Каб не прайграць час…

Точка зрения

Падчас вучобы ва ўніверсітэце я праходзіла практыку ў адной са сталічных школ. У той перыяд была замацавана за адзінаццатым класам. Гарэзлівыя падлеткі з першых дзён дэманстравалі сваю актыўнасць, бо не толькі гаманілі на перапынках, але яшчэ спрабавалі падрываць дысцыпліну на ўроках. Толькі адзін хлапчук ціха сядзеў за апошняй партай. Заспанымі вачыма школьнік пазіраў на сваіх аднакласнікаў. Заўважалася адсутнасць жадання далучыцца да кола сяброў. На ўроках юнак таксама паводзіў сябе млява і апатычна. Здавалася, што ён зараз знаходзіцца ў сваёй рэальнасці і зусім не сочыць за тэмай урока. На пытанні настаўніка вучань адказваў неахвотна і аднаскладова. З маладым чалавекам адбывалася штосьці не тое – гэта адразу кідалася ў вочы. Размаўляючы з класным кіраўніком, аднойчы спытала пра гэтага хлопца. На што настаўніца адказала: “Ён цалкам залежны ад камп’ютарных гульняў. Ужо размаўлялі з бацькамі. Мама нічога не можа зрабіць. Акрамя таго, у яго здараюцца ўспышкі агрэсіі, калі бацькі хочуць забраць камп’ютар”. Тады ўпершыню на свае вочы я ўбачыла, як выглядае залежнасць ад камп’ютарных гульняў і якія наступствы яна нясе.

Крыху пазней з залежных хлапчукоў і дзяўчат вырастаюць залежныя мужчыны і жанчыны. З узростам, на жаль, звычка праводзіць увесь вольны час у камп’ютары не знікае. Перамогі ў гульні ў нейкі момант становяцца больш важнымі за жыццёвыя дасягненні. Блакітны экран замяняе сям’ю, працу і хобі. Усе гэтыя рэчы становяцца другараднымі і неістотнымі ў іерархіі каштоўнасцей залежнага чалавека. Такая асоба становіцца адарванай ад рэальнасці, глухой да патрэбаў сваёй сям’і. Здаецца, што чалавек знаходзіцца фізічна побач, але думкамі і сэрцам ён зараз зусім у іншым месцы.

Мы прызвычаіліся да меркавання аб тым, што найбольш згубнай звычкай для цывілізаванага грамадства з’яўляецца алкаголь. Ён знішчае асобу, робіць чалавека апатычным і безэмацыйным, агрэсіўным. Без шклянкі з хмяльной вадкасцю залежны не бачыць сэнсу ўласнага жыцця. Аднак прыкладна тое ж адбываецца і пры залежнасці ад камп’ютарных гульняў. Залежная ад гульняў асоба таксама паступова дэградуе і падае ў прорву.

Некалькі год таму давялося працаваць у летніку. У вольны час прывяла дзяцей у камп’ютарны пакой. Хлапчукі хуценька загрузілі камп’ютары, знайшлі патрэбныя праграмы і адкрылі гульні. У гэты момант вочы падлеткаў загарэліся. Праз некалькі хвілін хтосьці з юнакоў запрасіў мяне сесці на яго месца і паспрабаваць свае сілы ў гульні. Хлопцы захоплена тлумачылі мне правілы. Аднак мяне хапіла толькі на пяць хвілін. Гульня мне падалася прымітыўнай і нецікавай. У той момант я не магла зразумець, чым яна так вабіць хлапчукоў. І, шчыра кажучы, так і не зразумела.

На сённяшні дзень у сусветнай павуціне можна знайсці безліч гульняў на грошы. Гуляючы ў віртуальную рулетку, асобы робяць рэальныя грашовыя стаўкі. І тут яны ўжо трацяць не толькі свой час, які маглі выкарыстаць больш карысна і рацыянальна, але яшчэ і фінансавыя сродкі. У віртуальнай рулетцы ад удзельніка не залежыць абсалютна нічога. Ён нават цалкам не разумее алгарытма гульні. Калі за рэальным барабанам можна прасачыць, то па якіх правілах круціцца віртуальны, вызначыць дастаткова складана. У выніку асоба застаецца без нічога, адчувае расчараванасць і імкнецца “адыграцца”. З цягам часу жаданне “адыграцца” пераходзіць у трывалую залежнасць, ад якой немагчыма пазбавіцца.

Кожны з нас ведае – нельга адначасова знаходзіцца ў двух месцах. Чалавек заўсёды выбірае штосьці адно. Гэта “штосьці” аказваецца для яго больш істотным і каштоўным. Вельмі важна, выбіраючы паміж віртуальным светам і рэальным, зрабіць правільны і абгрунтаваны выбар.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *