Калі прыходзіць старасць

Алина Санюк

Паглыбіцца ў развагі пра ўзрост падштурхнула мяне гутарка са слухачом Школы маладога журналіста Андрэем, які адзначыў, што шасцідзесяцігадовы чалавек адносіцца да пажылых. Прызнацца, акалічнасць гэта мяне агаломшыла. “Ну ты даеш! Не можа быць!” — здзівілася я. Аднак перш чым уступіць у спрэчку з маладым чалавекам, палезла ў інтэрнэт – тэлефон жа ў руках 24 гадзіны ў суткі! А там і насамрэч чорным па беламу напісана, што з шасцідзесяці наступае адрэзак жыцця, якога ўсе так пужаюцца. І гэта выснова не кагосьці там старонняга і недасведчанага, а Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Як жа тут не пагадзіцца!

Сказаць, што для мяне гэта інфармацыя стала адкрыццём, не сказаць амаль нічога. Я ж, наіўная, спадзявалася, што ў сувязі з вялікім крокам наперад сістэмы аховы здароўя і адпаведна – ростам працягласці чалавечага жыцця старасць наступае недзе там пад восемдзесят. Пацвярджэннем таго служаць і шматлікія прыклады з сацыяльных сетак і не толькі, дзе людзі ва ўзросце жывуць паўнацэнна і насычана, займаюцца спортам, дасягаюць высокіх мэт. Язык нават не павернецца назваць іх старэчамі. Хіба што ад зайздрасці, каб ушчыкнуць, бо нехта ж старэе, седзячы на лаўцы пад пад’ездам, а нехта аніяк не хоча паддавацца ўзросту – у свае дзевяноста рашаецца прыгнуць з парашутам ці становіцца мадэллю на подыуме.

Калі ж усё-такі пачынаецца старасць? Думаю, што кожны задаваў сабе гэта пытанне. І нават не раз. Чым больш нам гадоў, тым часцей мы задумваемся пра свой узрост.

Аднак дзіўна атрымліваецца – адказы ва ўсіх розныя! Для кагосьці паняцце старасці з’яўляецца страшнай непазбежнасцю, якая прыходзіць разам з пенсійным пасведчаннем, а для кагосьці гэты час так і не наступае.

Нядаўна сустрэла на вуліцы сваю знаёмую. Падчас размовы закранулі тэму ўзросту. Даведаўшыся, колькі мне стукне ў наступным годзе, яна заўважыла: «Якая сумная дата!». Развітаўшыся, яшчэ доўга пракручвала ў галаве гэту фразу – чамусьці не хацела яна мяне адпускаць. Але ўсё стала на свае месцы, калі ўзгадала даўнюю сустрэчу з героем свайго чарговага нарыса. Тады мужчыне было семдзесят. Уласна кажучы, і матэрыял рыхтаваўся ў сувязі са значнай датай у яго жыцці. Субяседнік мой аказаўся чалавекам надзвычай мудрым і рознабаковым. Размаўляць з ім было адно задавальненне. Пазітыўны, зацікаўлены спортам і чытаннем кніг, з пачуццём гумару, ён нават знешне не выглядаў на свае гады. У гутарцы той ні разу ні прамільгнула адмоўных нотак. Нават не зусім станоўчы ўспамін пра сустрэчу былых аднакласнікаў ён перавёў у жарт.

– Убачыўшыся з бабулямі і дзядулямі, як бы глянуў на сябе са стараны. Прызнацца, не паверыў, што і я такі ж самы, напэўна! – засмяяўся мой суразмоўца.

Менавіта так мы адрозніваемся адзін ад аднаго. Хтосьці лічыць, што так шмат яшчэ наперадзе цудоўных дзён і падзей, а хтосьці ўжо апусціў рукі, сказаўшы сабе, што ён стары.

Безумоўна, кожны з нас пастарэе. Калі не люстэрка, то пашпарт будуць нам аб гэтым пастаянна нагадваць. Аднак за гэтымі знешнімі праявамі заўсёды будзе і наша ўнутраная сутнасць, напоўненая бясконцай энергіяй і маладосцю ці, наадварот, пастаяннай незадаволенасцю ўсім навокал.

Усё залежыць ад таго, якім жыццём мы жывём, які сэнс укладваем у імгненні, мінуты, гадзіны і дні. Калі наша жыццё напоўнена сэнсам, калі мы робім тое, чаго жадае наша душа, калі рухаемся да рэалізацыі задуманага, дзелімся радасцю і шчасцем з людзьмі, не перастаем здзіўляцца, то і ўнутры нас гарыць агеньчык вечнай маладосці і бязмежных магчымасцяў. Тады мы і апранаемся па-іншаму, і дом свой упрыгожваем інакш, і, чаго там хаваць, нават выклікаем зайздрасць у сваіх аднагодкаў.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *