Літаратурна-музычнае кафэ “Паклон табе, Ашмяншчына мая!..” запрасіла гасцей

Культура

Незвычайнае літаратурна-музычнае кафэ “Паклон табе, Ашмяншчына мая!..” сабрала разам людзей, адораных паэтычным і музычным талентам, і людзей залатога веку.

Кафэ працавала ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і было прысвечана 85-годдзю ўтварэння Ашмянскага раёна. Заснаваны ў студзені 1940 года, раён прайшоў вялікі шлях станаўлення і развіцця.

Ашмяншчына ганарыцца багатай гісторый, сучаснымі дасягненнямі і працавітымі людзьмі, якія любяць свой край і ўпрыгожваюць яго сваім штодзённым клопатам. Для кожнага з іх Радзіма пачынаецца з роднага дома, школы, вуліцы, родных людзей і знаёмых з маленства краявідаў, дзе разам цесна перапляліся мінулае і будучыня. Любоў да роднага краю аб’яднала ўсіх, хто завітаў у кафэ. Хтосьці прыйшоў паслухаць вершы самадзейных паэтаў, а хтосьці – падзяліцца сваімі творчымі здабыткамі.

Апладысментамі сустракалі прысутныя выступленні самадзейных ашмянскіх паэтаў Іны Бутурлі, Святланы Мухі, Тарэсы Адашкевіч, Яўгена Куста. З хваляваннем слухалі вершы Галіны Даўгашэй. У творах мясцовых паэтаў звычайныя будзённыя рэчы, штодзённыя клопаты, з’явы прыроды,  апісаныя паэтычным словам, набываюць новы сэнс. Вершы гучаць лірычна і пранікнёна, выклікаюць гонар за родную зямлю, надаюць сіл рухацца наперад.

Тарэса Адашкевіч не проста піша вершы, але і спрабуе класці іх на музыку. Прысутныя змаглі прасачыць за нараджэннем песні – адзін з вершаў паэтка праспявала ў імправізаваным суправаджэнні Аляксандра Пашкоўскага.

Яўген Куст, для якога Ашмяны сталі другой радзімай, прыйшоў на імпрэзу з двума новымі вершамі – “Ашмяны” і “Вастрыё”, якія і прапанаваў паслухаць.

У выкананні спецыялістаў і наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання гучалі вершы Пятра Шаколы, Анатоля Вішнеўскага, Рамуальды Ануфрыевай, Генуэфы Кеўры, Валянціны Гіруць-Русакевіч. Яны адышлі ў іншы свет, але пакінулі пасля сябе плён сваіх паэтычных разважанняў аб сэнсе жыцця і захапленні родным краем. Колькі трапяткіх і пяшчотных слоў прысвяцілі яны Ашмяншчыне, шчыра прызнаючыся ёй у любові. Прыгажосць і адметнасць Кальчун, Будзёнаўкі, Міхайлоўшчыны, таямнічы Гальшанскі замак, рэчкі  Ашмянка і Клява, штодзённая праца і мары  людзей знайшлі адлюстраванне ў  іх творчасці.

Якое ж кафэ без музыкаў? Іх ролю выдатна выканалі ўдзельнікі народнага ансамбля народнай песні “Жытніца” Святлана Ганусевіч, Таццяна Чэрская, Марына Горыд, Аляксандр Пашкоўскі.

Удзельнікі імпрэзы мелі магчымасць успомніць старонкі гісторыі роднага краю, біяграфіі знакамітых людзей Ашмяншчыны,  аднавіць у памяці тыя змены, што адбываліся ў раёне і горадзе на працягу апошніх дзесяцігоддзяў.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота аўтара.

***

Здаецца, што пайду за небакрай,

За гэтай серабрыстай даўніною.

А ты, музыка, між вякамі грай,

вядзі смычок атончанай рукою.

“Ашмяны” – у перакладзе “вастрыё”.

Яны завостраны і мірам, і вайною.

Палі, пралескі – гэта ўсё маё…

Не можа быць каханая чужою!

Тут сцежкі пралягаюць праз душу.

Тут ветры лашчаць, бы матулі рукі.

Жыву тут праўдай, мо і саграшу,

Натхненне тут лаўлю на сэрца гукі.

І крышачку пацешу ўспамін,

Які паціху гасне між гадамі.

І як жа добра, што ты не адзін –

Мая краіна, яна разам з намі.

Я павуцінкай ціха паплыву

Над гэтым так намоленым мясцечкам.

Табой, краіна, дыхаю, жыву,

Дзе маёй веры не згасае свечка.

Яўген Куст, 14.01.2025.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *