На гадзінніку – восем раніцы. Няспешным крокам я іду па адной са сталічных вуліц. Навокал – цыбатыя шматпавярховікі. Адчуваецца ажыўленасць: людзі спяшаюцца на працу, а дарога перагружана аўтамабілямі і грамадскім транспартам. Працягваю няспешным крокам шыбаваць па абраным маршруце. Прыгожа свецяцца вокны гарадскіх крамаў, сігналяць аўтамабілі, а ззаду хтосьці гучна размаўляе. Ад разнастайнасці гукаў і колераў тлуміцца галава. Хочацца на момант спыніцца, прысесці на лаўку, перавесці дух. Але працягваю свой шлях. Спускаюся ў метро. З верхніх прыступкаў людскі тлум ператвараецца ў жывую раку і нагадвае броўнаўскі рух. Вось і я ўжо стала часткай гэтай жывой ракі. Маладыя людзі навводаль штосьці здымаюць на тэлефон, пажылыя жанчыны аб чымсьці размаўляюць, а дзеці голасна смяюцца, разглядаючы нешта ў смартфоне. Пад’ехаў цягнік. Пасажыры, спяшаючыся, сталі ўваходзіць у вагоны. Многія мелі намер сесці, аднак месца, на жаль, не было. Прыхінуўшыся да поручня, назіраю за людзьмі. Абсалютная большасць заглыбілася ў смартфоны. У чарговы раз прагучаў пранізлівы мужчынскі голас, які аб’явіў патрэбную мне станцыю. Я з палёгкай уздыхнула і выйшла з цягніка.
Жыць у вялікім горадзе – мара для многіх людзей. Падаецца, што толькі тут можна паспяхова самарэалізавацца – мегаполіс адкрывае вялікую колькасць магчымасцей, разгортвае новую старонку, пашырае гарызонты. Моладзь, аслепленая бляскам вялікіх крамаў і цыбатых шматпавярховікаў, імкнецца сюды ў пошуках шчасця. Маладым людзям падаецца, што шчаслівым можна стаць толькі тут. Юнакі і дзяўчаты гатовы здымаць самы просты і непрываблівы вугал, абмяжоўваць сябе ў многіх рэчах, каб толькі не вярнуцца ў родны горад ці вёску. Яны ўжо намалявалі для сябе ідэальную карціну далейшага жыцця – уласны дом ці кватэру, прэстыжную працу, ідэальную другую палову. Не заўсёды толькі гэтая рамантызаваная карціна жыцця супадае з рэчаіснасцю.
На маленькай радзіме амаль у кожнага маецца свой куток – бацькоўская хата ці кватэра. Ёсць тут і пэўныя перспектывы для прафесійнага росту і развіцця. Акрамя таго, ёсць людзі, якія ў любы момант падставяць плячо ў складанай ці незразумелай сітуацыі. Беларускі народны афарызм гаворыць: “Не шукай ты шчасця, долі на чужым далёкім полі”. З гэтым выказваннем немагчыма не пагадзіцца. Падаецца, што недзе там, за сотні кіламетраў ад роднага дому, і мёд саладзейшы, і сонейка свеціць ярчэй, і жыць больш камфортна і добра. Гэты стэрэатып трывала ўвайшоў у свядомасць маладых людзей. Ці можа горад зрабіць шчаслівым чалавека? Напэўна, не. Бо складнікі шчасця крыху іншыя. Шчаслівым чалавека робяць людзі, што знаходзяцца побач, любімая справа, якая прыносіць асалоду і задавальненне. Урэшце рэшт, шчасце знаходзіцца не звонку, а ўнутры. Тое, што напаўняе душу кожнай асобы, і прыносіць сапраўднае шчасце. А чым напаўняць душу, кожны выбірае сам. На мой погляд, той маленькі куток, дзе чалавек нарадзіўся і вырас, прыносіць куды больш шчасця і станоўчых эмоцый, чым чужы, але вялікі горад.
Часта прыходзіцца назіраць за моладдзю, якая атрымала адукацыю і прыехала працаваць у свой раён. За некалькі год плённай працы маладыя людзі паспелі рэалізавацца ў прафесійным плане, зрабіць кар’еру, пабудаваць уласны дом ці кватэру. Яны жывуць актыўным жыццём, цікавяцца музыкай і літаратурай, займаюцца спортам. Іх нельга назваць няшчаснымі або абдзеленымі лёсам. Яны жывуць у моманце і атрымліваюць ад яго асалоду, бо ведаюць самы просты шлях да шчасця.
Марта БАГДАНОВІЧ.