2025 год быў аб’яўлены Годам добраўпарадкавання. Ён даў старт пяцігодцы якасці. У дадзены перыяд будзе праведзены комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне і падтрыманне зручнага, бяспечнага і эстэтычна арганізаванага асяроддзя для людзей.
Добрая ініцыятыва пачала рэалізоўвацца дзяржавай сумесна з арганізацыямі і грамадзянамі. Вядома, што мэта стаіць сур’ёзная, і цалкам дасягнуць яе будзе магчыма ў тым выпадку, калі кожны грамадзянін пачне з уласнага падворка.
Праязджаючы праз вёскі і аграгарадкі Ашмянскага раёна, заўсёды любуюся прыгажосцю прысядзібных тэрыторый. Клумбы, цалкам засаджаныя кветкамі і дэкаратыўнымі раслінамі, не могуць пакінуць абыякавым. Кідаюцца ў вочы і акуратныя веснічкі з незвычайнымі драўлянымі элементамі. А ў кагосьці на падворку выкладзена сапраўдная брукаванка. У кожнай вёсцы ёсць некалькі такіх узорных хат, знешні выгляд якіх прымушае аднавяскоўцаў захапіцца ідэяй, а пасля зрабіць штосьці падобнае і ў сябе.
Хата, як лялька
“Хата, як лялька!” — захоплена ўсклікаюць жыхары Граўжышак і навакольных вёсак, гледзячы на дом Алены і Алега Велямовіч. А паглядзець, бясспрэчна, ёсць на што: акуратная пабудова размясцілася амаль у самым цэнтры аграгарадка. У летні перыяд хата дбайнай гаспадыні патанае ў кветках і дэкаратыўных раслінах. Флоксы, ружы, аксаміткі, браткі… Пералік раслін можна весці бясконца. Кожнае дрэўца і кусцік тут знаходзіцца на сваім месцы. Бачна, што жанчына валодае асаблівым густам і адмысловым уменнем заўважаць прыгажосць у звычайных і шараговых рэчах.
Рамонт у доме таксама зроблены з густам. Кожная рэч і дэкаратыўны элемент знаходзяцца на сваім месцы. Гаспадыня прызнаецца, што ўсё гэта стала магчымым дзякуючы стараннасці мужа. Гаспадар сціпла адбіваецца ад кампліментаў і сыпле шматлікімі жартамі. Агульная плошча дома складае 120 м2. У свой час гаспадары ўклалі шмат сіл і сродкаў, каб дом набыў такі выгляд. Алена зазначае: любоў да кветак яна пераняла ад бабулі Юзэфы. Маленькай дзяўчынкай яна назірала за тым, як бабуля перасаджвае пеларгоніі, выкопвае на зіму вяргіні. Менавіта ў той перыяд і сфарміравалася цікавасць да фларыстычнай разнастайнасці прысядзібнага кветніка.
Акрамя кветак, у двары дбайных гаспадароў знайшлі месца пладовыя дрэвы і кусты. Клопат аб іх ускладзены на плечы гаспадара дома Алега. Ён сочыць за тым, каб галінкі былі своечасова абрэзаны, а таксама займаецца ўнясеннем неабходных угнаенняў, якія стымулююць рост і паўнавартаснае развіццё маладых дрэўцаў. Ёсць на прысядзібным участку і цяпліца, дзе вырошчваюцца гурочкі, перцы і таматы. Алена нарадзілася ў Іўеўскім раёне, які лічыцца сталіцай таматаў, таму сёння гэту культуру вырошчвае з насення сама.
Руплівая гаспадыня і зараз прыгадвае той час, калі прыехала працаваць у Граўжышкі пасля заканчэння Жалудоцкага медыцынскага вучылішча. У той момант яна і падумаць не магла, што застанецца тут назаўсёды. У будынку, дзе сёння жыве сям’я, калісьці размяшчалася бальніца. Маладыя медыкі жылі пры бальніцы, а па суседстве знаходзіўся дом гаспадароў Велямовіч. Алег жартуе, што будучую жонку запрыкмеціў праз плот, які аддзяляў бацькоўскі дом ад бальніцы. У гэтым годзе Алена і Алег адзначаць 25-годдзе сумеснага жыцця. За гэты час яны паспелі развесці вялікую гаспадарку, рэканструяваць дом, добраўпарадкаваць тэрыторыю ля яго, выхаваць дзяцей і дачакацца ўнукаў.
У гутарцы гаспадар некалькі разоў акцэнтуе ўвагу на тым, што шчасце чалавека залежыць ад жадання ўпрыгожваць гэты свет стваральнай працай, а не ад абставін і месцазнаходжання.
Даць закруткам новае жыццё
Ёсць у вёсцы Борці асаблівая хата, якая істотна адрозніваецца ад астатніх. Яна дорыць населенаму пункту незвычайны каларыт, прымушае людзей спыніцца і падзівіцца своесаблівым мастацтвам: са сцен аднаго з дамоў і сельскагаспадарчых пабудоў на жыхароў ветліва пазіраюць пеўні, сабакі, снегавікі, выкладзеныя з закруткаў ад пластыкавых бутэлек. Кожны жыхар Борцяў ведае, што належыць незвычайны дом Мар’яну Лялько, старасце вёскі.
Мар’ян Мар’янавіч захоплена расказвае пра ідэю стварэння кожнай выявы. Многія з іх ствараліся сумесна з унукамі і праўнукамі. Менавіта яны шукалі малюнкі ў інтэрнэце, а дзядуля спрыяў увасабленню праектаў у жыццё. Пакрысе двор старасты запаланілі героі казак, птушкі і жывёлы. І сёння гэтыя ілюстрацыі выклікаюць станоўчыя эмоцыі.
Калісьці Мар’ян Мар’янавіч разам з жонкай Тарэсай Браніславаўнай распачаў збор закрутак ад бутэлек. Былі яны такімі яркімі і каляровымі, што выкінуць у смецце іх было шкада. З цягам часу дбайныя гаспадары назбіралі цэлы мех матэрыялу. Толькі тады гаспадар наважыўся рэалізаваць даўнюю ідэю малодшага пакалення.
Тарэса Браніславаўна расказвае, што муж заўсёды адрозніваўся эстэтычным густам і ахайнасцю. У свой час ён самастойна ашаляваў хату. Да таго ж многія прадметы ў доме зроблены руплівымі рукамі гаспадара.
— Калісьці Мар’ян працаваў трактарыстам. На працу ён збіраўся як на свята — заўсёды паголены, у свежай кашулі. У сувязі з гэтым здараліся смешныя сітуацыі, калі мужа прымалі за старшыню калгаса, — расказвае жонка.
Менавіта сваёй ахайнасцю і статнасцю Мар’ян калісьці здолеў прывабіць сваю жонку. 30 студзеня сям’я адзначыць 55 гадавіну сумеснага жыцця. Пасля вяселля маладыя прыехалі жыць у Борці да бацькоў Тарэсы Браніславаўны. З першых дзён сям’я паказала, што жыць за кошт бацькоў не збіраецца. Муж і жонка прадэманстравалі гаспадарлівасць, самастойнасць, уменне спраўляцца з бытавымі пытаннямі. У духу працавітасці сям’я выхоўвала і сваіх дзяцей — Наталлю, Марыну і Паўла. На сённяшні дзень дзеці аказваюць істотную дапамогу бацькам. Наталля і Марына дапамагаюць маме клапаціцца аб прыгажосці і ўтульнасці прысядзібнай тэрыторыі. Зусім нядаўна жанчыны пераклеілі шпалеры ў пакоях, зрабіўшы дом яшчэ больш утульным і прыгожым. Павел дапамагае бацьку з гаспадарчай часткай.
Сям’я Лялько не звяртае ўвагі на ўзрост. І сёння ў меру сваіх магчымасцей гаспадары працягваюць працаваць на ўласным падворы. Для гаспадыні праца на клумбах і агародзе з’яўляецца сапраўднай аддушынай. У зімовы час жанчына клапоціцца пра пакаёвыя расліны, якія ўпрыгожваюць дом. Гледзячы на гэтых апантаных людзей, разумею, што працалюбства ў беларусаў закладзена на генетычным узроўні. Без працы вясковы чалавек не зможа нармальна функцыянаваць.
— Калісьці мы трымалі вялікую гаспадарку. Было некалькі кароў, свіней, курэй. У той час садзілі шмат бульбы, мелі вялікі надзел зямлі. Тады і вёска наша была значна большая — у статку налічвалася каля пяцідзесяці кароў. У той час чалавек, які не меў гаспадаркі, успрымаўся як гультай. Кожны жыхар вёскі рупліва працаваў, — дзеліцца ўспамінамі гаспадар.
Сёння ніткай, якая звязвае Мар’яна і Тарэсу з мінулым, з’яўляюцца альбомы са здымкамі. Час ад часу гаспадары Лялько дастаюць альбом, разглядаюць фотакарткі, заглыбляюцца ва ўспаміны. Усё гэта нагадвае пра сумесную жыццёвую сцяжыну, напоўненую рупнай працай, каханнем, сяброўствам.
Выходзячы з хаты, яшчэ раз любуюся адмысловымі карцінамі з закрутак. У гэты час гаспадар прыводзіць думку аб тым, што сустракаюць заўсёды па адзежы, таму знешні выгляд адыгрывае далёка не апошнюю ролю. І гэта адносіцца не толькі да знешнасці канкрэтнай асобы, але яшчэ і да аблічча хаты, падворка, вёскі і цэлай краіны.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва герояў.