Магазін, які прыедзе сам. Як працуюць аўталаўкі ў Ашмянскім раёне?

Общество

Штораніцы аўтамагазіны Ашмянскага філіяла аблспажыўтаварыства адпраўляюцца са сваёй базы па шасці звыклых маршрутах, каб забяспечыць таварамі першай неабходнасці жыхароў аддаленых вёсак свайго раёна, а таксама часткі Іўеўскага. Каўбасы некалькіх айчынных вытворцаў, мясныя паўфабрыкаты, ахалоджанае свежае мяса, малако і кісламалочныя вырабы, свежыя хлеб і батоны, духмяныя булачкі ўласнай вытворчасці, яйкі, алей, цукеркі і пячэнне, крупы і макароны, чай, апельсіны — усяго і не пералічыш, што вязе магазін на колах сваім пакупнікам у населеныя пункты, дзе няма стацыянарнай крамы.

Аўталаўка проста не мае права не даехаць, бо ў адведзены графікам тэрмін яе чакаюць вяскоўцы. Нават калі за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад райцэнтра пражывае на хутары ўсяго толькі адзін чалавек, аўталаўка ўсё роўна адпраўляецца па маршруце.

Чатыры з шасці аўталавак, што маюцца ў наяўнасці ў філіяле, курсіруюць па Ашмянскім раёне. Амаль усе яны новыя, закупленыя за сродкі Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства. Адзін з аўтамабіляў быў набыты два гады назад. Яшчэ двума новымі аўто з фургонамі парк філіяла папоўніўся ў гэтым годзе. Апошні з іх толькі “знаёміцца” з населенымі пунктамі Ашмяншчыны. Беларуская аўталаўка “Юніскаф” на шасі расійскага ГАЗон NEXT прыйшла на змену сваёй папярэдніцы на маршруце па Гродзінскім і Жупранскім сельсаветах. Плюсы новай тэхнікі ўжо паспелі ацаніць як кіраўніцтва арганізацыі, так і самі пакупнікі.

— Калісьці людзі не маглі ўбачыць ужывую тавар на паліцах зашклёнай аўталаўкі, арыентаваліся толькі на спіс «Сёння ў продажы». У сучасных фургонах зусім іншая планіроўка, — адзначае намеснік дырэктара Ашмянскага філіяла абласнога спажыўтаварыства Ніна Рыбак. — Дзве дэманстрацыйныя вітрыны з халадзільным абсталяваннем, маразільныя лары, зручныя паліцы-стэлажы дапамагаюць зрабіць належную выкладку і пры гэтым захаваць якасць тавару. Восенню і зімой хутка цямнее. На гэты выпадак прадугледжана спецыяльнае падсвечванне вітрыны.

Упадабалі сучасны магазін на колах і вяскоўцы. Цяпер яны не толькі могуць добра разгледзець тавар і цэннікі, але і прымасціць на прыстасаваны прылавак свае торбы.

Жыхаркі вёскі Сухадолы Ганна Юркевіч і Галіна Муха пачалі распавядаць пра прадаўца Таццяну Янушкевіч, якую яны называюць ласкава “наша Танечка”.

— Лепшага прадаўца нам і не трэба. Любую нашу просьбу выканае, заўсёды дапаможа з выбарам, падкажа, чаму аддаць перавагу, — расхвальваюць жанчыны сваю прадавачку, а разам з ёй і вадзіцеля Міхаіла Пуцяту, з якім Таццяна працуе разам на працягу васьмі год.

Аўтамагазін — гэта не стацыянарная крама. Тут свая спецыфіка — са сваімі плюсамі і мінусамі, — аднак гэты фургончык Таццяна ні за што не прамяняе. Больш за дзесяць год яна аддала працы ў сістэме грамадскага харчавання, аднак знайшла сябе менавіта тут — у гэтых маленькіх вёсках, дзе яе чакаюць як самага дарагога госця, дзе гатовы раскрыць сваю душу і шчыра падзякаваць за нялёгкую, аднак такую неабходную працу. Тут звычайная ўсмешка і цёплае слова могуць сагрэць больш, чым самае дарагое футра.

Таццяна ведае кожнага свайго пакупніка не толькі ў твар. У спецыяльным сшытку запісаны ўсе нумары тэлефонаў вяскоўцаў — на выпадак, калі штосьці здарыцца ў дарозе і аўталаўка выб’ецца са звыклага графіка. Адваротная сувязь ёсць і ў людзей. Яны могуць звязацца ці з прадаўцом, ці напрамую патэлефанаваць спецыялістам у філіял.

У Сухадолах аўтамагазін стаіць паўгадзіны. За гэты час і атаварыцца можна, і навінамі мясцовымі падзяліцца, і выказаць пажаданні прадаўцу, што прывезці ў чарговы раз, які будзе зусім скора — у суботу.

Наступным прыпынкам на маршруце сталі Труханы, дзе ў будні дзень пакупнікоў можна пералічыць на пальцах адной рукі. Вадзіцель гучна падае сігнал, і дзве жанчыны паяўляюцца з-за рога бліжэйшай хаты.

— Прадуктаў набіраю адразу на цэлы тыдзень, — заўважае Крысціна Сцефановіч і дастае ўжо занатаваны на паперы “спісок” — каб нічога не забыцца. — Вось вырашыла “селядцом пад шубай” сябе пацешыць, мяса купіць, а таксама булачак да чаю. Важна не забыцца пра пачастункі для ката з сабакам.

Як высветлілася, для вусатых-паласатых ёсць тут і спецыяльны сухі корм, і крывяная каўбаса, і мясныя наборы Лідскага філіяла — прынамсі, зусім па смешнай цане. Падышла да аўталаўкі стараста вёскі Тарэса Прыбыльская. Пад’ехалі на аўтамабілі госці з суседняй Літвы, якія ў чарговы раз наведаліся на сваю малую радзіму.

— Прыязджаем не так часта, як хацелася б, — прызнаецца Аляксей. — На мяжы прыходзіцца прастойваць суткамі. Менавіта гэта і спыняе. Хто б мог падумаць, што літоўская старана будзе чыніць такія перашкоды. А на Радзіму ўсё роўна цягне. Я мясцовы, з гэтай вёскі, а Алена нарадзілася на Астравеччыне. З задавальненнем купляем беларускія прадукты, бо ведаем, што тут усё натуральнае і якаснае.

— Дзякуй, Таццяна і Міхаіл! Будзем чакаць вас у суботу! — развітваюцца жыхары вёскі. Раптам нехта ўзгадвае, што ў выхадныя адзначаецца Дзень аўтамабіліста, і віншаванні “сыплюцца” на Міхаіла Пуцяту, які за рулём магазіна на колах аддана працуе вось ужо 11 год. Новенькі аўтамабіль стаў для яго дастойным падарункам на прафесійнае свята.
Каб не выбіцца з графіка, які, дарэчы, разам з маршрутамі ўзгадняецца ў райвыканкаме, аўталаўка імчыць далей — у Дэбесі. Мы ж бяром курс на Ашмяны.

— За адзін дзень аўтамагазін аб’язджае ад 12 да 27 населеных пунктаў, — адзначыла Ніна Рыбак. — За месяц маршрут, якім мы толькі што ехалі, дае больш за 30 тысяч тавараабароту ў месяц. Галоўнае для нас — людзі. Такі сацыяльны арыенцір нашай арганізацыі, якая вось ужо 108 год ідзе насустрач простаму вясковаму чалавеку. Дзякуючы падтрымцы нашай дзяржавы мы і далей будзем рабіць усё неабходнае для паляпшэння гандлёвага абслугоўвання сельскага насельніцтва.

Аліна САНЮК.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *