Для вучняў СШ № 3 восеньскія канікулы пачаліся з экскурсіі ў горад Заслаўе

Образование

Галоўнымі задачамі Фонду міру з’яўляюцца выхаванне падрастаючага пакалення ў духу патрыятызму, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны краіны. Таму для юных міратворцаў сярэдняй школы № 3 восеньскія канікулы пачаліся з экскурсіі ў горад Заслаўе — адзін з найбольш старажытных гарадоў Беларусі.

Багатая гісторыя гэтага загадкавага горада пачынаецца ў X стагоддзі. Першым князем быў кіеўскі князь Уладзімір Святаслававіч. Пасля яго смерці ўлада прыйшла да яго сына Ізяслава і цудоўнай жонкі Рагнеды. Як вядома, Рагнеда была ўзятая сілком у жонкі. Згодна з летапісамі, за спробу забойства кіеўскага князя Уладзіміра, свайго мужа, была саслана ганарлівая полацкая князёўна Рагнеда з сынам Ізяславам, які з мячом у руках уступае на абарону маці, у крэпасць Ізяслаўе. Менавіта таму да нашых дзён гэты горад называецца Заслаўем.

Наш шпацыр па горадзе пачаўся з Рыначнай плошчы ў гістарычным цэнтры Заслаўя, дзе якраз усталяваны помнік князю Ізяславу, сыну Рагнеды. Бронзавая фігура заснавальніка горада з кнігай і мячом у руках узвышаецца над сваімі былымі ўладаннямі на гранітным пастаменце. Цэнтральная плошча таксама ўвянчана белай званіцай касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, адной з галоўных гарадскіх славутасцяў, пабудаваных у стылі позняга барока. Экскурсантаў касцёл уразіў сваёй вытанчанай прыгажосцю, урачыстым і ўзнёслым гучаннем аргана, багатай гісторыяй, якая  пачалася, згодна з паданнем, у 1420 годзе, калі гэта быў першы драўляны касцёл.

Палюбавацца на яшчэ адзін помнік архітэктуры, Спаса-Праабражэнскую царкву, давялося дзецям з вышыні гарадскога вала. Гарадзішча «Вал» — помнік археалогіі XI-XII стст. На гэтым месцы размяшчаўся «дзядзінец» — цэнтр старажытнага горада Ізяслаўль. Тут знаходзілася сістэма абарончых збудаванняў з валаў у 3-3,5 м, насыпаных з пяску.

У цэнтры дадзенай цытадэлі і быў збудаваны храм абарончага тыпу. Гэта найбольш выразны з помнікаў абаронча-культавай архітэктуры Рэнесансу, якія дайшлі да нашага часу. Спаса-Праабражэнскі сабор дзеючы. Хоць інтэр’ер сціплы і просты, сцены і скляпеністыя столі не распісаны, але дух традыцыі, дух культуры і гісторыі захаваўся.

Ужо з першых крокаў экскурсіі дзеці паддаліся зачараванню Заслаўя і зразумелі: гэты горад хоча расказаць ім сваю гісторыю. Вучні адкрылі для сябе куточкі горада, які напоўнены чароўнай гісторыяй і легендамі, непаўторнымі пейзажамі. Хоць горад і невялікі, але вылучаецца нейкай незвычайнай, уютнай і цёплай атмасферай. Так і хочацца спыніцца і пажыць гэтым няспешным ціхім ходам, што так неабходна ў хуткім рытме сучаснага жыцця.

Святлана ЛАБАЧЭЎСКАЯ, Святлана БАБРАЎНІЦКАЯ, класныя кіраўнікі СШ № 3.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *