Восеньскі кірмаш прайшоў у Ашмянах

События

Традыцыйны восеньскі кірмаш у суботу паклікаў ашмянцаў за пакупкамі. Гараджан і вяскоўцаў чакалі багатыя гандлёвыя палаткі, машыны сельгаспрадпрыемстваў і фермерскіх гаспадарак, а таксама гаспадары, якія прывезлі на продаж лішкі вырашчанай на сваіх участках садавіны і гародніны.

Бульбу гатунку “Палац” па 70 капеек прапаноўвала КРСУП “Эксперыментальная база “Баруны”. Дарэчы, гэта значна танней, чым у гандлёвых сетках.

Шмат у гэтым годзе было зерня: пшаніца, ячмень, трыцікале. Кошт быў практычна аднолькавы ва ўсіх – 55 капеек за кілаграм пшаніцы, на капейку менш прасілі за ячмень. Як адзначылі дзяўчаты з КСУП “Крэйванцы”, за гадзіну прадалі 10 мяшкоў пшаніцы.

Быў свой пакупнік і на яблыкі з саду эксперыментальнай базы “Баруны”. “Беларускі салодкі”, “Алеся, “Вербнае”, “Хані крысп” так і прасіліся ў торбу, бо каштавалі 1,50 рубля за кілаграм. Ніжэй ужо цаны не было.

Шмат было журавінаў! Літар карыснай балотнай ягады прапаноўвалі па 7 – 9 рублёў. Былі ў продажы і грыбы. Кучка падасінавікаў з Габрыялаўшчыны каштавала 8 рублёў. Не спускалі цану і на лісічкі – за невялічкае вядзерца з-пад маянэзу хацелі 10 рублёў. Нізка сушаных каштавала 13 рублёў.

Цікавіліся пакупнікі салодкім балгарскім перцам, цыбуляй, морквай, баклажанамі і буйным часнаком. Шмат было памідораў. На гэтыя восеньскія дары чырвонага колеру ў сярэднім цана была па тры рублі. Жоўтыя і ружовыя таматы свой “гонар” трымалі высока – пяць рублёў за кілаграм.

Зухавата пазіралі на вірлівы натоўп гарбузы – за кілаграм іх хацелі адзін рубель. Куплялі гаспадыні зялёны кроп, салату і радыску, а таксама фасолю. Усяго за паўтара рубля прадавалі дзясятак рабенькіх яек перапёлкі. Прыцэньваліся ашмянцы да рыбы. За кілаграм жывога кушлянскага карпа прасілі 8 рублёў за кілаграм, а вось вэнджаныя карп і лешч каштавалі ад 20 да 30 рублёў.

Попытам карысталіся саджанцы пладовых дрэў і кустоў, а таксама рознай экзотыкі накшталт ягад годжы і буякоў. Віктар Іванавіч з Ліды знаёміў ашмянцаў з актынідыяй і кізілам. Як прызнаўся гаспадар, смак гэтай ягады ўсім спадабаўся.

Шырока была прадстаўлена прадукцыя Ашмянскага філіялу аблспажыўтаварыства. Кошт бульбы, морквы, цыбулі, буракоў, закупленых ў насельніцтва, быў ніжэйшы, чым у другіх прадаўцоў. Падсілкавацца і купіць прадукты да абедзенага стала можна было ў палатцы філіяла, якая разгарнулася ў скверы. Пірагі з рознымі начынкамі, булачкі, свежае мяса і мясныя паўфабрыкаты разыходзіліся хутка.

У гарадскім скверы разгарнулі продаж народныя ўмельцы. Біжутэрыя ручной работы, посуд, прадметы хатняга побыту, штучныя кветкі – выбар быў вялікі.

На дапамогу пакупнікам прыйшлі валанцёры – члены грамадскага аб’яднання БРСМ і раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа з СШ №1, работу якіх арганізаваў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мясцовая жыхарка Марына Каліноўская была вельмі ўдзячна такой дапамозе. Бульбу, якую яна набыла на кірмашы, не толькі даставілі пад пад’езд, але і дапамаглі занесці ў падвал.

За пакупкамі запрашалі не толькі гандляры, але і работнікі культуры раёна. Падчас канцэртнай і забаўляльнай праграмы людзі забываліся пра запасы на зіму, за якімі яны найперш і прыйшлі.

Наступны кірмаш запросіць ашмянцаў 6 кастрычніка.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *