Медыцына для кожнага. Новы медыцынскі аўтамабіль абслугоўвае жыхароў аддаленых населеных пунктаў

Общество

Невялікія населеныя пункты прывабліваюць хараством краявідаў і шчырасцю людзей. На ўлонні прыроды асабліва добра адчуваецца паўната жыцця. Аднак многія вёскі знаходзяцца на дастатковай адлегласці ад райцэнтра, таму жыхарам даводзіцца ехаць у горад, каб здаць неабходныя аналізы або прайсці дыспансерызацыю. Для людзей сталага веку гэтая задача здаецца складанай.

Праблему адлегласці ў нашай краіне дапамагаюць вырашыць рухомыя ФАПы. Такія амбулаторныя пункты “на колах” ствараюць умовы для хуткага вырашэння многіх пытанняў адносна здароўя. Аўтамабіль, абсталяваны ўсім неабходным, нядаўна з’явіўся ў Ашмянскай ЦРБ. Многія жыхары аддаленых населеных пунктаў ужо выкарысталі магчымасць заняцца ўласным здароўем. Нашы карэспандэнты выехалі разам з медыкамі па адным з маршрутаў, канчатковым пунктам якога стала вёска Анжадава.

Новенькі ФАП “на колах” хутка імчыць па дарозе. За вокнамі мільгаюць стромкія бярозы і велічныя дубы. А ў вёсцы Анжадава ўжо чакае група пацыентаў на чале са старастай Таццянай Бушмовіч. Хтосьці прыйшоў памераць ціск, камусьці неабходна здаць аналізы, іншыя ж чакаюць чаргі ў жаночы кабінет. Людзі ў чарзе ажыўлена абмяркоўваюць надзённыя пытанні.

Многія жанчыны прыйшлі разам з мужамі. “Хочацца, каб яшчэ колькі гадочкаў пажыў, таму не запускаем здароўе”, — дзеляцца думкамі пацыенткі. Мужчыны ў гэты час сарамліва ўсміхаюцца.

Вось адчыняюцца дзверы, і фельдшар Агата Астрамовіч запрашае першых пацыентаў. Агата Міхайлаўна — малады медык. У мінулым годзе пасля заканчэння Маладзечанскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа прыехала на працу ў Ашмянскую ЦРБ. За гэты час спецыялістка набыла пэўны вопыт, навучылася знаходзіць падыход да людзей. Першапачаткова Агата перажывала, што ёй прыйдзецца працаваць у новых умовах. Аднак па заканчэнні першага маршруту ўсе страхі і сумненні развеяліся. Да таго ж, побач з маладымі кадрамі працуюць і вопытныя калегі. Людміла Талочка з’яўляецца загадчыцай Крэйванцаўскага і Анжадаўскага ФАПаў. У Анжадава яна прыязджае кожную сераду. Тады жыхары прыходзяць да вясковага доктара са сваімі праблемамі і цяжкасцямі. Людміла Аляксандраўна імкнецца кожнага выслухаць і дапамагчы.

Аўтамабіль умоўна падзелены на “адсекі”. Кожная частка мае свае функцыі. У першай палове знаходзіцца працэдурны пакой. Сюды пацыенты прыходзяць, каб здаць аналізы, памераць ціск, вызначыць узровень цукру ў крыві. У сярэдняй частцы аўтамабіля знаходзіцца “зона чакання”. Здаўшы кроў, пацыенты могуць прысесці, перавесці дух. Трэцюю частку займае жаночы кабінет з сучасным абсталяваннем.

Суседкі Марыя Паўлюковіч, Тарэса Карповіч, Эмілія Язавіт, Леакадзія Казлоўская, Алена Міхневіч загадзя дамовіліся наведаць урача і праверыць сваё здароўе. Жанчыны абмяркоўваюць усе станоўчыя моманты медыцынскага аўтамабіля. У гэты час Луцыя і Уладзімір Грышаль здаюць неабходныя аналізы. Муж і жонка да пытанняў здароўя адносяцца сур’ёзна і адказна.

— У нас у вёсцы людзі клапатлівыя і міласэрныя. Усе імкнуцца дапамагаць адзін аднаму. Кожны ведае ўсё пра свайго суседа. У пытаннях здароўя таксама, — зазначае стараста вёскі.

Медыцынскія работнікі з цеплынёй і клопатам ставяцца да кожнага пацыента, імнуцца не толькі выпісаць рэцэпты і даць медыцынскія рэкамендацыі, але і падтрымаць добрым словам. А яно часам лечыць лепш за любыя лекі.

Тарэса Карповіч, пенсіянерка:

— Прыемна, што ФАП прыязджае і ў нашу вёску. Гэта значна спрашчае жыццё: не трэба чакаць маршрутнага аўтобуса, ехаць у горад, стаяць у чарзе. Паліклініка “на колах” сама прыязджае да нас. Са з’яўленнем новага аўтамабіля прыходзіць на працэдуры стала яшчэ больш прыемна. Усё абсталяванне новенькае. Для нас, пенсіянераў, гэта вялікая радасць.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *