Апошнім часам свет захліснула хваля квадробікі. Дзеці, падлеткі, моладзь апранаюць маскі жывёл, імітуюць іх павадкі, бегаюць на чатырох “лапах”, брэшуць або мяўкаюць. Стужкі сацыяльных сетак мільгаюць адпаведнымі відэа і паведамленнямі. Дакацілася навамодная тэндэнцыя і да Беларусі. Падчас летняга адпачынку такія “экзэмплярчыкі” на свае вочы бачыла ў Мінску. Меркаванні наконт квадробераў, зразумелая рэч, раздзяліліся. Адныя бачаць у гэтым руху часовае захапленне, магчымасць нестандартна і весела правесці час, а таксама спробу самавыяўлення — яны ж малююць, шыюць, рыхтуюць касцюмы. Маўляў, каму перашкаджаюць пухнатыя хвасты, вушкі і каларытныя маскі?! Многія ж з нас прымервалі на сябе вобраз коціка, ваўка, мішкі, зайчыка, лісы або вавёркі на навагодніх ранішніках. Сапраўды, толькі было гэта ў дзіцячым садку і ніяк не крочыла з намі ў паўсядзённае дарослае жыццё. Ніхто не пераходзіў на карачкі, не спрабаваў есці з сабачай міскі і тым больш кусаць тых, хто побач.
Фота выкарыстана ў якасці ілюстрацыі
Так-так, частка “бяскрыўдных” квадробераў замахнулася і на гэты інстынкт жывёл. Адрошчваць кіпцюры, драпаць і кусаць людзей, праяўляць агрэсію — для іх таксама частка “захаплення”.
Безумоўна, не ўсё так адназначна. Хтосьці сапраўды ў пагоні за моднай тэндэнцыяй проста прымераў вобраз, які праз два дні скіне, як і сам маскарад, і вернецца ў рэальнасць. Аднак ёсць і шчырыя паслядоўнікі квадробінга, які становіцца субкультурай.
Дарэчы, пачатак спартыўнаму накірунку, які ўзнік у 2000-х, паклаў японскі спрынтар Кенічы Іта. Ён захапляўся бегам на карачках і нават паставіў рэкорд, пасля чаго атрымаў мянушку чалавек-малпа.
У 2020 годзе рух набыў асаблівую папулярнасць. Некаторыя з квадробераў і тыя, хто ім сімпатызуе, апраўдваюць такія паводзіны грунтоўным, на іх погляд, аргументам – дзякуючы спартыўнай нагрузцы хобі дазваляе развіваць розныя групы мышцаў. На хвілінку, такі ж эфект дадуць заняткі лёгкай атлетыкай, гандболам, футболам, гімнастыкай. І зусім не абавязкова атаясамліваць сябе з жывёлай. Выбар, як кажуць, заўсёды ёсць.
А што наконт квадробікі думаюць псіхолагі? Меркаванні спецыялістаў сыходзяцца ў адным: вельмі важна правесці выразную грань паміж нявіннай дзіцячай забавай і дэвіянтнымі паводзінамі. Калі гэта гульня, то яна дапамагае дзіцяці эмацыянальна развівацца. Чаго не заўсёды скажаш пра падлеткаў. За маскай квадробера яны нярэдка хаваюць праблемы, з якімі не могуць самастойна справіцца. Так падлеткі ўцякаюць ад рэальнасці.
Бацькі, настаўнікі, людзі, якія знаходзяцца побач з квадроберам, павінны разумець, гэта гульня ці форма пратэсту. У апошнім выпадку захапленне квадробікай можа прывесці да дэпрэсіі і псіхічнага захворвання.
Зрэшты, ёсць навіна і для тых, хто вырашыў часова, дзеля моды і кампаніі, пабыць квадроберам. Хуліганскія або агрэсіўныя паводзіны (раскідванне смецця, пашкоджанне аўтамабіляў, нанясенне цялесных пашкоджанняў іншым людзям) прадугледжваюць адміністрацыйную і крымінальную адказнасць. І крылатая фраза Матроскіна “Вусы, лапы і хвост — вось мае дакументы!” тут адназначна не дапаможа. Так што магчыма, варта ўсё ж заставацца homo sapiens, а не скочвацца па эвалюцыйнай лесвіцы ў прорву.
Людміла РЫБІК.