Лепшы млынар і лепшы хлеб – у Ашмянах

Культура

Штогод невялікі аграгарадок Адэльск, які знаходзіцца непадалёк ад абласнога цэнтра, збірае млынароў вобласці на адмысловае свята. У гэтым годзе мерапрыемства прайшло ў адзінаццаты раз. Вопытныя млынары з усіх куткоў Гродзеншчыны сабраліся разам, каб прадэманстраваць спрыт, досціп, уменне спраўляцца з гаспадарскімі пытаннямі. Ашмянскі раён на спаборніцтве прадставіў Міхаіл Шчучка, гукааператар сектара па пазастацыянарным правядзенні культурных мерапрыемстваў Ашмянскага РЦК. Нягледзячы на маладосць, Міхаіл здолеў прадэманстраваць высокі ўзровень падрыхтоўкі. У візітнай картцы юнак падзяліўся з прысутнымі цікавай легендай пра ашмянскага млынара. Далей канкурсанта чакалі разнастайныя спаборніцтвы: ён прадэманстраваў спрыт пры распільваннні бервяна, хутчэй за іншых справіўся з перасыпаннем збожжа, найбольш акуратна і дакладна склаў дровы. Прадстаўніка з Ашмян падтрымлівалі і гледачы. Па выніках спаборніцтваў Міхаіл атрымаў абсалютную перамогу. Яму быў уручаны дыплом першай ступені. Перамогі ашмянскіх млынароў пакрысе становяцца добрай традыцыяй – у мінулым годзе пераможцам конкурсу стаў удзельнік калектыва “Граўжанцы” Эдвард Булкевіч.

Для Міхаіла перамога стала прыемнай нечаканасцю. Сам ён шчыра прызнаецца, што не спадзяваўся на такі вынік:

— Конкурсныя заданні не выклікалі ў мяне цяжкасцей. Я з дзяцінства быў далучаны да працы, таму заданні выконваў на аўтамаце. Зразумела, што хацелася атрымаць перамогу, але я бачыў, што побач – моцныя супернікі.

Высока ацэнены быў і ашмянскі хлеб ад вядомай кулінаркі Тарэсы Прыбыльскай. У намінацыі “Традыцыйны хлеб хатняй выпечкі” ён атрымаў другое месца. Дыплом за ўдзел у конкурсе атрымала і Марыя Заянчкоўская, майстар філіяла Ашмянскага РЦК “Цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры”. Для конкурса яна прыгатавала печыва “Святочнае”.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *