Рамуальд Пальчэўскі — гаспадар, руплівец, стараста

Общество

Гэтага сумленнага і добразычлівага чалавека, які ўсім сэрцам любіць родную старонку, людзей, што жывуць на гэтай зямлі, і заўсёды імкнецца прыйсці ім на дапамогу, добра ведаюць не толькі ў Трасечанятах, але і ў навакольных вёсках. Рамуальд Мар’янавіч Пальчэўскі — прыклад працалюбівага, дбайнага гаспадара. Нездарма ён быў абраны старастам вёскі.

З родным куточкам у Рамуальда Мар’янавіча звязана ўсё жыццё: дзяцінства правёў у вёсцы Казлоўшчына Гальшанскага сельсавета, а пасля, калі пачаў будаваць уласную сям’ю, асеў у Трасечанятах.

Пасля сканчэння Барысаўскага прафесійна-тэхнічнага вучылішча лесаводаў і службы ў арміі каля дваццаці гадоў Рамуальд працаваў участковым тэхнікам у Гальшанскім лясніцтве. Выбар прафесіі юнаку падказала само жыццё. Маляўнічыя краявіды роднай вёскі, прыгожая рачулка Клява, перашэпт елак і сосен, што раскінуліся непадалёку ў лесе, заўсёды вабілі Рамуальда і прадвызначылі працоўную сцяжынку.

Па рабоце маладому ўчастковаму тэхніку часта даводзілася бываць у навакольных вёсках, заязджаў ён і ў Трасечаняты. Яшчэ да службы ў войску прыкмеціў сваю Веру, аднак шлюбам маладыя пабраліся, калі Рамуальд адслужыў.

— Сёлета споўніцца 55 год, як мы з маёй Верай Пятроўнай разам, — зазначае мужчына. — Час праляцеў, як адзін дзень. Выраслі дзеці, унукі, ужо адна праўнучка ёсць, — не можа стрываць радасці шчаслівы муж, бацька, дзядуля і прадзядуля.

Тры дачкі і сын даўно разляцеліся з бацькоўскага гнязда: Алена — у Ашмяны, Ірына — у Мінск, Вольга і Станіслаў — у Маладзечна. Аднак на ўсе святы дзеці па-ранейшаму спяшаюцца дамоў. Часта бываюць і без нагоды — праведаць, дапамагчы, адвесці душу падчас размовы.

Не цураюцца сялянскага ўкладу жыцця і гарадскія зяці і нявестка. Адныя спяшаюцца з дзедам на рыбалку — а Рамуальд Мар’янавіч у гэтай справе сапраўдны аматар! — другія завіхаюцца ля прызбы.

— Калі атрымліваецца, ездзім на рыбалку на Лідчыну або на Браслаўскія азёры. Там ведаю добрыя месцы і на Богінскім возеры, і на Загорным, і на Рычы. Здараецца, завітваем да суседзяў на Смаргоншчыну, напрыклад у Ардашы, — расказвае Рамуальд Мар’янавіч.

Калі месца рыбалкі выбрана непадалёку, то мужчына і зараз выганяе з гаража свой надзейны матацыкл “Мінск” — і праз некалькі хвілін можна раскладваць рыбалоўныя снасці.
Сярод захапленняў Рамуальда Пальчэўскага — пчалярства, якім ён таксама займаецца шмат год. Догляд за пчоламі, як і іншыя заняткі, ніколі не мяшалі асноўнаму — працы на зямлі. І не толькі на ўласных сотках.

Больш за два дзясяткі год аддаў Рамуальд Мар’янавіч мясцовай гаспадарцы. Спачатку ўладкаваўся памочнікам загадчыка ўчастка, а пасля быў пераведзены загадчыкам гаспадаркі. Кожны з кіраўнікоў, з якім Рамуальд Мар’янавіч працаваў, цаніў такія якасці мужчыны, як дбайнасць, стараннасць, дасканаласць ва ўсім, за што б ні браўся. Пальчэўскі ніколі не ўмеў рабіць напалову або неахайна, кідаць пачатае — не ў яго гэта натуры. Калі па дамове з сельвыканкамам узяўся майстраваць плот для вёскі, не спыніўся, пакуль не скончыў справу — каля двух кіламетраў драўлянай агароджы.

Цяга мужчыны да справы адчуваецца і зараз. У хлеўчуку рохкаюць свінні, пад ласкавым сакавіцкім сонейкам дзярэ горла павадыр птушынага сямейства — галасісты задзірлівы певень, непадалёк — лапік зямлі, які чакае, калі ў дагледжаную гаспадаром глебу ляжа насенне, каб пасля парадаваць рупліўца дружнымі ўсходамі.

І хоць моладзі ў Трасечанятах засталося няшмат, сваім прыкладам Рамуальд Пальчэўскі паказвае, як трэба ставіцца да зямлі, жыцця, людзей. Гэта відаць і па тым, як ён звяртаецца да суразмоўцы нягледзячы на яго ўзрост — абавязкова па бацьку: Іванавіч, Станіславаўна, Міхайлаўна. Для кожнага з землякоў мужчына знаходзіць добрае слова альбо параду, хвіліну, каб пагаварыць або пажартаваць, бо трапны гумар — яго пастаянны спадарожнік.

Людміла РЫБІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *