Чым пахне дзяцінства? Белым налівам, скошанай травой, півонямі, чарніцамі, бэзам, раллёй, дажджом, пралескамі… Гэты пералік, напэўна, можна весці бясконца. Кожны з нас узгадае штосьці асабістае і непаўторнае. Тое, што і сёння кранае душу, дапамагае прыгадаць самыя прыгожыя і шчаслівыя моманты. Акрамя водараў прыроды, увабрала ў сябе пара дзяцінства і кулінарныя пахі. Многія і сёння прыгадваюць, як бабуля выходзіла на ганак і заклікала паласавацца дранікамі, бабкай, аладкамі. Смак тых простых страў застаецца ў памяці назаўсёды. У дарослым узросце хочацца зноў паспрабаваць тыя ласункі, адчуць адмысловы водар і незвычайны смак, аднак, на жаль, ніводная кавярня не можа паўтарыць дакладна кулінарных шэдэўраў ад бабулі. Жыхарка нашага горада
Марыя Пазняк і сёння прыгадвае бульбяныя клёцкі, якія гатавала бабуля, а крыху пазней — мама. Жывучы ў вёсцы, бацькі Марыі Еўстаф’еўны мелі вялікі агарод. Цэнтральнае месца ў ім займала бульба. Яна складала аснову многіх страў, якія ў той час былі на стале. Клёцкі ж з’яўляліся кароннай стравай, бо іх падаваць на стол можна было ў некалькіх варыяцыях.
— Мая матуля Вольга Мікітаўна была адмысловай кулінаркай. Яна ўмела здзіўляць стравамі нацыянальнай кухні. Гарачая бабка, дранікі, клёцкі — усё гэта было на стале ў час майго дзяцінства. Гатуючы, мама ўкладвала ў кожную страву часцінку сваёй душы, імкнулася зрабіць вядомыя рэцэпты незвычайнымі, дадаць штосьці сваё. Кулінарныя ўменні ў нашай сям’і перадаваліся па жаночай лініі. Крыху пазней, назіраючы за мамай, да кулінарыі стала цягнуцца і я. Сёння гатую па маміных рэцэптах, якія ашчадна захавала да гэтага часу, — дзеліцца ўспамінамі гаспадыня.
У чарговы раз жанчына вырашае прыгатаваць клёцкі разам з унукам Паўлам. Хлопец хуткімі рухамі ачышчае бульбу ад лушпіння, а бабуля ў гэты час паволі націрае бульбінку за бульбінкай.
— Паўлік гадаваўся пры мне, таму да кулінарыі быў далучаны з самага маленства. Яму было цікава назіраць за тым, што адбываецца на кухні. З усіх унукаў Паша праяўляў найбольшую цікавасць да кулінарыі. Хочацца, каб кулінарныя традыцыі нашай сям’і заставаліся актуальнымі і далей.
Вялікі кавалак жыцця Марыя Еўстаф’еўна пражыла на хутары Шлапакоўшчына Мураванаашмянкоўскага сельсавета. На ўлонні прыроды гадаваліся дзеці Наталля і Аляксей. У той час жанчына працавала ў сельсавеце. У 2005 годзе сям’я набыла дом у горадзе і перабралася сюды на сталае месца жыхарства, але жыццё на хутары не прайшло бясследна. Жывучы ў горадзе, жанчыне хацелася мець свой агарод, упрыгожваць прысядзібную тэрыторыю кветкамі і дэкаратыўнымі кустамі, набываць пладовыя дрэвы. З цягам часу прысядзібная тэрыторыя ператварылася ў райскі вугалок.
— Я вельмі люблю прыродную эстэтыку, таму стараюся акружаць сябе прыгожым. Кветкі і дрэвы дораць адчуванне міру і гармоніі. У вясновы час, калі пачынаюць квітнець першацветы, душа напаўняецца дзіўным спакоем і радасцю. А я не магу прайсці міма гэтага хараства. Знаходжу хвіліну, каб палюбавацца той далікатнай прыгажосцю, зрабіць некалькі фотаздымкаў, — дзеліцца ўражаннямі жанчына.
Бабуля з унукам спрытна фармуюць бульбяныя шарыкі, укладваюць іх на талерку. Пакрысе гаспадыня апускае роўненькія камочкі ў каструлю, а па кухні разыходзіцца прыемны бульбяны водар. У сям’і Марыі Еўстаф’еўны да бульбы ўсе ставяцца з вялікай пашанай. І яна, сапраўды, з’яўляецца другім хлебам на стале. Калі бачыш, як зладжана працуюць бабуля з унукам, мімаволі ў памяці ўзнаўляюцца радкі з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, калі дзядзька Антось хацеў парадаваць дзетак адмысловай стравай — клёцкамі ў бярозавым соку.
