У Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Ф.К. Багушэвіча сярод архіўных дакументаў, лістоў, успамінаў знаходзіцца фотаздымак гвардыі старшага сяржанта Пятра Іосіфавіча Сушчэўскага, які ён паслаў сваячцы Марусі ў Дзень Перамогі над фашысцкай Германіяй. Фотаздымак пажоўк ад часу. На картцы — малады мужчына ў ваеннай гімнасцёрцы, на грудзях – тры ўзнагароды. З адваротнага боку фотаздымка пазначана дата – 9 мая 1945 года. Здымак перадалі ў музей родныя Пятра Сушчэўскага, аднак звестак пра яго было няшмат. Пошукі прывялі супрацоўнікаў музея на інфармацыйныя інтэрнэт-рэсурсы “Памяць народа” і “Подзвіг”. Там пашанцавала знайсці некаторыя біяграфічныя звесткі пра былога байца і ўзнагародныя лісты. Такім чынам адкрылася яшчэ адна са шматлікіх гісторый Вялікай Перамогі.
Пётр Сушчэўскі нарадзіўся ў 1915 годзе. У армію быў прызваны Чашніцкім раённым ваенкаматам Віцебскай вобласці 25 чэрвеня 1941-га. Служыў артылерыйскім майстрам гарматнай майстэрні 230-га гвардыі стралковага ордэна Кутузава палка 80-й гвардыі стралковай Уманскай ордэна Суворава дывізіі. З 10.04.1942 па 20.08.1942 ваяваў на Заходнім фронце, з 23.08.1942 па 02.02.1943 – на Сталінградскім і Данскім франтах, з 15.08.1943 па 20.11.1944 – на Варонежскім і 2-м Украінскім франтах, з 20.11.1944 – на 3-м Беларускім фронце.
Быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума медалямі “За адвагу”, медалямі “За абарону Сталінграда”, “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”.
Пры фарсіраванні Дняпра 6 кастрычніка 1943 года ў накірунку горада Новагеоргіеўск Кіраваградскай вобласці Пётр Сушчэўскі з першым эшалонам пераправіўся на правы бераг і ў першым баі адрамантаваў два станкавыя кулямёты, якія выйшлі са строю. Падчас атак ворага 6 і 7 кастрычніка 1943 года былі выведзены са строю дзве супрацьтанкавыя гарматы. Пётр Сушчэўскі ўзяўся за рамонт гармат на полі бою і праз дзве-тры гадзіны адрамантаваў іх, чым забяспечыў поспех у адбіцці контратакаў ворага. У гэтым жа баі Сушчэўскі пад ураганным кулямётным і мінамётным агнём немцаў на працягу гадзіны адрамантаваў тры станкавыя кулямёты. Пры адбіцці контратак ля вёскі Нова-Лінава Новагеоргіеўскага раёна Кіраваградскай вобласці Пётр Сушчэўскі адрамантаваў на полі бою два ручныя кулямёты, тры аўтаматы, станкавы кулямёт. У час наступлення палка Сушчэўскі прымаў меры па рамонце і аднаўленні зброі. За гэтыя гераічныя ўчынкі 24 лістапада 1943 года быў узнагароджаны першым медалём “За адвагу”.
19 жніўня 1944 года ў раёне вёскі Рэдзень Малдаўскай ССР падчас атакі ворага асколкамі снарада была выведзена са строю супрацьтанкавая гармата. Пад моцным агнём ворага Пётр Сушчэўскі дабраўся да пашкоджанай тэхнікі і прыступіў да рамонту на агнявой пазіцыі. Праз 20 хвілін гармата зноў вяла агонь па ворагу.13 кастрычніка 1944 года ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Пётр Сушчэўскі быў узнагароджаны другім медалём “За адвагу”.
У баях за горад Секешфехервар (Венгрыя) 18.03.1945 падчас контратакі ворага снарадам была выведзена са строю 45-міліметровая гармата 1-га батальёна. Пётр Сушчэўскі, праяўляючы смеласць і мужнасць, пад артылерыйскім і мінамётным агнём ворага адшукаў на полі бою патрэбную дэталь і непасрэдна на агнявой пазіцыі хутка замяніў пашкоджаную дэталь гарматы. Затым адказалі дзве 76-міліметровыя гарматы батарэі. Сушчэўскі адрамантаваў і іх, не здымаючы з агнявых пазіцый.
19 сакавіка 1945 года баец падчас бою адрамантаваў 120-міліметровы мінамёт. Пётр Сушчэўскі сваёй кемлівасцю і смеласцю забяспечыў бесперапынную работу гарматаў артылерыі ў баі, за што быў узнагароджаны 14.05.1945 ордэнам Чырвонай Зоркі.
Пасля вайны Пётр Сушчэўскі прыехаў да родных на Станцыю Ашмяны, дзе і жыў да канца жыцця.
Таццяна КІРКОЎСКАЯ, супрацоўнік Ашмянскага краязнаўчага музея.