Твор Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі” з’яўляецца адным з найбольш запатрабаваных сярод чытачоў. У СССР па матывах рамана быў зняты аднаіменны фільм, які выклікаў вялікі рэзананс у грамадстве. У 2024 годзе кінастудыя “Беларусьфільм” сумесна з ААА “Нью Арт Сінема Прадакшн” вырашыла зрабіць яшчэ адну экранізацыю любімага твора. У якасці аўтара сцэнарыя выступіў Глеб Шпрыгаў, а галоўныя ролі выканалі вядомыя артысты. Прэс-паказ новай карціны адбыўся 12 верасня ў сталічным кінатэатры “Беларусь”.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел журналісты рэспубліканскіх, абласных і раённых сродкаў масавай інфармацыі. Перад пачаткам прагляду ў карэспандэнтаў была выдатная нагода пагутарыць не толькі са стваральнікамі фільма, але і з акцёрамі, якія выконвалі галоўныя ролі. Акцёр Віктар Вяржбіцкі зазначыў:
— Мы працавалі над карцінай з асаблівай адказнасцю, а працэс здымак быў цікавым і займальным: за гэты час мы павандравалі па розных гістарычных куточках Беларусі, па рэальных мясцінах, пра якія вядзецца аповед у кнізе. Сёння самае галоўнае жаданне – “не праваліцца”, бо працаваць над ужо экранізаванай калісьці карцінай заўсёды складаней.
У дзесяці раёнах краіны праводзіліся здымкі фільма. Гледачы змогуць пазнаць не толькі сталічныя аб’екты, але і культурныя помнікі іншых гарадоў і мястэчак. Фільм здымаўся на Лідчыне, у Суботніках, Гродна і іншых населеных пунктах. Мэтавая аўдыторыя карціны розная. Яна будзе цікава і моладзі, і людзям больш сталага веку, бо сумяшчае ў сабе гісторыю з элементамі фэнтэзі. Яркія батальныя сцэны, прыгажосць беларускай архітэктуры і магчымасці камп’ютарнай графікі робяць фільм асабліва прыцягальным і цікавым.
Асаблівы ўплыў на гледача аказваюць і галоўныя героі – Стася Рэчыц і Антон Косміч. Іх ролі выконвалі Яўгеній Шварц і Вераніка Усцімава. На працягу ўсёй карціны героі разгадваюць гістарычныя таямніцы, змагаюцца са злом, пазнаюць гісторыю свайго краю і шчыра кахаюць.
Прэм’ера карціны адбудзецца 12 снежня. Стужка прыме ўдзел у кінафестывалі “Лістапад”, а ў масавым пракаце з’явіцца ў лютым 2025 года.
Марта БАГДАНОВІЧ.