныя ансамблі, а таксама вакалісты.
У гэтым годзе юныя таленты выконвалі творы “Благослави, душе, моя Господа” і калядку “Ночь тиха” a capella, якія прыйшліся даспадобы гледачам і членам журы.
Пад кіраўніцтвам вопытнага педагога Ганны Эдуардаўны Буйко харавы калектыў існуе больш шасці гадоў. За час існавання хор “Сугучча” прадстаўляў сваю творчасць на конкурсах і мерапрыемствах, дзе высока ацэньвалі іх бездакорны вакал і ўменне трымацца на сцэне. Спыняцца на дасягнутым кіраўнік са сваімі выхаванцамі не збіраецца — у планах калектыва атрыманне звання “узорны”, выступленні на міжнародны конкурсе сучаснага мастацтва Аvanti і фестывалі-конкурсе нацыянальнай музыкі “Рэха”, якія пройдуць у красавіку.
Кацярына РУДЗІК.