— На сённяшні момант мы маем пяцёра ўнукаў. Старэйшыя з іх ужо дарослыя людзі. Некаторыя стварылі ўласныя сем’і. Многаму яны навучыліся ад нас. Гэтыя ўменні і навыкі зараз рэалізуюць у сваіх уласных сем’ях. Гэта вельмі важна, каб сямейныя традыцыі і звычаі перадаваліся з пакалення ў пакаленне, — дзеліцца думкамі жанчына.
Вось гаспадыня рэжа на дробныя кавалачкі сала, а пасля кладзе яго на гарачую патэльню. Пакрысе сала становіцца прыемнага бледна-ружовага колеру. У гэты час пакой напаўняецца адмысловым пахам. Па-майстэрску гаспадыня ўпрыгожвае гарачыя клёцкі духмянымі кавалачкамі. Павел у гэты момант сервіруе стол: рассцілае сурвэтку на абрус, расстаўляе талеркі, раскладае відэльцы. Цэнтральнае месца на стале заняў пузаты чыгунок з клёцкамі. Гаспадыня аздобіла страву свежым кропам, каб надаць яшчэ больш каларыту. Праз хвіліну паставіла на стол чайнік з гарачым напоем. Гарбату жанчына прыгатавала з клубніцаў, якія мінулым летам красаваліся на агародзе.
Імкненне да прыгажосці можна заўважыць у кожнай дробязі: у адмысловых фіранках, што красуюцца на вокнах, у незвычайных нацюрмортах, створаных сваімі рукамі, у стылізаваных абрусах і сурвэтках. Падаецца, што прыгажосцю і гармоніяй прасякнуты кожны куток. Асаблівым спакоем вее і ад гаспадыні, якая з’яўляецца галоўнай захавальніцай традыцый і звычаяў сваіх продкаў.
Творчы запал і ўменне бачыць прыгожае ў простых рэчах перанялі і дзеці — Наталля і Аляксей. Дачка мае асаблівы густ. З прыродных матэрыялаў яна можа ствараць сапраўдныя шэдэўры. Гэтаму ж вучыць і выхаванцаў цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Сына Аляксея Марыя Еўстаф’еўна называе майстрам на ўсе рукі. Ён з лёгкасцю спраўляецца з любой справай, а інструмент у яго руках гарыць. З вялікім гонарам і захапленнем жанчына расказвае пра тое, колькі ўсяго сын зрабіў у бацькоўскім доме. Яго рукамі адрамантавана падлога, столь. Шмат зроблена і на прысядзібным участку.
Чым пахне дзяцінства? Гэтае пытанне яшчэ раз задаю, выходзячы з дома Марыі Еўстаф’еўны. Напэўна, дзяцінства дзяцей і ўнукаў гаспадыні ўвабрала ў сябе тонкі водар гарачых клёцак з кропам, духмянай ягаднай гарбаты, толькі скапанай бульбы. Гэтыя водары і сёння вяртаюць ужо дарослых людзей да каранёў і заклікаюць памятаць пра сямейныя традыцыі і звычаі.
Рэцэпт клёцак ад Марыі Пазняк
Ачысціць бульбу ад лушпіння, нацерці на дробнай тарцы, адціснуць і сфармаваць невялічкія шарыкі. Асобна прыгатаваць булён на костачцы. У булён пакласці моркву, цыбулю, соль і перац. Калі булён закіпіць, дадаць туды сырыя клёцкі. Падчас варкі страву неабходна пастаянна памешваць, каб клёцкі не зліпліся. Варыць да гатоўнасці. Выкласці страву на талерку. Пасля неабходна разагрэць патэльню і пакласці на яе парэзанае на дробныя кавалкі сала, цыбулю. Гатаваць неабходна да таго часу, пакуль сала не стане румяным. Зажарку неабходна выкласці на клёцкі. А пасля дадаць кроп і іншую зеляніну для ўпрыгожвання стравы.
Вашы рэцэпты традыцыйных мясцовых страў таксама могуць увайсці ў кулінарны летапіс Ашмяншчыны. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў турыстычны інфармацыйны цэнтр (г. Ашмяны, вул. Савецкая, 128, памяшканне краязнаўчага музея) або патэлефанаваць па нумары 2-11-48.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.