Выставу “Водар Радзімы” можна наведаць у Ашмянскім краязнаўчым музеі

Год культуры в Ошмянском районе Культура

Ціхаплынныя рэкі, блакітныя азёры, шумныя дубровы, звонкія крыніцы – так і вабіць да сябе прыгажосць роднага краю. Аднак галоўным скарбам нашай краіны з’яўляюцца добрыя, гасцінныя таленавітыя людзі. Наша зямля падарыла свету шмат выдатных творцаў, якія ўслаўляюць наш край далёка за яе межамі…Імя жывапісца, мастака, скульптара Алега Драбышэўскага дала свету гудагайская зямля. Яго выстава “Водар Радзімы”, прысвечаная Году культуры, працягнецца да сярэдзіны сакавіка ў краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча.

IMG_0543

На ўрачыстае адкрыццё сабралася шмат неабыякавых да мастацтва людзей. Сярод іх — намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Галіна Люткоўская, вучні і настаўнікі СШ №1, СШ №3, Кальчунскай сярэдняй школы, школы-інтэрната. Самадзейныя мастакі, сябры музея – Уладзімір Бізюк, Вольга Банэль, Святлана Сярпейка, Лідзія Дзедушкевіч. З непаддзельным захапленнем разглядалі карціны вучні дзіцячай школы мастацтваў разам са сваім выкладчыкам Валерыем Ганевічам.

Глядзіш на карціны Алега Драбышэўскага – і перад вачыма паўстаюць такія знаёмыя з дзяцінства пейзажы, якія мы калісьці бачылі. Яны, поўныя цеплыні і спакою, клічуць нас туды, дзе бываў сам аўтар.

IMG_0502

Многія наведвальнікі пазналі на карцінах ваколіцы Астравеччыны, Смаргоншчыны, Гродзеншчыны, Магілёўшчыны… Пра кожную сваю карціну Алег Драбышэўскі можа расказваць вельмі доўга: дзе і як яна пісалася, што натхніла, з якімі людзьмі ці падзеямі звязаны той ці іншы сюжэт карціны.

Вядучыя мерапрыемства  —  навуковыя супрацоўнікі музея  Ірына Бусловіч і Вольга Вінцаловіч  — пазнаёмілі прысутных з жыццёвым і творчым шляхам галоўнага героя сустрэчы. Нарадзіўся Алег Драбышэўскі ў пасёлку Гудагай Астравецкага раёна, які ён увекавечыў у карціне “Родны кут. Гудагай. Табарышкі”. “Убачанае мне напомніла і мой хутарок, дзе п’яніў прылясны чабарок і маленства гартала мне кніжкі”, – такія радкі напісала Таісія Трафімава, стоячы каля гэтага палатна.

IMG_0514IMG_0517

Працаваць мастаком і ўдзельнічаць у выставах А. Драбышэўскі пачаў з 1970 года. Яго творы экспануюцца ў Беларусі і за мяжой, знаходзяцца ў музеях, прыватных калекцыях шматлікіх краін свету. У краязнаўчым музеі ў пасёлку Гудагай размешчана экспазіцыя матэрыялаў пра мастака.

Выставы сваіх твораў А. Драбышэўскі ладзіць не толькі ў гарадах, але і ў пасёлках, і вёсках Беларусі. Вялікі поспех мелі яго персанальныя выставы ў Астраўцы, Маладзечне, Заслаўі, Рымдзюнах, Глыбокім, Мядзелі, Варнянах, Гудагаі, Пінску, Оршы, Барысаве, Смаргоні, Віцебску, Мінску.

Карціны  Алега Драбышэўскага вабяць сваёй прастатой і ў той жа час перадаюць шчыры ўнутраны свет мастака. Спецыялісты, аматары жывапісу характарызуюць творчасць Алега Драбышэўскага як “прасветлена-чыстае мастацтва”. Яго пейзажы – “палотны, што ствараюцца з Божай дапамогай ад душы і сэрца, з матэрыяльных каштоўнасцей яны ператвараюцца ў сапраўды духоўныя, выклікаючы пачуццё дабра, святла, любові”.

IMG_0541

Увогуле, біяграфію творцы можна прасачыць па яго палотнах… На выставе ёсць пейзажы Астравеччыны, дзе нарадзіўся і вырас мастак, пейзажы Віцебшчыны і Магілёўшчыны, дзе нарадзіліся яго бацькі.

Словы падзякі падчас адкрыцця выставы гучалі ад супрацоўнікаў музея, аднакурсніцы мастака Лідзіі Гайсёнак, гасцей мерапрыемства, а школьнікі Рэгіна Юзэпчук і Ангеліна Шэлест прачыталі вершы, прысвечаныя творчасці Алега Драбышэўскага. Музычныя падарункі прадставілі работнікі культуры — Таццяна Чэрская, Аляксандр Пашкоўскі і Марына Горыд.

Дзякуючы такім мастакам, родныя мясціны, шчаслівыя імгненні жыцця застынуць назаўсёды на палотнах, каб падарыць нам часцінку дабрыні, святла і любові, якіх так не хапае ў паўсядзённым жыцці. Няхай падарожжа па Радзіме не было такім доўгім, як хацелася б, але яно запомніцца на ўсё жыццё і падорыць натхненне будучым вялікім мастакам.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *