Радаўніца. З надзеяй на вечнае жыццё

Марта Богданович

Гэта сітуацыя здарылася каля месяца таму. У той вечар я вярталася са сталіцы. Настрой быў прыўзняты – усе справы атрымалася ўпарадкаваць. Ды і вясновая прырода радавала гармоніяй і хараством. Няспешна змяняліся краявіды, а па шашы імчалі аўтамабілі, ствараючы асаблівы дынамізм. Здавалася, што той прыгожы вечар нішто не зможа азмрочыць.

Праз некалькі кіламетраў няспешнай язды заўважыла аўтамабіль ДАІ, хуткую дапамогу і яшчэ некалькі машын. “Напэўна, здарылася ДТЗ”,- такая думка раптоўна мільганула ў галаве. І я не памылілася. Асфальт быў усланы дробнымі кавалачкамі шкла. Супрацоўнікі аўтаінспекцыі працавалі на месцы здарэння. А крыху далей на асфальце ляжаў распластаны чалавек, побач з якім знаходзіліся фрагменты ад мапеда. Жахлівыя прыкметы ўказвалі на тое, што кіроўца загінуў. Ужо на наступны дзень з навінаў даведалася, што маладому чалавеку, які кіраваў мапедам, было крыху больш за трыццаць год. Едучы па справах, мужчына наўрад ці думаў пра смерць.

Усе мы смяротныя – гэта аксіёма, якую часам складана прыняць і ўсвядоміць. Жыццёвы шлях кожнага калісьці скончыцца. Многія людзі ўспрымаюць гэтую навіну з сумам і тугой. І гэта зразумела – у адзін момант неабходна развітацца са сваімі роднымі, пакінуць дом. Аднак хрысціяне глядзяць на гэту акалічнасць праз прызму веры. Яны ведаюць, што ў чалавека акрамя цела, якое падвяргаецца тленню, ёсць несмяротная душа. Клапаціцца пра яе кожны павінен яшчэ пры жыцці.

На дзявяты дзень пасля Вялікадня зазвычай праваслаўныя адзначаюць Радаўніцу. Ёсць адпаведны ўспамін і ў каталіцкай традыцыі, які адзначаецца першага лістапада. Дзень памінання памерлых продкаў дае магчымасць абстрагавацца ад быту і штодзённай мітусні, прыйсці на могілкі, пабыць разам з тымі, каго даўно няма фізічна побач, пераасэнсаваць уласнае жыццё.

Нашы продкі, якія адышлі ў вечнасць, зрабілі шмат для выхавання кожнага з нас. Праз прыклад добрага хрысціянскага і грамадзянскага жыцця яны вучылі спагадзе, чуласці, працалюбству, адказнасці. Тыя маленькія ўрокі застаюцца ў памяці на ўсё жыццё. І сёння памятаю ўрокі дабрыні і маралі ад сваёй бабулі. Яна сцвярджала, што Бог заўсёды бачыць нашы ўчынкі і дзеянні. З цягам часу гэта думка трывала ўкаранілася ў маёй свядомасці. І сёння з усмешкай прыгадваю момант з дзяцінства, калі бабуліна выхаванне спрацавала. Аднойчы сяброўка запрасіла мяне на шпацыр. Мы вырашылі пайсці ў жыта. У гэты час там раслі блакітнавокія васількі. Мы пачалі збіраць кветкі і фарміраваць букеты. У нейкі момант яна дастала з кішэні цыгарэты і запалкі. Пасля чаго прапанавала схавацца і паспрабаваць закурыць. На той момант мне было восем год, сяброўка была на два гады старэйшая. Раптоўна ў галаве з’явіўся вобраз бабулі з лёгкімі зморшынкамі на ілбе, а праз хвіліну прыгадалася навука аб тым, што Бог бачыць нас усюды. І схавацца ад яго не атрымаецца нідзе. Нават у густым і непралазным жыце. Ад прапановы сяброўкі я адмовілася.

Урокі бабулі я памятаю і сёння, хоць яе няма побач ужо працяглы час. Прыгадваючы яе дабрыню, шчырасць, разумею, што чалавек жыве і пасля смерці – у добрых справах, грунтоўным выхаванні, у сваіх нашчадках. Нават перайшоўшы нябачную мяжу, ён застаецца ў памяці і сэрцы сваіх дзяцей і ўнукаў. Яго па-ранейшаму шануюць і любяць, прыгадваюць у малітвах і шчырых размовах.

Сімвалічным з’яўляецца той факт, што Радаўніца адзначаецца менавіта вясной, амаль адразу пасля велікодных свят. Гэта падкрэслівае сакральны сэнс гэтага дня, дае надзею на вечнае жыццё і сустрэчу з блізкімі сэрцу людзьмі.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *