Святлана Багдановіч: жанчына, маці, творчы чалавек

Общество

Родная вёска. Бацькоўская хата. Як шмат глыбіні ў гэтых простых словах. Прыязджаючы ў чарговы населены пункт, заўважаю яго асаблівасць, аўтэнтычнасць, унікальнасць. Чарговай кастрычніцкай раніцай мы накіраваліся ў вёску Бернікі, якая знаходзіцца непадалёк ад горада. Насупраць вясковага крыжа, упрыгожанага кветкамі і стужкамі, знаходзіцца дом Святланы Багдановіч, старасты вёскі. Неўзабаве гаспадыня запрашае ў хату. Вось ужо Святлана Васільеўна размясцілася на канапе акурат насупраць мяне і пачала аповед пра ўласнае жыццё. Я ўважліва слухаю гаспадыню і адначасова разглядаю фотаздымкі на сценах пакоя.

Нарадзілася Святлана Васільеўна ў невялічкай вёсцы Журавы ў шматдзетнай сям’і. Яна была самым старэйшым дзіцём, таму на яе плечы была ўскладзена большая частка клопатаў. Яе мама ўсё жыццё працавала ў мясцовай школе настаўніцай пачатковых класаў. Маленькая Света з захапленнем сачыла за мамай, яе манерай трымацца, уменнем знайсці падыход нават да самага закаранелага гультая. Пакрысе пачалі з’яўляцца думкі аб тым, каб звязаць свой шлях з настаўніцтвам. У падлеткавым узросце дзяўчына вырашыла рэалізаваць даўнюю мару і падала дакументы ў Гродзенскі педагагічны інстытут. Абітурыентка выдатна напісала сачыненне, а вось экзамен па гісторыі не атрымалася здаць на выдатна. Гэта акалічнасць вельмі засмуціла дзяўчыну – у той дзень ушчэнт разбілася яе даўняя ружовая мара стаць настаўніцай.

У выніку Святлана паступіла ў Гродзенскі кааператыўны тэхнікум. Скончыўшы навучальную ўстанову, прыехала працаваць на Ашмяншчыну, уладкавалася прадаўцом ва ўнівермаг. А крыху пазней стала працаваць таваразнаўцам у мясцовым гарспажыўтаварыстве. Праз некаторы час у сяброўкі Святлана пазнаёмілася са статным і прыгожым хлопцам – Іванам. Маладыя людзі спадабаліся адзін аднаму, а ў 1980 годзе справілі вяселле. З цягам часу ў сям’і нарадзіліся сыны – Віталік і Юра. Бацькі ўсёй душой стараліся даць сынам усё самае лепшае. Калі хлопцы былі ў падлеткавым узросце, іх тата захварэў на анкалогію. Гэтая акалічнасць засмуціла сям’ю. Святлана Васільеўна штодня назірала за тым, як чэзнуць сілы дарагога і любага чалавека. Ёй было страшна страціць жыццёвага спадарожніка і самага дарагога чалавека. Аднак яе страшным прадчуванням было наканавана спраўдзіцца — праз тры месяцы пасля пастаноўкі дыягназу Івана не стала. Раптоўна асірацела сямейнае гняздо, па-іншаму стала ўспрымацца рэчаіснасць. Аднак гаспадыня разумела, што яна не можа быць слабой, бо на яе плячах сур’ёзная адказнасць: сыны-школьнікі, вялікая гаспадарка, безліч бытавых абавязкаў.

Жанчына-маці здольная на многае. Святлана Багдановіч і сёння не разумее, як ёй удавалася ўтрымліваць такую вялікую гаспадарку, хадзіць на працу, спраўляцца са справамі на гародзе. Напэўна, сам Бог бласлаўляў і ўмацоўваў гаспадыню, даваў ёй сілы і духоўную моц.

Сёння Віталій і Юра — дарослыя людзі. Кожны жыве сваім жыццём, аднак мама застаецца сэрцам сям’і. Яна, быццам магутны магніт, прыцягвае сыноў да роднай хаты. І зараз, адклаўшы ўласныя клопаты і абавязкі, Віталік і Юра стараюцца дапамагчы маме, зрабіць яе жыццё больш камфортным. Нядаўна ў доме было праведзена электрычнае ацяпленне, з’явіўся пакой для гігіены. Для чалавека ва ўзросце гэтыя рэчы вельмі важныя. З гонарам гаспадыня дэманструе і тэлевізар, які падаравалі дзеці. Святлана Васільеўна ўжо асвоіла інтэрнэт, цяпер яна самастойна можа адшукаць любы фільм або тэлеперадачу. Але больш за ўсё яе прывабліваюць кнігі. З вялікім захапленнем яна чытае дэтэктывы і раманы, якія ёй дапамагае выбіраць бібліятэкар Алена Шкелда. Жанчына лічыць, што любоў да слова ёй прывіла мама. Доўгі час Святлана Багдановіч супрацоўнічала з раённай газетай – дасылала ў рэдакцыю свае нататкі і вершы. За размовай гаспадыня прыгадвае адзін са сваіх вершаў пра родную вёску. З вялікім імпэтам яна пачынае дэкламаваць шчымлівыя і цёплыя радкі: “Мае родныя Бернікі, куточак маленькай радзімы! Я заўжды ўсім сэрцам з табой. Як жа любыя сэрцу твае краявіды, прыгажэйшай не знаю я вёскі другой”.

Больш за пятнаццаць год Святлана Васільеўна з’яўляецца старастай вёскі. У яе архіве — безліч грамат, дыпломаў і падзячных лістоў рознага ўзроўню. І сёння стараста хоча, каб вёска жыла і развівалася, каб не перарывалася яе жыццядайная нітка, а на вуліцах чуўся дзіцячы гоман і смех.

У канцы кастрычніка Святлана адзначыць свой юбілей — ёй споўніцца 70 год. Павіншаваць дарагога і любага чалавека збярэцца ўся сям’я: сыны, нявестка Наталля і ўнучка Паліна. Жанчына лічыць, што Паліна — гэта падарунак ад Бога. Усмешлівая чатырохгадовая дзяўчынка напаўняе бабуліна жыццё сэнсам, дорыць радасць і станоўчыя эмоцыі. Лепш за любыя лекі Паліна пазбаўляе бабулю ад стомленасці і разнастайных хвароб.

Шчаслівы чалавек: які ён? Можа, ён не мае праблем і клопатаў? А можа, цалкам забяспечаны ў матэрыяльным плане? Святлана Багдановіч разумее шчасце па-іншаму. Нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці і перыпетыі яна лічыць сябе па-сапраўднаму шчаслівай, бо ўмее заўважаць хараство і гармонію ў простых рэчах: усмешках дзяцей і ўнучкі, кветках, што растуць на гародзе, восеньскім дожджыку і яблыках, якія рассыпаліся ля старой яблынькі. За семдзесят год жыцця жанчына засвоіла гэтую простую, але такую важную жыццёвую філасофію.

Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *