На скрыжаванні хрысціянства і паганства

Марта Богданович

У сэрцы кожнага чалавека ёсць людзі, якіх даўно няма побач у фізічным плане, аднак цёплыя ўспаміны аб гэтых асобах саграваюць душу. На жаль, з памерлымі нельга пагутарыць і абняць. Толькі ўспаміны і малітвы з’яўляюцца той ніткай, якая звязвае нас з блізкімі, што адышлі ў вечнасць.

У лістападзе адзначаецца Дзень памяці памерлых продкаў. У гэты час людзі імкнуцца наведаць могільнікі, памаліцца, паўдзельнічаць у богаслужэнні. Такая практыка стала традыцыйнай для нашага грамадства. Аднак хрысціянскі ўспамін продкаў дастаткова часта пераплятаецца з паганскімі традыцыямі.

Зазвычай людзі загадзя рыхтуюцца да Дня памяці памерлых продкаў. Акрамя свечак і кветак, яны яшчэ набываюць цукеркі, пернікі, абаранкі і іншыя прысмакі, якія пасля кладуць на могілкі сваіх родных. Пазней такія ласункі прывабліваюць птушак і дробных дзікіх жывёл або ўсе гэтыя “дары” размакаюць ад дажджу і снегу. З хрысціянскага пункту гледжання такая традыцыя з’яўляецца недарэчнай. Зразумела, што цела памерлага спыніла сваё фізічнае існаванне, яно больш не можа харчавацца, а несмяротная душа па сваёй прыродзе не можа ўспрымаць ежу. Тады для каго ж гэтыя ласункі?

Аднак цукеркі і пячэнне, што прыносяцца на могільнік, з’яўляюцца толькі маленькай часткай праблемы. Многія імкнуцца “пачаставаць” сваіх памерлых алкаголем. І тут народная фантазія дасягае сваёй найвышэйшай кропкі: хтосьці ставіць шклянку на надмагілле, хтосьці крыжыкам палівае водку на магілу, а некаторыя нават самі распіваюць спіртныя напоі акурат ля пахавання сваіх блізкіх. Гэтая “традыцыя” з’яўляецца праяўленнем дзікунства і хрысціянскай недасведчанасці. Акрамя таго, яна абражае памяць тых, хто адышоў у вечнасць.

Найбольш часта на могільнікі прыносяць свечкі і кветкі. Выбар кветак на сённяшні дзень дастаткова шырокі. Можна выбраць букет або кампазіцыю згодна са сваім густам. У лістападаўскія дні кожны імкнецца прынесці самыя прыгожыя кветкі, набыць самыя незвычайныя свечкі. Зразумела, што дагледжаная магіла, свежыя букеты з’яўляюцца выразам таго, што аб пахаванні ёсць каму паклапаціцца. Гэта значыць, што аб чалавеку і сёння памятаюць, яго і зараз шануюць і любяць.

Заходзячы на могільнік, звяртаю ўвагу на тое, што амаль на кожным помніку ёсць крыж або выява Хрыста ці Багародзіцы. Гэта з’яўляецца бачным знакам таго, што пахаваны тут хрысціяне – людзі, якія верылі ў Бога, наведвалі храм. Што ж тады на магіле робяць цукеркі або шклянкі? Мы прызвычаіліся ў штодзённым жыцці змешваць рэчы, якія па вялікаму рахунку змешваць нельга: побач з абразом вешаць падкову (на шчасце!), насіць на шыі крыжык, а на руцэ – чырвоную нітку. Сесці адразу на два крэслы і адчуваць сябе нармальна не атрымаецца. Заўсёды трэба выбіраць штосьці адно. Прынамсі, спачатку трэба адказаць сабе на пытанне, ідэнтыфікаваць сябе, выбраць сваю веру і кіравацца гэтым выбарам па жыцці.

Кожны хрысціянін ведае, што алкаголь, цукеркі і нават кветкі не прынясуць ніякай карысці для душы памерлага. Усе гэтыя рэчы з’яўляюцца неістотнымі і другараднымі. Дапамагчы блізкім такім спосабам немагчыма. Аднак кожны можа аказаць дапамогу дзейсным спосабам – паўдзельнічаць у богаслужэнні і шчыра памаліцца за людзей, якія, напэўна, найбольш ад нас гэтага чакаюць.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *