Вехі гісторыі. Да 85-годдзя ўтварэння Ашмянскага раёна

События

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР у 1939 годзе на тэрыторыі Заходняй Беларусі пачалося стварэнне новых тэрытарыяльных адзінак. 9 снежня 1939 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР па прадстаўленні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР былі ўтвораны Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская вобласці. Ашмянскі павет (у новых межах) увайшоў у Вілейскую вобласць. У канцы 1939 года пытанне тэрытарыяльнай рэформы ўзнімалася на ўсіх узроўнях. 21 снежня на пасяджэнні павятовага камітэта КП(б) было вырашана ўтварыць на тэрыторыі павета тры раёны: Астравецкі, Ашмянскі і Смаргонскі. Але патрэбна было ўзгадненне на больш высокім узроўні.

Паводле Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР “Аб утварэнні раёнаў у Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцях БССР” ад 15 студзеня 1940 года падзел на паветы быў скасаваны і ўстаноўлены падзел абласцей на раёны. Такім чынам, у складзе Вілейскай вобласці былі створаны дваццаць два раёны, сярод якіх — Астравецкі, Ашмянскі, Смаргонскі. Ад гэтай даты і пачаўся адлік васьмідзесяціпяцігадовай гісторыі Ашмянскага раёна.

Ужо ў пачатку студзеня 1940 года на тэрыторыі раёна ўтвараюцца і першыя сельсаветы. Пытанне аб арганізацыі сельсаветаў разглядалася раённым партыйным сходам 2 лютага 1940 года, а 18 лютага на бюро райкама партыі былі зацверджаны старшыні і сакратары сельскіх Саветаў. Колькасць сельсаветаў на працягу 1940-41 гадоў змянялася: у лютым 1940-га — 20, у канцы года — 27, у чэрвені 1941 года іх зноў — 20. У тым ліку існаваў і Ашмянскі сельсавет. Пытанні жыхароў горада вырашаў Ашмянскі гарадскі Савет. У кнізе “Памяць” Ашмянскага раёна ўзгадваюцца прозвішчы першых старшынь Ашмянскага гарсавета — М.А. Міцкевіч, Э.Г. Керн, В.К. Аганоўская.

Паводле даведкі да пасяджэння райкама КП(б)Б ад 21.12.1939 года тэрыторыя раёна складала 1194,5 кв. км, колькасць насельніцтва — 58 551 чалавек. Насельніцтва горада складала 9004 чалавекі, жылых пабудоў было 913. Прамысловасць горада была прадстаўлена дражджавым заводам з электрастанцыяй, шасцю скуранымі заводамі, двума вадзянымі млынамі, гарадской электрастанцый, каўбаснай і сталярнай майстэрнямі, друкарняй — з агульнай колькасцю працоўных 215 чалавек.

Прамысловасць раёна складалася з крухмальна-патачнага завода, 15 млыноў і дзвюх невялікіх электрастанцый у Гальшанах і Куцавічах — з агульнай колькасцю працоўных 266 чалавек.
Выканаўчым камітэтам, сельсаветам, райкамам партыі і камсамола прыйшлося многае не толькі ліквідаваць, пераўтвараць, але і ствараць. Асновай для перабудовы прамысловасці і сельскай гаспадаркі з’явіліся дэкларацыі Народнага сходу, Заходняй Беларусі, які адбыўся 28-30 кастрычніка 1939 года.

У рукі дзяржавы пераходзілі прадпрыемствы ў горадзе і сельскай мясцовасці. У студзені 1941 года працавалі прадпрыемствы дзяржаўнай уласнасці — дражджавы, крухмальны, вапнавы, цагельны заводы, млынкамбінат, райпрамкамбінат, торфараспрацоўкі, а таксама кааператыўнай прамысловасці — шэсць прамарцелей, хлебапякарня, каўбасная майстэрня, бойня. У даваенны час у раёне былі арганізаваны тры калгасы: “1 Мая” (у маёнтку Міхайлоўшчына, старшыні А.М. Усціновіч, С.І. Пешкур), “17 Верасня” (у мястэчку Загарняты, старшыня П.І. Ціхановіч), “Парыжская камуна” (у в. Куцавічы, старшыня І.Ф. Якубяловіч). Для абслугоўвання калгасаў і сялянскіх гаспадарак у 1940-1941 годзе працавала МТС (дырэктар С.Д. Рамашчанка). Спецыялістаў для іх рыхтавала Ашмянская сельскагаспадарчая школа, якая адкрылася ў былым маёнтку графа Чапскага ў в. Навасёлкі.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 20 верасня 1944 года абласны цэнтр Вілейскай вобласці быў перанесены з Вілейкі ў Маладзечна, а Вілейская вобласць стала Маладзечанскай. У сувязі з гэтым Ашмянскі раён увайшоў у Маладзечанскую вобласць.

20 студзеня 1960 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Маладзечанская вобласць была скасавана, а былыя яе раёны ўвайшлі ў склад трох абласцей: Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай. Ашмянскі раён разам з Астравецкім, Смаргонскім, Юрацішкоўскім, Баг­данаўскім сель-­скімі Саветамі Валожынскага раёна сталі тэрытарыяльна адносіцца да Гродзенскай вобласці.

Паводле кнігі “Памяць” Ашмянскага раёна.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *