Гэта гісторыя здарылася больш за дзесяць гадоў таму. Тады я толькі пачынала прафесійны шлях у якасці настаўніка. З першых дзён мне было даручана класнае кіраўніцтва. Знайсці агульныя інтарэсы з гарэзлівымі пяцікласнікамі атрымалася адразу. Творчыя і вясёлыя хлапчукі і дзяўчаты імкнуліся да ведаў, былі дысцыплінаванымі і адказнымі. Яны часта тэлефанавалі мне пасля ўрокаў, каб высветліць пэўныя пытанні. Тады я стварыла спецыяльны чат, які стаў пляцоўкай для вырашэння арганізацыйных момантаў, віншаванняў імяніннікаў.
Чарговым вечарам пасля некаторага перапынку зазірнула ў суполку. І ў нейкі момант жахнулася – мае культурныя і выхаваныя хлопцы перапісваліся з выкарыстаннем нецэнзурнай лексікі. Гэтая акалічнасць мяне вельмі абурыла. У той вечар я ніяк не адрэагавала на паведамленні. Аднак сур’ёзна задумалася над тым, які выхаваўчы момант магу арганізаваць для хлапчукоў. На наступны дзень прыйшла ў клас на ўрок літаратуры. Замест арганізацыйнага пачатку нагадала дзецям пра ўчарашнюю перапіску. Хлопцы здзіўлена і вінавата пераглядаліся – яны былі ўпэўнены, што абмежавалі ўдзельнікаў і я не магу бачыць тых паведамленняў.
Вучыць вершы на памяць у той момант было самай страшнай пакутай для вучняў, таму ў якасці пакарання кожны, хто ўжываў нецэнзурную лексіку, павінен быў вывучыць верш на адпаведную тэму і расказаць яго перад шырокай аўдыторыяй. “Не буду я сварыцца матам, бо гэта дрэнна, непрыгожа, бо я ёсць сынам, вучнем, братам. А ён так размаўляць не можа!” – адзін за адным дэкламавалі хлапчукі, запэўніваючы ўсіх, што больш ужываць падобныя словы яны не будуць. Праз некалькі месяцаў мы з усмешкай прыгадвалі тое здарэнне, якое, напэўна, дапамагло зразумець кожнаму, што чысціня маўлення – важны аспект у жыцці чалавека.
Вядомы афарызм заўважае, што сустракаюць заўсёды па вопратцы. Людзі звяртаюць увагу на знешні выгляд чалавека, фігуру, твар. Аднак самую бездакорную вопратку і прыемную знешнасць можа сапсаваць маўленне, насычанае “моцнымі” слоўцамі. Тыя выразы перакрэсліваюць усё станоўчае, што ёсць у чалавеку, зніжаюць узровень яго культуры і выхаванасці. На сённяшні момант многія не могуць уявіць уласны лексікон без нецэнзурнай лексікі. Зніжаныя словы і выразы настолькі трывала ўвайшлі ў маўленне сучаснай моладзі, што пачалі ўжывацца для сувязі слоў у словазлучэнні і сказы. Размаўляць без гэтых выразаў многім маладым людзям становіцца ўсё складаней. Зразумела, што ад гэтага слоўнікавы запас становіцца бедным і абмежаваным.
Часцей за ўсё выкарыстанне нецэнзурнай лексікі абумоўлена дрэнным прыкладам, які падаюць старэйшыя і “аўтарытэтныя” людзі. Чуючы, як сварыцца бацька ці дзядуля, маладыя асобы падхопліваюць зніжаныя словы, бо спакон вякоў старэйшае пакаленне было тым прыкладам, за якім цягнецца моладзь. Брыдкаслоўе – сацыяльная хвароба, на якую хварэе вялікая колькасць людзей. Яе лёгка “падхапіць”, але пазней ад яе цяжка і нават немагчыма пазбавіцца. З цягам часу зніжаная лексіка пачынае раздражняць чалавека, ён хоча пазбавіцца ад дрэннай звычкі. Аднак брыдкія словы выходзяць з вуснаў на аўтамаце.
Кожны ведае, што любую хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Таму, прамаўляючы чарговае “моцнае” слоўца, варта падумаць аб наступствах. Тое, з чым сёння можна справіцца без асаблівых высілкаў, заўтра будзе складана перамагчы. Словы ж валодаюць сваёй адмысловай сілай. Часам яны могуць пакрыўдзіць і параніць іншую асобу. Карыстаючыся гэтым інструментам, важна быць пільным і далікатным.
Марта БАГДАНОВІЧ.