Сакавік – асаблівы месяц для вернікаў каталіцкай і праваслаўнай канфесій. Якраз у гэты час хрысціяне ўваходзяць у перыяд Вялікага посту, які з’яўляецца добрай нагодай, каб паразважаць над сваім жыццём, пазбавіцца ад залежнасцяў, наблізіцца да духоўных рэчаў. Кожны імкнецца зрабіць крок да добрага хрысціянскага жыцця, стаць больш пільным, руплівым і адказным.
Паглядзець на сваё жыццё праз прызму духоўнасці змаглі і ўдзельнікі паэтычна-музычнай гасцёўні “Натхненне”. Вядучая мерапрыемства Тарэса Кошань звярнула ўвагу на важнасць маральных якасцяў у штодзённым жыцці. Яна звярнулася да выказванняў вядомых аўтараў, народных афарызмаў, а таксама біблійных матываў. Якая яна, духоўнасць? Над гэтым задумаліся і прысутныя. Інтрыгуючая назва сустрэчы “21 грам: гэта многа ці мала?” прымусіла паразважаць над важнымі момантамі. Па легендзе менавіта гэта лічба з’яўляецца вагой чалавечай душы. Хоць душа і нябачная субстанцыя, аднак ад яе залежыць многае: адносіны чалавека да Бога, людзей, рэчаіснасці.
Падчас мерапрыемства гучалі вершаваныя творы, прысвечаныя духоўнасці. Яны закраналі таксама шматлікія сацыяльныя тэмы. Узаемаадносіны бацькоў і дзяцей, павага да старэйшых, дыялог пакаленняў – усё гэта было ў фокусе ўвагі прысутных.
Прынялі ўдзел у мерапрыемстве і прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай канфесій. Святары ў простай і зразумелай форме гаварылі аб прабачэнні, спагадлівасці, дабрыні, чуласці. Яны адзначалі, што час Вялікага посту – добрая нагода навесці парадак у сваім жыцці, пазбавіцца ад шкодных звычак і дрэнных прыхільнасцей. Пераасэнсаванне ўласных учынкаў і прымірэнне з Богам і людзьмі дапамагае адчуць сапраўдную радасць галоўнага хрысціянскага свята – Вялікадня.
Духоўныя музычныя кампазіцыі, якія гучалі падчас мерапрыемства, мелі філасофскую скіраванасць. Яны давалі ўнікальную магчымасць заглыбіцца ва ўнутраны свет, зазірнуць у самыя патаемныя куточкі душы. Мерапрыемства расчуліла прысутных і стварыла ўмовы для разумення ключавых момантаў добрага хрысціянскага і грамадзянскага жыцця.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.