З творчасцю Эдуарда Асадава знаёмы многія. Паэт здзіўляе глыбінёй думкі, своеасаблівым спосабам перадачы пачуццяў. Кожны яго верш – шчымлівы і шчыры. Кожны прымушае задумацца над важнымі пытаннямі.
Удзельнікі паэтычна-музычнай гасцёўні “Натхненне” для грамадзян сталага веку чарговую сустрэчу вырашылі прысвяціць творчасці гэтага паэта. На базе Ашмянскай раённай бібліятэкі было арганізавана мерапрыемства “Алмаз не патрабуе агранкі”. У якасці вядучай выступіла Тарэса Кошань. Ва ўступным слове яна адзначыла важнасць асобы Эдуарда Асадава для рускай літаратуры, а таксама звярнулася да семантыкі імені майстра слова. Вядучая адзначыла, што дастаткова часта імя ўплывае на лёс чалавека, яго далейшае жыццё. Гэтае сцверджанне выклікала сапраўдную дыскусію сярод гасцей. Пазней звярнуліся да біяграфіі паэта. Назваць жыццёвы шлях Эдуарда Аркадзьевіча простым нельга – большую частку жыцця ён быў невідушчым, а яго твар закрывала чорная павязка. Страціць зрок у маладым узросце – страшная трагедыя. Аднак паэт быў надзелены вострым духоўным зрокам, які дапамагаў яму заўважаць тое, над чым звычайныя людзі не задумваюцца. Не абмінулі і тэму кахання ў жыцці Асадава. У паэта было дзве прыгожыя гісторыі. Адна, на жаль, скончылася драматычна. Другая – падаравала крылы, дапамагла выйсці з дэпрэсіі.
Асабліва ўзнёсла і прыгожа гучалі вершы ў выкананні ўдзельнікаў гасцёўні – Святланы Муха, Марыі Пазняк, Марыі Умецкай, Тарэсы Кошань, Леакадзіі Кавалеўскай, Святланы Лемешавай. Мясцовая паэтка Тарэса Адашкевіч здолела перакласці верш паэта на беларускую мову. Яе творчую спробу высока ацанілі прысутныя. Многія творы Эдуарда Асадава пакладзены на музыку. З некалькімі кампазіцыямі ўдзельнікі гасцёўні змаглі пазнаёміцца.
У канцы мерапрыемства прысутныя зноў звярнуліся да назвы – “Алмаз не патрабуе агранкі”. Удзельнікі паэтычнага вечара вырашылі, што гэтыя словы яскрава характарызуюць шматгранную асобу паэта.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.