2016 год у Беларусі аб’яўлены Годам культуры. У сувязі з гэтым у школе-інтэрнаце запланаваны цэлы комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на эстэтычнае выхаванне: наведванне музеяў, выстаў, удзел у канцэртах і конкурсах, сустрэчы з мастакамі, пісьменнікамі, акцёрамі, знаёмства з культурна-гістарычнымі мясцінамi нашага краю.
Яшчэ ў мінулым годзе ўзорны дзіцячы хор “Пралескі” атрымаў запрашэнне прыняць удзел у канцэрце, прысвечаным 70-годдзю народнага артыста Беларусі, кавалера ордэна Францыска Скарыны, першага намесніка старшыні Саюза беларускіх кампазітараў Эдуарда Зарыцкага. Амаль год хор школы-інтэрната рыхтаваўся да такой значнай падзеі.
I вось днямі ўзорны дзіцячы хор “Пралескі” прыняў удзел у канцэрце-прэм’еры “Беларусь – ты мой сон Велікодны”, які прайшоў на сцэне Вялікай канцэртнай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніi.
У гэтым канцэрце хор нашай школы ўдзельнiчаў разам з узорнымі дзіцячымі калектывамі г. Мінска, музычнымі школамі мастацтваў, лаўрэатамі міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідента Рэспублікі Беларусь.
Пад кіраўніцтвам дырыжора Вольгі Пятроўны Емяльянавай і канцэртмайстра Марыны Канстанцінаўны Хадаровіч хор школы-iнтэрната выканаў дзве песні на музыку Эдуарда Зарыцкага: “Не можа сэрца жыць без Беларусі” і “Набат тишины” .
Выступаць перад аўтарам – вельмі адказна. Хор “Пралескі” справіўся з гэтым на выдатна. Эдуард Зарыцкі падзякаваў харавому калектыву школы-інтэрната за “шчырае, цёплае і такое душэўнае” выкананне яго твораў. Да слоў кампазітара далучылася яго дачка Ліна Зарыцкая, выдатная піяністка, якая выступае з канцэртамі ў Беларусі і замежжы.
Але самае галоўнае – гэта тое, што даюць такія выступленні для выхаванцаў школы-інтэрната. Назіраючы за імі перад канцэртам, было бачна, як яны хвалююцца, з якой адказнасцю ставяцца да такой важнай падзеі. Седзячы ў канцэртнай зале, я не пазнавала нашых дзяцей на сцэне і ў чарговы раз упэўнівалася ў тым, якое вялікае ўздзеянне аказвае музыка на чалавека і якую важную ролю яна адыгрывае ў станаўленні асобы дзіцяці.
Пасля выступлення юныя артысты занялі месцы ў канцэртнай зале. Яны з цікавасцю слухалі сваіх сяброў па сцэне і ўжо як сапраўдныя прафесіяналы дзяліліся ўражаннямі.
А па дарозе дамоў дзеці абмяркоўвалі дэталі чарговага выступлення ў Мінску. Справа ў тым, што 13 сакавіка ўзорны дзіцячы хор “Пралескі” дасць канцэрт у Малой канцэртнай зале “Белдзяржфілармоніі”. Хор выканае 14 твораў. Спадзяёмся, што чарговае выступленне творчага калектыву школы-інтэрната пройдзе на такім жа высокім узроўні.
Аліна СВІРБУТОВІЧ, настаўнік школы-інтэрната.