У Ашмянскім музеі распачаў працу праект “Хлебу пашана вечная, ці Як хлеб на стол прыйшоў…”

Культура

У рамках 14-й дэкады “Залаты ўзрост” у Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча распачаў працу выставачны праект “Хлебу пашана вечная, ці Як хлеб на стол прыйшоў…”. Хлеб — святыня нашага народа… Колькі сіл і энергіі патрэбна для таго, каб яго вырасціць! Здаўна ён быў самым важным прадуктам харчавання, мерай усіх каштоўнасцей. Нездарма ў даўнія часы людзі перш за ўсё пыталіся адзін у аднаго: як урадзіла жыта. Калі добра, то будзем жыць.

Выставачны праект знаёміць наведвальнікаў са шляхам хлеба ад зярнятка да каравая, адлюстроўвае ўсе этапы вырошчвання зерня, апрацоўкі зямлі, сяўбы, жніва,  абмалоту, выпечкі хлеба. На выставе прадстаўлены прылады працы, традыцыйнае хатняе начынне, таксама раскрываюцца тэмы значэння хлеба ў гады Вялікай Айчыннай вайны і вытворчасць хлебабулачных вырабаў на Ашмяншчыне ў савецкі перыяд. Часовая экспазіцыя насычана музейнымі прадметамі, якія з’яўляюцца часткай матэрыяльнай культуры Ашмяншчыны.

Часта мы гаворым пра хлеб, думаем пра яго. Шмат стагоддзяў хлебам-соллю сустракаюць жаданых гасцей. Зернем асвячалі немаўлят, асыпалі маладых, каб тыя жылі дружна і багата. Матыка, пазней — плуг, а таксама серп ды цэп – вось і ўвесь сельскагаспадарчы інвентар нашых продкаў. І нават сёння, калі на палях працуюць тысячы сучасных машын, вырошчваць хлеб не стала лягчэй, і цэнім мы яго па-ранейшаму. І калі бачыш хлопчыка ці дзяўчынку, якія з непавагай адносяцца да хлеба, цяжка ўявіць, што яны вырастуць добрымі людзьмі.

Падзяліцца сакрэтам прыгатавання смачнага, духмянага хлеба, рэцэпт якога перадаецца і шануецца з пакалення ў пакаленне, вырашыла жыхарка вёскі Труханы Тарэса Прыбыльская. Тарэса Іванаўна — унікальны майстар. Яна захавала і выкарыстоўвае старадаўнія традыцыі выпечкі хлеба, акрамя таго, яна піша вершы, якія прагучалі падчас мерапрыемства і кранулі кожнага прысутнага да глыбіні душы. Трэба адзначыць, што ўдзел Тарэсы Іванаўны ў лістападзе мінулага года ў конкурсе “Хлебнае багацце Гродзеншчыны” ў намінацыі “Традыцыйны хлеб хатняй выпечкі” быў адзначаны дыпломам упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама.

Завяршылася мерапрыемства музычным нумарам ад Марыі Горыд, а пасля загадчыца музея Настасся Навіцкая прапанавала прысутным пачаставацца гарбатай, а таксама прадукцыяй Ашмянскага філіяла аблспажыўтаварыства. Але галоўным упрыгожаннем стала стаў фірменны пірог ад госці мерапрыемства Тарэсы Прыбыльскай.

Вераніка НАВІЦКАЯ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *