У Барунах адбылася ўрачыстая каранацыя абраза Маці Божай Барунскай Суцяшальніцы засмучаных

События

У суботу, 12 кастрычніка, ў санктуарыі ў Барунах адбылася ўрачыстая каранацыя цудадзейнага абраза Маці Божай Барунскай, якая ўжо больш за тры стагоддзі ўшаноўваецца пад тытулам Суцяшальніцы засмучаных.

Гэтую падзею без перабольшвання можна назваць гістарычнай не толькі для  Ашмяншчыны, каталіцкага Касцёла на Гродзеншчыне, але і для Беларусі. У Гродзенскай дыяцэзіі абраз Маці Божай Барунскай стаў чацвёртым каранаваным абразам. Папскія кароны маюць абразы Маці Божай у Тракелях, Гудагаях і Гродне.

Год назад падчас святкавання 330-годдзя з часу прызнання абраза Маці Божай Барунскай цудадзейным было абвешчана аб рашэнні ўвянчаць абраз Маці Божай Барунскай спецыяльнымі біскупскімі каронамі.

Урачыстасці папярэднічала вялікая малітоўная падрыхтоўка. На працягу дзевяці субот навэнна да Маці Божай збірала вернікаў на малітоўныя спатканні. За гэты час падзякаваць Марыі за апеку і дапамогу, памаліцца за Касцёл у Беларусі, за ўсе сем’і і за нашу краіну ў Баруны прыязджалі вернікі з усіх дэканатаў Гродзенскай дыяцэзіі і іншых куткоў Беларусі.

У час падрыхтоўкі да значнай падзеі змянілася і ўнутранае аблічча барунскай святыні – асабліва алтарнай часткі касцёла. Тут праведзены мантаж каменных алтароў і амбона, у прэзбітэрыі пакладзена новая каменная плітка, зроблены рамонт у закрыстыі. Па-новаму заззялі адноўленыя жырандолі. Значныя работы праведзены па добраўпарадкаванні касцёльнай тэрыторыі, адрамантаваны парафіяльны клас.

Святочныя мерапрыемствы ў барунскай святыні адбываліся на працягу 11 і 12 кастрычніка. Кожны мог прыйсці да цудадзейнага абраза, каб з вялікім даверам прасіць дапамогі Маці Божай, спадзеючыся на яе неспасцігальную мацярынскую любоў, і ўдзельнічаць у святых імшах, адарацыі перад абразом, працэсіі, памаліцца на ружанцы.

Галоўная святая імша, падчас якой адбыўся абрад каранацыі абраза, адбылася 12 кастрычніка. У гэты дзень ў Барунах сабраліся вернікі з усёй Беларусі, якія жадалі выказаць павагу і падзяку Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных і адчуць яе падтрымку і апеку. Сярод ганаровых гасцей былі прадстаўнікі ўлады і вышэйшага духавенства рымска-каталіцкай і грэка-каталіцкай царквы, прысутнічалі святары Ашмянскага і іншых дэканатаў вобласці.

Біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Уладзімір Гуляй правёў урачыстую вігілійную святую імшу 11 кастрычніка, а мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў святую імшу ў дзень каранацыі абраза.

Кульмінацыяй набажэнства стала доўгачаканая ўрачыстасць ускладання карон, у якой прыняу́удзел ксёндз пробашч Барунскай парафіі Павел Паўлюкевіч.

З прывітальным адрасам ад імя Ашмянскага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў да ўсіх прысутных звярнулася намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Ганна Язель:

— Выказваю самую глыбокую ўдзячнасць усім, хто сваімі намаганнямі і працай набліжаў да нас гэту ўрачыстую падзею, якая несумненна будзе садзейнічаць захаванню і ўмацаванню агульнахрысціянскіх каштоўнасцей, падтрыманню маральных асноў нашага грамадства.

Сімвалічна, што каранацыя абраза Маці Божай Барунскай адбылася напярэдадні Дня маці, які адзначаецца ў нашай краіне 14 кастрычніка. У вобразе Божай Маці спалучыліся бясконцая любоў і самаахвярнасць, нястомная дапамога і клопат пра шчасце дзяцей. Маці з’яўляецца пасярэднікам паміж чалавекам і Богам, яе малітва чыстая і бескарысная. У маці мы шукаем ратунку і парады, да яе прыходзім у роспачы і ў радасці.

Для вернікаў, якія прыехалі на свята, была арганізавана работа гандлёвых кропак, у тым ліку  і Ашмянскага філіяла аблспажыўтаварыства, дзяжурства машыны хуткай дапамогі і супрацоўнікау́ дзяржаўтаінспекцыі.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота аўтара.

 

З гісторыі абраза Маці Божай Барунскай

Гісторыя цудадзейнага барунскага абраза бярэ пачатак у канцы XVII стагоддзя, калі Маці Божая аб’явілася Мікалаю Песляку, які ляжаў моцна хворы і чакаў смерці.

Абраз Маці Божай быў перададзены Мікалаю Песляку як найкаштоўнейшы скарб яго сваяком, айцом Язафатам Бражыцам з ордэна базыліянаў. Мікалай даў прысягу Найсвяцейшай Панне выканаць яе пажаданне пабудаваць святыню ў яе гонар на тым месцы, што яна ўказала.

У 1691 годзе Мікалай наняў трох рамеснікаў, каб зрабіць і ўсталяваць на вызначаным месцы крыж. На ім ён змясціў абраз. Дапамога Маці Божай стала адчувацца з першай хвіліны: калі на падрыхтаванае месца змяшчалі абраз і скарбонку, згубіўся цвік. Яго знайшоў і падняў сляпы жабрак, які праходзіў міма. Хто быў гэты бяздольны чалавек, невядома, але Божая ласка дакранулася да яго, і ён пачаў бачыць.

Навіна хутка разнеслася па наваколлі, у Баруны сталі прыбываць людзі, і ўсе, хто з верай звяртаўся да Панны Марыі, адыходзілі суцешаныя і шчаслівыя.

У 1692 годзе быў завершаны драўляны касцёл. Весткі аб цудах, атрыманых ад Маці Божай у Барунах, распаўсюджваліся ўсё далей. З усіх бакоў прыбывалі натоўпы людзей.

У тым жа годзе грэка-каталіцкі Мітрапаліт Кіеўскі і арцыбіскуп Полацкі Цыпрыян Жахоўскі адправіў у Баруны камісію, якая павінна была праверыць і прааналізаваць цуды, атрыманыя ад Маці Божай. У выніку да канца студзеня 1693 года былі правераны і занатаваны 72 цуды.

Калі камісія скончыла працу, Мітрапаліт прыехаў у Баруны асабіста, каб разгледзець вынікі даследванняў. 2 лютага 1693 года іерарх выдаў дакумент аб прызнанні абраза Маці Божай Барунскай цудадзейным, а цудаў — праўдзівымі.

У наш час святыня ў Барунах была абвешчана санктуарыем Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *