Кожны год 21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, калі мы аддаём даніну павагі разнастайнасці лінгвістычнай спадчыны чалавецтва. У гэты дзень мы падкрэсліваем значнасць усіх моў свету, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай нашай агульнай культурнай спадчыны.
Згодна з дадзенымі буйнейшага ў свеце каталога моў Ethnologue, на Зямлі налічваецца 7164 мовы, і толькі крыху больш за трыста з іх з’яўляюцца літаратурнымі пісьмовымі. І вось уявіце сабе: беларуская мова трывала ўваходзіць у першую сотню!
Аднак ці кожны з нас, беларусаў, можа ўпэўнена сказаць: «Я люблю сваю мову! А як жа інакш?!»
Ці кожны з нас усведамляе, што родная мова дапамагае нам «увайсці» ў свет этнічнай культуры свайго народа і зразумець яе асноўныя коды?
Гаворку пра ролю мовы ў жыцці чалавека мы вырашылі распавесці з настаўнікамі і вучнямі адной з дзевяці беларускамоўных школ нашага раёна — Барунскай. Чаму менавіта гэтай установы адукацыі, спытаеце вы?
Гісторыя Барунскай школы бярэ пачатак у 1617 годзе. Толькі некалькі школ у нашай краіне могуць пахваліцца такой багатай гісторыяй, дзе ва ўсе часы было месца і роднай мове, і традыцыям, якія захоўваліся і перадаваліся з пакалення ў пакаленне.
Сёння школа знаходзіцца ў надзейных руках Ірыны Іванаўны Якубель, якая разам з калектывам сапраўдных творцаў не ўяўляе свайго жыцця, а таксама кожнага ўрока і пазакласнага мерапрыемства без роднай мовы.
Для Ірыны Іванаўны беларуская мова — гэта натуральны сродак штодзённых зносін і прафесійны лёс. У свой час яна скончыла філалагічны факультэт БДУ і пра беларускую мову ўспамінае не толькі напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы. З ёй яна звязана штодзённа.
— Наша школа беларускамоўная, і ўсе прадметы выкладаюцца па-беларуску. Мерапрыемствы, школьныя лінейкі, педагагічныя нарады, дарэчы, і справаводства — перавага аддаецца роднай мове, — канстатуе дырэктар школы. — Установа адукацыі кіруецца дэвізам «Шануй чужое аж да пакланення, сваё ж любі да самазабыцця».
Гэтыя словы навучэнца Барунскай настаўніцкай семінарыі Пятра Бітэля трапна перадаюць сэнс нашай вучэбнай і выхаваўчай дзейнасці. Традыцыі — гэта вялікая сіла, і мы імкнемся да таго, каб утрымаць пазіцыі, завешчаныя нам продкамі. Працяглы час установу ўзначальваў Франц Вацлававіч Станулевіч — настаўнік рускай мовы, але родная мова заўжды займала ў нашай школе пачэснае месца. Гэтыя традыцыі з гонарам прадаўжаў мой папярэднік Аляксандр Анатольевіч Саванец.
Не мною заўважана, што шчаслівы той педагог, вучні якога дасягнулі большых вышынь, чым ён сам. Не меншы гонар настаўніка — калі яго прыклад становіцца падставай для выбару вучнямі нялёгкага «педагагічнага хлеба». І ў гэтым плане Барунскай школе пашанцавала. Выпускніцы 2019 года, аднакласніцы Валерыя Мігановіч, Ірына Нагель і Дар’я Свірыда скончылі беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ і сталі настаўнікамі. Любоў да роднага краю і сваёй мовы прывіваюць вучням Вікторыя Чаркоўская, Кацярына Нюнько, Вікторыя Юнашка, якія працуюць ва ўстановах адукацыі Ашмянскага раёна. Вікторыя Юнашка — у сваёй, Барунскай.
Адметны след у гісторыі школы «пакінулі» выпускніцы Галіна Якубель і Марына Розель, якія атрымалі ў свой час 100-бальныя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове. Дзяўчаты звязалі прафесійную дзейнасць з медыцынай, але родная мова і сёння крочыць з імі па жыцці. Высокія вынікі на цэнтралізаваным іспыце па беларускай мове паказала ў 2021 годзе Кацярына Пажарыцкая, якая зараз вучыцца ў Беларускім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.
Сённяшняе пакаленне юных барунцаў не адстае ад сваіх папярэднікаў. Дырэктар школы прывяла шматлікія прыклады паспяховага ўдзелу барунскіх дзяцей у раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, навукова-практычнай канферэнцыі «Першы крок у навуку», даследчай канферэнцыі «Я пазнаю свет», міжнародным конкурсе «Буслік»…
Зараз калектыў школы працуе над інавацыйным праектам «Укараненне мадэлі развіцця кампетэнтнасці педагогаў па фарміраванні нацыянальнай ідэнтычнасці навучэнцаў». Згодна з праектам, прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў, метадычных пасяджэнняў, кансультацый, семінараў з педагогамі, кожны з якіх сведчыць аб тым, што родная мова з’яўляецца важным духоўным набыткам этнасу, адной з найважнейшых прыкмет нацыі, служыць падмуркам этнічнага самаўсведамлення і асновай для развіцця нацыянальнай культуры.
Асаблівую ролю ў патрыятычным выхаванні школьнікаў і захаванні традыцый папярэдніх пакаленняў адыгрывае школьны музей «Спадчына», які працягвае працаваць над назапашваннем і сістэматызацыяй матэрыялу па гісторыі роднай вёскі, школы, сваёй малой радзімы і яе жыхароў — носьбітаў роднай мовы.
Падчас экскурсіі па школе звярнула ўвагу на тое, што практычна ўсе стэнды на калідоры і ў класах аформлены на роднай мове. Амаль дзве гадзіны размовы з дырэктарам, настаўнікамі і вучнямі канчаткова ўпэўнілі мяне ў тым, што родная мова нікуды не знікла. Яна тут, сярод нас, яна жывая! Проста трэба хацець і ўмець яе чуць. Не шукаць толькі адмоўнае, але і мець смеласць самому размаўляць па-беларуску і несці мову «ў народ».
Нам падаравана напеўная, чароўная мова, на якой размаўлялі, стваралі фальклор і пісалі нашы продкі. Нездарма ЮНЕСКА прызнае беларускую мову як адну з самых мілагучных і прыгожых. Толькі чытаючы Кірылу Тураўскага і Міколу Гусоўскага, Максіма Багдановіча і Янку Купалу, Максіма Гарэцкага і Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і Алеся Адамовіча, можна зразумець сціплую, добрую, праніклівую, мудрую асобу беларуса. Як адзначыла Ірына Якубель, Беларусь — гэта не пра лапці і «дурнога, як варона, мужыка» і яго мужыцкую мову. Родная мова, як чыстая крыніца і багатая культура народа, які заўсёды меў сваю годнасць. Нашы традыцыйныя каштоўнасці заўжды дапамагалі нам быць моцнымі і высокадухоўнымі людзьмі.
Пра ролю роднай мовы ў сваім жыцці трапна казалі класікі беларускай літаратуры. Да візіту ў Баруны сугучнае майму светаўспрыманню было выказванне Рыгора Барадуліна: «Калі цябе не чую — у свеце глуха». З Барунскай школы прывезла яшчэ адно цёплае сцвярджэнне: «Мова — гэта свята». Свята, якое заўсёды з намі! Гэта той асаблівы выпадак, калі хочацца хораша прыбрацца і паглыбіцца ў асяродак, з якім мы знітаваны нябачнай повяззю шматлікіх пакаленняў беларусаў.
Вы жадаеце свята?! А яно ўжо сёння — 21 лютага. Зладзьце яго для сябе і сваёй душы. А калі не атрымаецца, адпраўляйцеся ў Барунскую школу. Тут традыцыйна праводзіцца цэлы тыдзень роднай мовы, дзе вас будуць чакаць конкурсы чытальнікаў паэзіі і выканаўцаў музычных твораў на вершы беларускіх пісьменнікаў; тэматычная кніжная выстава «Беларуская мова — мелодыя сэрца»; агульнашкольная дыктоўка; вусны часопіс «Сэрцам роднага слова краніся»; акцыя «Гавары са мной па-беларуску». Вас сустрэнуць як самага дарагога госця, але з адной умовай — мова зносін беларуская.
Аліна САНЮК.