Як ператварыць падворак у казачны сад? Рэцэпт ад гаспадароў Кандратовіч

Общество

Ашмяншчына багатая на ўтульныя куточкі – невялікія вёскі з асаблівым каларытам. Адна з іх – Людвікаўшчына Кальчунскага сельскага Савета. У гэтым годзе вёска рыхтуецца да конкурсу па добраўпарадкаванні населеных пунктаў сярод сельсаветаў Ашмянскага раёна. Людвікаўшчына была выбрана нездарма – тут жывуць дбайныя і руплівыя людзі, якія клапоцяцца аб чысціні і прыгажосці. Падворак сям’і Кандратовіч для суседзяў – узорны і паказальны. Многія прыходзяць сюды, каб палюбавацца прыгажосцю і падзівіцца на незвычайныя фігуры, што размясціліся ля хаты. Ігнат Пятровіч і Валянціна Лявонцьеўна гасцінна сустракаюць кожнага, хто завітаў да іх.

Зімой сям’я жыве ў горадзе, а з наступленнем вясны пераязджае ў Людвікаўшчыну. Муж і жонка нарадзіліся ў сельскай мясцовасці: Ігнат Пятровіч – у Гальшанах, а Валянціна Лявонцьеўна – у Каменцы. Усё жыццё гаспадары марылі набыць лецішча, а ў 2013 годзе іх мара здзейснілася. Кандратовічы набылі прасторны дом у Людвікаўшчыне і пачалі рамонт.

Спачатку мы задумваліся над тым, каб набыць лецішча ў садовым таварыстве, аднак, падумаўшы, адмовіліся ад гэтай ідэі. Хацелася прасторы і поўнага адчування вёскі. Калега падказаў, што ў Людвікаўшчыне прадаецца дом. Мы вырашылі паглядзець. Бясспрэчна, ён патрабаваў гаспадарскай рукі: неабходна было рамантаваць сцены і дах, патрабавалі замены вокны, неабходна было аднаўляць падлогу. Я прывык усё рабіць сваімі рукамі, таму гэтыя акалічнасці мяне не напалохалі, а хутчэй, наадварот, падштурхнулі набыць дом, — расказвае гаспадар.

Усё жыццё Ігната Кандратовіча звязана са сталярнай справай. Гэта рамяство мужчына пераняў ад свайго дзеда, які быў майстрам на ўсе рукі, творча падыходзіў да працы, умеў рабіць прыгожыя і незвычайныя рэчы. У той час маленькі Ігнат па-сапраўднаму закахаўся ў сталярную справу. З ёй звязаў свой далейшы прафесійны лёс. Мужчына доўгі час працаваў у Доме піянераў – далучаў дзяцей да разьбы па дрэве. Сёння свой талент гаспадар рэалізуе на лецішчы. Сваімі рукамі ён зрабіў рамонт у доме і аднавіў старую мэблю, а вакол будынка размясціў сапраўдныя драўляныя шэдэўры. Ля веранды ўсталявана фігура мядзведзя. Здаецца, што гаспадар лясоў сочыць за парадкам на падворы, пільна назірае за кожным рухам і крокам. Мядзведзя я змайстраваў восем год таму. Узброіўшыся стамескай, сякерай і нажоўкай, працаваў над гэтай фігурай крыху больш за дзень. Цяпер мішка з’яўляецца адным з любімых персанажаў нашых гасцей. Усе імкнуцца тут сфатаграфавацца. У пары з мядзведзем знаходзіцца рыцар-манах. Гэтыя два ахоўваюць дом у зімовы час, — жартуе Ігнат Кандратовіч.

Гаспадар расказаў, што ідэі стварэння той або іншай фігуры яму падказвае прырода. Крыху творчасці – і кавалак зламанага дрэва ператвараецца ў вожыка, зайчыка або вясёлага лесавічка. Не так даўно з дапамогай зяця і свата Ігнат Пятровіч здзейсніў сваю даўнюю задумку — змайстраваў прасторную альтанку на пятнаццаць чалавек. Унутры гаспадар устанавіў каларытную мэблю, зробленую сваімі рукамі. Гаспадыня аздобіла стол адмысловым абрусам, а вокны – далікатнымі фіранкамі.

Гаспадар скептычна ставіцца да штучных матэрыялаў і канструкцый. Калі ўзнікла неабходнасць замяніць вокны ў доме, мужчына катэгарычна адмовіўся ад сучасных пластыкавых, аддаўшы перавагу драўляным. У мяне ёсць тры “кіты” – метал, кераміка і дрэва. Гэтыя матэрыялы я лічу прымальнымі для выкарыстання. Ёсць у іх натуральнасць. Лічу неправільным пераехаць у вёску і рабіць рамонт з дапамогай штучных матэрыялаў. Дом павінен дапамагаць дыхаць, спрыяць адпачынку чалавека. У нас створаны менавіта такія ўмовы, — падкрэслівае Ігнат Пятровіч.

Не так даўно на адной са сцен кухні “расцвілі” незвычайныя кветкі. Сцяна пабудовы падавалася гаспадару надзвычай сумнай і шэрай. Ён вырашыў яе ўпрыгожыць драўлянымі кветкамі. Госці, што трапляюць сюды, адзначаюць арыгінальнасць рашэння. Побач з драўлянымі распускаюцца і жывыя кветкі. За гэтым пільна сочыць гаспадыня. Ружы, рамонкі і аксаміткі яшчэ радуюць сваім хараством. Сочаць Кандратовічы і за чысцінёй тэрыторыі. Ігнат Пятровіч прызнаецца, што першым памочнікам у пытаннях касьбы з’яўляецца ўнук. Ад дзядулі ён пераймае гаспадарскія навыкі, вучыцца працаваць з дрэвам. Прыязджаючы ў вёску, ён дбайна працуе разам з дзядулем і бабуляй. А працы сапраўды багата. На 42 сотках размясціліся тры вялікія цяпліцы, у якіх вырошчваюцца таматы, перцы і агуркі. Ёсць і грады з бульбай. Дачка з зяцем аказваюць дапамогу бацькам у сельскагаспадарчых пытаннях. Аднак прыязджаюць сюды не толькі дзеля дапамогі, але і каб адпачыць, падыхаць свежым паветрам, з’яднацца з прыродай. У вольны час заходзяць да Кандратовічаў і суседзі. Паэтка Тарэса Адашкевіч жыве непадалёк. Яна часта наведваецца, каб пагутарыць, падзяліцца навінамі і палюбавацца прыгажосцю незвычайнага падворка. Натхніўшыся прыўзнятай атмасферай, што пануе ў суседзяў, некалькі месяцаў таму яна напісала верш “Горад майстроў”. Твор з дзесяці строф прыемна здзівіў і расчуліў гаспадароў. І сёння яны з цеплынёй захоўваюць аркуш з вершам.

Зусім хутка скончацца гаспадарскія справы. Ігнат і Валянціна вернуцца ў ашмянскую кватэру. Разам з імі пераедзе і іх чацвераногі гадаванец – кот Васька. За час вясковага жыцця ён ужо напрактыкаваўся лавіць мышэй і кратоў, таму яму, як і гаспадарам, вяртацца ў горад зусім не хочацца. Аднак Кандратовічы ўжо сёння суцяшаюць сябе тым, што зімовая пара – гэта час падрыхтоўкі да новага сезону. Ёсць магчымасць адпачыць. За зіму гаспадар абдумае ідэі для новых фігур, а гаспадыня працягне вывучаць гатункі перцаў і таматаў. Хутка мінуюць зімовыя месяцы і Кандратовічы зноў прыедуць у Людвікаўшчыну – месца, якое стала любімым і завалодала іх сэрцам.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *