На Ашмяншчыне ёсць шмат таленавітых людзей, далучаных да прыгожага свету мастацтва. Штораз удзельнікі паэтычна-музычнай гасцёўні “Натхненне” пры турысцкім інфармацыйным цэнтры знаёмяцца з новымі таленавітымі асобамі. На творчым вернісажы “Захапленне. Натхненне. Прыгажосць” адбылося знаёмства з Уладзімірам Бізюком і Марынай Мешчановіч.
Многія жыхары нашага горада і раёна асабіста знаёмы з Уладзімірам Бізюком. У свой час ён быў дырэктарам школы-інтэрната, крыху пазней – Жупранскай сярэдняй школы. Акрамя педагогікі ёсць у Уладзіміра Аляксандравіча яшчэ адно захапленне – жывапіс. Для мерапрыемства мастак прадставіў каля пятнаццаці сваіх карцін. Абрысы знаёмых вёсак і аграгарадкоў адразу прыцягнулі ўвагу. Вось хваляцца някідкай прыгажосцю старажытныя Гальшаны, на іншых карцінах – маляўнічыя вясновыя пейзажы. Пра сябе мастак гаворыць вельмі сціпла. Уладзімір Аляксандравіч сцвярджае, што ў яго калектыве заўсёды працавалі творчыя людзі. Ён не мог выбівацца з працоўнай таленавітай сям’і. Шпацыруючы па лесе або наведваючы населеныя пункты, мастак заўважае штосьці адметнае і незвычайнае. Пасля гэтыя ўрбаністычныя матывы або маляўнічыя пейзажы кладуцца на паперу. Малюе Уладзімір Аляксандравіч пераважна алеем. Яго карціны ўпрыгожваюць не толькі пакоі кватэры. Большасць сваіх прац мастак дорыць родным, блізкім, сябрам. Праз такі падарунак ён дзеліцца часцінкай сваёй душы. У хуткім часе ў краязнаўчым музеі адбудзецца персанальная выстава карцін Уладзіміра Бізюка. Ужо сёння аўтар з хваляваннем гаворыць пра гэту падзею. Мясцовая паэтка Тарэса Адашкевіч адрасавала мастаку паэтычны камплімент, які апладысментамі падтрымалі ўдзельнікі сустрэчы.
Не менш здзівіла і ўразіла ўдзельнікаў вернісажа і Марына Мешчановіч, педагог дзіцячай школы мастацтваў і шматдзетная мама. Да мерапрыемства яна падрыхтавала некалькі лірычных нумароў. Разам з мамай спявалі і дочкі – Анастасія і Кацярына. Пасля Марына расказала, што, акрамя музыкі, яна захапляецца кветкамі. А з сухацветаў робіць адмысловыя кампазіцыі. Для выставы яна прадставіла некалькі сваіх прац. Стракатыя елачкі, кампазіцыі з лаванды, вечныя букеты – ад разнастайнасці красак і форм у прысутных разбягаліся вочы. Пасля кароткага аповеду пра свой творчы шлях Марына прапанавала майстар-клас па стварэнні вясновага вяночка сваімі рукамі. За некалькі хвілін з базавых рэчаў была скампанавана прыцягальная вясновая кампазіцыя.
Вядучая вернісажа Тарэса Кошань падзякавала гасцям за іх талент, глыбіню, жаданне дзяліцца творчасцю з іншымі. Вясёлую ноту ў мерапрыемства ўнесла Святлана Муха, прачытаўшы жартоўны верш. Пасля заканчэння імпрэзы ўдзельнікі мелі магчымасць пагутарыць з гасцямі, а таксама бліжэй пазнаёміцца з выставай.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.