У Ашмянскім краязнаўчым музеі адкрылася выстава “Культура, быт і традыцыі татараў Ашмянскага павета”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел краязнаўца, рэканструктар і калекцыянер з Крэва Канстанцін Дземідовіч, старшыня Рады імамаў Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Дзмітрый Радкевіч і рэжысёр Кацярына Гусева. Надзвычай цікавай гэта культурная падзея стала для наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН, вучняў і настаўнікаў сярэдняй школы № 2, а таксама жыхароў нашага горада.
Дырэктар музея Настасся Навіцкая ва ўступным слове адзначыла, што Ашмяншчына – унікальны рэгіён, бо тут здаўна жывуць у міры і згодзе прадстаўнікі каталіцтва, праваслаўя, іўдаізму і ісламу. Менавіта гэтыя ўмовы навучылі жыхароў сучаснага Ашмянскага раёна талерантнасці, уменню ладзіць добрасуседскія зносіны з людзьмі розных канфесій і этнічных груп.
Тэмай выставы і самога мерапрыемства стала культура і звычаі народа, які жыве ў Беларусі ўжо больш за 600 гадoў. Нашчадкі ардынцаў, якія існавалі на працягу стагоддзяў побач з беларусамі, дзялілі з імі як радасці, так і нягоды. У момант нападзення няпрошаных гасцей разам з беларусамі татары баранілі нашу зямлю ад ворагаў. Яны сталі неад’емнай часткай культуры нашай краіны.
Гэтую выснову пацвердзілі і госці. Зацікавіў аўдыторыю сваім аповедам пра татараў краязнаўца Канстанцін Дземідовіч, які на працягу многіх гадоў збірае звесткі пра існаванне іх на беларускіх землях, пра культуру, традыцыі і побыт. І робіць гэта даследчык на мясцовым матэрыяле, паглыбляючыся ў гісторыю менавіта свайго рэгіёна, а калі быць больш дакладным – мястэчка Крэва і навакольных вёсак.
Займаючыся вывучэннем татарскай культуры, Канстанцін сабраў нямала аўтэнтычных рэчаў і шмат чаго даведаўся з успамінаў мясцовых жыхароў. Падчас адкрыцця выставы краязнаўца расказаў пра рэчы са сваёй калекцыі, а таксама пра здымкі, што трапілі на выставу.
Узгадана была падчас мепрапрыемства кніга вядомага публіцыста, краязнаўцы і журналіста, аўтара кнігі “Павет Ашмянскі” Чэслава Янкоўскага. “Калі правесці мяжу татарскіх сядзіб і асад у Ашмянскім павеце, то атрымаецца ідэальная лінія, якая працягнецца ад усходняй мяжы павета шырокім паўкругам каля Крэва, каля Лоску, міма Мысы, праз Панары, праз Урляняты, да Ластаі, адвечнай татарскай сядзібы, завяршаючыся ў наваколлі Вішнева,” — так апісваў межы татарскага пражывання ў Ашмянскім павеце наш зямляк.
Пра распаўсюджанне татараў на Беларусі, гісторыю ісламу і мусульманства можна сёння даведацца з кніг многіх гісторыкаў і даследчыкаў. Частка з іх уяўляе сабой пераклады на рускую і беларускія мовы. Друкаваныя выданні па гэтай тэме былі шырока прадстаўлены і на выставе. Старшыня Рады імамаў Дзмітрый Радкевіч знайшоў што расказаць аб кожным з іх. Дзмітрый Мустафавіч таксама займаецца перакладамі кніг мусульманскіх аўтараў. Сярод іх — філасофска-дыдактычны трактат геніяльнага ўзбекскага паэта і мецэната XV-XVI стст. Алішэра Наваі “Улюбёны сэрцаў”, які некалькі год назад дзякуючы Дзмітрыю Радкевічу пабачыў свет на беларускай мове.
Распавёў Дзмітрый Мустафавіч і пра рэлігійную мусульманскую абшчыну ў Ашмянах, якая, дарэчы, дала дарогу ў свет і яму.
Цікава было даведацца аб тым, што рэжысёр Кацярына Гусева стварае зараз фільм пра татараў Беларусі. Тызер (рэкламная абвестка) гэтага фільма сёлета быў прадэманстраваны на кінафестывалі ў Канах. Пабачылі яго і наведвальнікі мерапрыемства ў нашым краязнаўчым музеі.
Выстава ў музеі будзе працаваць да сярэдзіны снежня. У зацікаўленых краязнаўствам ашмянцаў ёсць унікальная магчымасць далучыцца да самабытнай культуры і традыцый татарскага народа.
Аліна САНЮК.