“Восеньскі кірмаш” прайшоў у Гальшанах

Культура

Верасень – час збіраць багаты плён. Акрамя таго, у гэты перыяд праходзяць традыцыйныя кірмашы, якія збіраюць гасцей з розных куткоў для калектыўнага адпачынку. Чарговае такое мерапрыемства прайшло ў Гальшанах. Цёплым нядзельным вечарам жыхары аграгарадка сабраліся ў цэнтры, каб далучыцца да культурнай праграмы. Пацешнікі забаўляльнымі квэстамі адкрылі мерапрыемства. Пасля перад гасцямі з’явілася гаспадыня свята – Восень. Яна адарыла гасцей сваімі шчодрымі дарамі – яблыкамі, збожжам, бульбай, буракамі і капустай.

Не абышоўся кірмаш і без традыцыйных герояў – Дзеда і Бабы. Яны далучылі гасцей да вясёлых конкурсаў, дапамаглі раскрыць спрыт, прадэманстраваць інтэлектуальныя здольнасці. Падчас кірмаша госці частаваліся фірменным гальшанскім ласункам – кашай ад бабы Ганны. Акрамя таго, гледачоў чакала вялікая скрыня чырвонабокіх яблыкаў. Кожны жадаючы мог пачаставацца духмянымі пладамі. А ежай для душы “частавалі” гальшанцаў супрацоўнікі культуры. Станіслава Тамашэвіч, Алена Шавель, Святлана Ганусевіч, Таццяна Чэрская, Валянціна Горыд, Валянцін Роман, Арцём Гружэўскі, Алена Альшук, Алена Сальмановіч, Эдуард Булкевіч, Вацлаў Сідаровіч, Анастасія Станкевіч, Міхаіл Шчучка, Уладзімір Гайдукевіч, Любоў Шчарбакова і Марына Кісліцкая прэзентавалі творчыя нумары, запрашалі акунуцца ў незвычайны свет музыкі.

Удзельнікі дзіцячых танцавальных калектываў “Фіеста” і “Мэры Попінс” падаравалі гледачам яркія танцавальныя нумары. У канцы мерапрыемства гасцей чакаў восеньскі каравай. Усе прысутныя паласаваліся духмянай здобай і адчулі смак новага ўраджаю. На гэтай вясёлай ноце і завяршылася мерапрыемства. Вядучыя падзякавалі гасцям за ўдзел і пажадалі сабраць з прысядзібных участкаў багаты плён.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *