Паўвека ў радасці і каханні. Залаты юбілей Генрыха і Алены Саўрыновіч

Общество

Гады заўжды накладваюць свой адбiтак на чалавека i яго жыццёвы ўклад, выпрацоўваюць яго жыццёвую псiхалогiю. Аднак жа людзьмі мы становімся толькі ў зносінах — з роднымі і блізкімі, калегамі, суседзямі, выпадковымі стрэчнымі ды з усімі тымі, каго да нас “прыбівае” лёсам.

Пачуцці ўзаемныя, сустрэчы жаданыя

Колькі такіх людзей сустрэлі на сваім вяку Генрых Антонавіч і Алена Уладзіміраўна Саўрыновіч з Куцавіч — падлічыць немагчыма. Абое размянялі ўжо восьмы дзясятак, дачакаўшыся залатога юбілею сумеснага сямейнага жыцця.

За іх плячыма паўвека радасці і кахання, трывог і надзей. А здаецца, што зусім нядаўна, маладыя і шчаслівыя, яны падалі заяву на рэгістрацыю шлюбу ў Навасёлкаўскі сельсавет. А вось ужо вакол дарослыя дзеці і вялікія ўнукі.

Пра свае пачуцці вясковыя людзі часцей за ўсё гаварыць саромеюцца, асабліва ва ўзросце. Лічаць гэта чымсьці несур’ёзным і недарэчным. Не сталі выключэннем і Саўрыновічы – маўляў, што там ужо ўспамінаць, столькі часу прайшло.

— Гады праляцелі, як адзін дзень, — успамінае Алена Уладзіміраўна. — Здаецца, толькі пабраліся шлюбам, а ўжо ўнука старэйшага пара жаніць.

Генрых і Алена вучыліся ў адной школе — Навасёлкаўскай, з розніцай у адзін год. Былі знаёмыя, аднак сімпатый адзін да аднаго не праяўлялі. Пасля заканчэння школы хлопец з Навасёлак паехаў вучыцца ў Вільнюс — надумаў стаць чыгуначнікам. Праз год і Алена выпырхнула з-пад бацькоўскай апекі, вырашыўшы звязаць свой лёс з бухгалтарскай справай. Менавіта тады Генрых заўважыў не проста дзяўчыну з суседняй вёскі — Агароднікаў, а спрытную і прывабную навучэнку Ашмянскага сельгастэхнікума Алену. Пачуцці былі ўзаемныя, сустрэчы жаданыя і шчаслівыя. Аднак у хуткім часе Генрыха забіраюць у армію. На працягу двух год Алена пісала свайму салдату пісьмы і з нецярпеннем чакала адказу, перачытвала па некалькі разоў лісты і беражліва складвала паштоўкі, якія прыходзілі з Латвіі, дзе нёс службу Генрых. Доўгае расстанне яшчэ больш зблізіла маладых і ўмацавала пачуцці. Алена верна чакала любага з войска, а пасля і з Літвы, куды ён вярнуўся на працу памочнікам дзяжурнага на чыгунцы.

Вяртанне на радзіму

Малады хлопец слаба ўяўляў сваю будучыню ў другой краіне. Туманна выглядала і перспектыва атрымаць тут сваё жыллё. Праз некаторы час Генрых вяртаецца на радзіму. Менавіта тут, на бацькоўскай зямлі, ён адчувае сябе ўпэўнена і вольна. Тут марыць жыць і працаваць, стварыць разам з Аленай сям’ю, пабудаваць уласны дом, гадаваць дзяцей. Пасля прыезду ў Навасёлкі Генрых уладкаваўся вадзіцелем у мясцовы калгас “Парыжская камуна” (затым “Світанак”). Тут ужо працавала і Алена. Яшчэ будучы навучэнкай тэхнікума, яна зарэкамендавала сябе стараннай і адказнай практыканткай, таму і была пасля вучобы без пярэчання прынята на працу бухгалтарам.

У красавіку 1975 года маладыя пабраліся шлюбам. Распісаліся ў Навасёлкаўскім сельсавеце — сакратар Рэгіна Швінта выдала ім самы галоўны ў сямейным жыцці дакумент, пажадаўшы “быць разам у горы і радасці”. Бацькі маладых зладзілі вяселле на дзве стараны — спачатку гулялі ў Навасёлках, а пасля — у Агародніках.

Сямейнае гняздо

Свякроў цёпла прыняла нявестку. Жылі дружна, старэйшыя падказвалі маладым, але не павучалі, а проста дапамагалі. Праз два гады старшыня сельсавета прапанаваў Саўрыновічу набыць пад жыллё былую пачатковую школу, што ў Куцавічах. У прыняцці рашэння былі спачатку ваганні, бо будынак той быў не прыстасаваным пад жыллё, а ў дадатак патрабаваў рамонту. Але ж маладой сям’і вельмі хацелася мець уласны кут, каб не залежаць ад бацькоў. І гэта жаданне ўсё ж такі ўзяло верх.

Шмат выпрабаванняў прыйшлося зведаць маладой сям’і, шмат сіл прыкласці, даводзячы да ладу дом. Не адзін год прайшоў, пакуль жыллё тое стала ўтульным і цёплым сямейным гняздом. За гэты час нарадзілася двое сыноў — Аляксандр і Аляксей. Алена Уладзіміраўна пасля дэкрэтнага адпачынку перайшла бухгалтарам у сельвыканкам. Генрых Антонавіч умела сумяшчаў працу ў гаспадарцы з хатнімі справамі. 25 год ён аддаў роднаму калгасу, за што быў узнагароджаны ў 1986 годзе ордэнам Дружбы народаў.

“Ардэнаносная” радня

Гэты факт, занатаваны ў дакументальнай хроніцы Ашмянскага раёна “Памяць”, сёння з гонарам узгадваюць унукі. Сын Аляксея Данііл нядаўна рыхтаваў паведамленне пра сваю сям’ю, у якім расказаў не толькі пра свайго “ардэнаноснага” дзядулю, але і пра прадзеда (бацьку бабулі) — Уладзіслава Берната. Ураджэнец Агароднікаў падчас Вялікай Айчыннай вайны мужна змагаўся з ворагам на фронце, быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені.

След на зямлі

Народная мудрасць сцвярджае: калі хочаш пакінуць след на зямлі, выгадуй і выхавай дзяцей. Саўрыновічы ганарацца сынамі. Яны зрабілі ўсё неабходнае, каб даць дзецям вышэйшую адукацыю. Але самым галоўным дасягненнем бацькі ўсё ж такі лічаць належнае выхаванне, асновай якога з’яўляецца працавітасць. На ўласным прыкладзе яны вучылі дзяцей старанна і адказна ставіцца да любой справы, паважаць старэйшых, быць сумленнымі ў адносінах да сябе і другіх, любіць свой край.

У сыноў нарадзілася чацвёра хлопчыкаў, а гэта значыць, што род Саўрыновічаў прадаўжаецца. Аляксандр жыве ў Смаргоні, працуе на прадпрыемстве “Кранаспан”. Аляксей звязаў жыццё з Ашмянамі. Свае веды і жыццёвы досвед ён прымяняе на Ашмянскім мясакамбінаце.

Дзеці з сем’ямі часта наведваюцца ў Куцавічы. Дапамагаюць бацькам на агародзе і ў нарыхтоўцы дроў, падстаўляюць плячо падчас рамонтных работ. Дом і прысядзібны ўчастак адразу ж кідаюцца ў вочы дагледжанасцю і парадкам — усё тут на сваім месцы, а па-іншаму ў Саўрыновічаў і быць не можа.

Цёплыя зносіны склаліся ў іх з нявесткамі. Дзяўчаты сталі дочкамі — спагадлівымі, стараннымі і любімымі. Дня не праходзіць, каб яны не патэлефанавалі і не справіліся пра здароўе і справы ў свекрыві са свёкрам.

Светлае пачуццё — сямейная рэліквія

Алена Уладзіміраўна і Генрых Антонавіч ужо даўно на пенсіі. Гаспадар пайшоў на заслужаны адпачынак з Ашмянскага лясніцтва: больш за дзесяць год ён даглядаў лес. Цяпер з гэтай арганізацыі разам з цёплымі ўспамінамі прыходзяць віншаванні і падарункі як да дня нараджэння, так і да важных дат у жыцці краіны. Яны саграваюць не менш, чым успаміны пра маладосць і першыя сямейныя крокі.

Любому чалавеку важна, каб яго памяталі, згадвалі яго заслугі. Нават сціплыя словы прыдаюць сіл і зараджаюць станоўчай энергіяй, спрыяюць таму, каб не пакідала думка, што чалавек патрэбен.

Адзін з класікаў сусветнай літаратуры заўважыў, што “мы сталі людзьмі ў той меры, у якой людзей любілі і мелі шчасце любіць”. Саўрыновічы заўжды выпраменьвалі гэта светлае пачуцце — і ў адносінах да людзей, і ў адносінах адзін да аднаго і да сваіх родных. Праз пяцьдзясят год яно не паблякла і не страціла моц. Яно, як сапраўдная сямейная рэліквія, перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Лічбы ў тэму

Па дадзеных аддзела ЗАГС Ашмянскага райвыканкама ў 1975 годзе ў нашым раёне было зарэгістравана 425 шлюбаў, з іх аддзелам ЗАГС – 106, сельвыканкамамі – 319.
Сярод сельсаветаў найбольшая колькасць шлюбаў прыходзіцца на Жупранскі, Мураванаашмянкоўскі, Каменналогскі і Кальчунскі (ад 35 да 42 шлюбаў у год). В 1975 годзе Навасёлкаўскім сельвыканкамам зарэгістравана 28 шлюбаў.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *