Даведаліся, як жывуць маладыя інжынеры-тэхнолагі

Общество

Пытанне выбару прафесіі заўсёды стаіць надзвычай востра, бо ад гэтага выбару залежыць далейшы лёс чалавека. Выбраць справу па сэрцы і не памыліцца даволі складана. Для гэтага патрэбна прыслухоўвацца да сябе, адчуваць унутраныя схільнасці. Алена Гарахоўская і Дзіяна Раманчук у 2019 годзе паступілі ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Абедзьве выбралі адну і тую ж спецыяльнасць – інжынер-тэхнолаг грамадскага харчавання. У той час дзяўчаты яшчэ не былі знаёмы, кожная па-рознаму бачыла сваю будучыню. Яны не маглі сабе ўявіць, што праз чатыры гады разам прыедуць працаваць у Ашмяны, будуць жыць у адным покоі, а доўгімі вечарамі абмяркоўваць працоўныя справы.

Тэхнолаг з душою лірыка

Алена Гарахоўская з першых хвілін зносін выклікае сімпатыю. Усмешлівая, з пачуццём гумару і вялікай жыццёвай энергіяй, яна адразу прыцягвае да сябе. Дзяўчына прызнаецца, што ў дзяцінстве яе прываблівалі розныя прафесіі. Штодня з’яўляліся новыя думкі і жаданні. Нарадзілася і вырасла Лена ў Пінску ў шматдзетнай сям’і. Яе бацькі і старэйшыя браты працавалі на мясакамбінаце, таму з “харчовай” тэмай дзяўчына была знаёма з самага дзяцінства. Пасля працы бацькі захоплена абмяркоўвалі працоўныя пытанні. Гэта прыцягвала маленькую Лену. У выпускным класе школьніца цвёрда вырашыла выбіраць харчовую спецыяльнасць, таму дакументы накіравала ў Гродна. Уся сям’я вельмі хвалявалася падчас уступнай кампаніі, перажывала і абітурыентка. Аднак сістэматычная праца па падрыхтоўцы да ЦТ прынесла доўгачаканы плён – дзяўчына паступіла на бюджэтную форму навучання. І сёння яна з хваляваннем прыгадвае той дзень, які стаў адным з самых шчаслівых у яе жыцці. Чатыры гады мінулі хутка. Выпускніцу чакала размеркаванне. Куратар прапанавала паехаць у Ашмяны і там распачаць сваю працоўную дзейнасць. Крыху падумаўшы, дзяўчына згадзілася.

— Зразумела, што ў той момант я вельмі хвалявалася. У маім жыцці пачыналася новая самастойная старонка. Новы горад, новыя людзі, новыя перспектывы – усё гэта вабіла. Бацькі  падтрымалі маё жаданне паехаць на працу ў Ашмяны. Сёння працую на пасадзе інжынера-тэхнолага ў сектары грамадскага харчавання Ашмянскага райспажыўтаварыства. Новы калектыў прыняў цёпла, калегі дапамаглі зразумець сутнасць працы,  стаць часткай працоўнай сям’і, — адзначае Алена.

Распрацоўка рэцэптуры новых страў з’яўляецца адной з ключавых задач спецыяліста. За год актыўнай дзейнасці зроблена многае – адноўлены выпуск многіх кандытарскіх вырабаў, а таксама створаны новыя кулінарныя шэдэўры. Зноў пачалі радаваць пакупнікоў “Ашмянскія рагалікі”, пірожанае “Мядунчык”, торт “Клубнічны водар”. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца пірожаныя “Узор”, “Вішнёвы пацалунак”, “Чарнаморачка”. Яны пастаўляюцца не толькі ў гандлёвыя кропкі нашага раёна, але і ў суседнія раёны.

— Попытам і папулярнасцю карыстаюцца нашы хот-догі і бургеры. Падчас выязнога гандлю іх купляюць у першую чаргу. За год працы зразумела адно – тэхнолаг не можа стаяць на месцы. Ён павінен увесь час развівацца, вывучаць попыт пакупнікоў. Дзякуючы назіранням можна заўважыць, што найбольш запатрабавана ў нашых людзей. Ужо паспела адзначыць, што з асаблівай пашанай ашмянцы ставяцца да кандытарскіх вырабаў з шакаладам. Зараз імкнемся пашырыць іх асартымент, — падкрэслівае спецыяліст.

Лена захоплена расказвае пра свае штодзённыя абавязкі, знаёміць з незразумелай тэрміналогіяй, тлумачыць пэўныя аспекты. Бачна, што дзяўчына ўсім сэрцам любіць сваю справу. Аднак, акрамя працы, у кожнага ёсць асабістая сфера – любімыя заняткі, сябры, родныя людзі. Алена Гарахоўская называе сябе “хатнім” чалавекам. Прыйшоўшы з працы, яна любіць заглыбіцца ў добрую кнігу. Новыя героі і абставіны дапамагаюць развіваць уяўленне і фантазію. Перавагу дзяўчына аддае сучасным аўтарам. Яшчэ адным любімым заняткам з’яўляецца кулінарыя. Гэта хобі дзяўчына звязвае са сваёй працай. Праз вывучэнне нацыянальнай кухні розных народаў яна адкрывае новыя і невядомыя рэчы.

— За год паспела палюбіць Ашмяны. Гэты горад прывабіў мяне цішынёй і спакоем. Тут няма мітусні і шуму. Ашмянская размеранасць мяне вельмі прываблівае, у цішыні ёсць свая глыбіня і прыгажосць.

Утульна на новым месцы

Гледзячы на Дзіяну Раманчук, падаецца, што яна сышла са старонак кнігі. Далікатная і грацыёзная, яна атаясамліваецца з самымі прыгожымі жаночымі вобразамі. Здаецца, што і прафесія ў яе павінна быць узвышанай і незвычайнай. Гэтую ўзвышанасць Дзіяна знаходзіць у працы інжынера-тэхнолага. А працуе малады спецыяліст у цэнтры для забяспечання дзейнасці бюджэтных арганізацый і дзяржаўных органаў. Хоць яе праца звязана з дакументацыяй, гэта не перашкаджае дзяўчыне быць па-сапраўднаму шчаслівай на сваім першым працоўным месцы.

Нарадзілася Дзіяна ў вёсцы Мельканавічы, што на Слонімшчыне. Як і сяброўка паходзіць са шматдзетнай сям’і, у якой выхоўвалася чацвёра дзяцей. У школьныя гады вучаніца шукала сябе ў розных сферах. А ў старэйшых класах на сямейным сходзе было вырашана атрымліваць спецыльнасць інжынера-тэхнолага. Да таго ж, дзяўчына ў той перыяд моцна захапілася кулінарыяй, таму перавагу аддала харчовай сферы. Вучылася студэнтка на платным аддзяленні. Дзіяна мела свабодны дыплом, магла ўладкавацца ў любым кутку нашай краіны. Падчас размовы куратар групы, у якой вучылася Дзіяна, прапанавала паехаць у Ашмяны і там распачаць прафесійную дзейнасць. Дзяўчына параілася з бацькамі і вырашыла прыняць прапанову.

— Мой працоўны дзень пачынаецца ў восем раніцы са збору заявак на прадукты, пасля разам з супрацоўнікамі санстанцыі мы праводзім маніторынгі харчовых аб’ектаў, праводзім пробы. Гэтая дзейнасць патрабуе асаблівай пільнасці і ўважлівасці. За год працы свае абавязкі ўжо выконваю на аўтамаце. Усё гэта стала магчымым дзякуючы падтрымцы старэйшых калег, — расказвае малады спецыяліст.

У Дзіяны і Алены адна спецыяльнасць, але на працы ў кожнай свой падыход. Дзейнасць Алены звязана з кантролем, а Дзіяны – з распрацоўкай новага і невядомага. Хоць у дзяўчат шмат агульнага, ёсць і тыя моманты, якія іх адрозніваюць, выдзяляюць як асоб. Мы задалі маладым спецыялістам пяць аднолькавых пытанняў, на якія патрэбна было адказаць не задумваючыся.

— Які ваш самы вялікі страх?

Алена:

— Дапусціць памылку ў дакументах, нечага не ўбачыць. Ведаю, што гэта можа прывесці да сур’ёзных наступстваў.

Дзіяна:

— Больш за ўсё баюся адзіноты. Лічу сябе кампанейскім чалавекам, адзінота для мяне нязвыклая рэч.

— Чым вы ганарыцеся на сённяшні дзень?

Алена:

— Трывалымі ведамі, паспяховым заканчэннем навучання. Я змагла, я здолела, таму сёння маю працоўнае месца.

Дзіяна:

— Вадзіцельскім пасведчаннем. Гэта была мая даўняя мара. Яе я нядаўна рэалізавала. Пакуль яшчэ не маю ўласнага аўто, але спадзяюся ў бліжэйшым будучым набыць.

— Што бы вы ў сваім жыцці ніколі б не зрабілі?

Алена:

— Ніколі не курыла б і не піла спіртныя напоі. Мяне выхоўвалі вельмі строга. І сёння разумею, што гэтыя звычкі страшныя. Асабліва для жанчыны, якая плануе нараджаць дзяцей.

Дзіяна:

— Ніколі б не здрадзіла. Для мяне здрада з’яўляецца амаральным учынкам.

— Хто з’яўляецца для вас самым блізкім чалавекам?

Алена:

— Мая матуля Таццяна Пятроўна. Яна для мяне не толькі мама, але яшчэ і сяброўка, якой я магу даверыць любы сакрэт.

Дзіяна:

— Мой хлопец Дзяніс. Гэта мая падтрымка і жыццёвая апора.

— Ваш жыццёвы дэвіз.

Алена:

— Што б не здарылася – усё міне.

Дзіяна:

— Ніколі не здавацца.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *