Ірына Зарэцкая: “Праца паштальёна патрабуе мабільнасці”

Общество

Кожны жыхар Крэйванцаў і наваколля добра знаёмы з Ірынай Зарэцкай, мясцовым паштальёнам. Штодня жанчыну можна заўважыць з вялікай чорнай сумкай і стосам газет у руках. Добразычлівай усмешкай яна вітае аднавяскоўцаў, спраўляецца пра здароўе. За дваццаць пяць год працы на пошце жанчына стала сваёй у кожным доме. Людзі старэйшаага ўзросту чакаюць паштальёна з пенсіяй, сярэдняга – са свежымі газетамі і часопісамі.

У свой час жанчына не магла падумаць, што некалі будзе працаваць на пошце. Нарадзілася яна ў Кальчунах. У дзяцінстве марыла стаць прадаўцом. Гэта прафесія прыцягвала магчымасцю кантактаваць з людзьмі. Некаторы час Ірына Пятроўна працавала ў краме. Гэта дзейнасць прыносіла ёй задавальненне. У хуткім часе Ірына выйшла замуж, пераехала на сталае месца жыхарства ў Крэйванцы. Шчырыя і ўсмешлівыя людзі, асаблівы спакой і цішыня – усё гэта спрыяла хуткай адаптацыі. У 1999 годзе на пошце з’явілася вакантнае месца паштальёна. Ірына Пятроўна, крыху падумаўшы, вырашыла паспрабаваць сябе ў новай дзейнасці.

З першых дзён яна знайшла падыход да людзей. У працы паштальёна, як і ў гандлёвай сферы, немагчыма абысціся без далікатнасці, тактоўнасці, добразычлівасці. На шчасце, усе гэтыя якасці прысутнічалі ў новага паштальёна. З цеплынёй маладога работніка прыняў і калектыў. Першы час Ірына звярталася за дапамогай да старэйшых калег, высвятляла спрэчныя моманты.

-За дваццаць пяць год працы на пошце ніколі не ўзнікла думкі змяніць сферу дзейнасці. Магу шчыра прызнацца ў тым, што люблю сваю справу. Бачу, як мяне чакаюць людзі старэйшага ўзросту. Яны часта просяць прынесці ім пэўныя тавары. Найбольшым попытам карыстаюцца крупы, мука, цукар і разнастайныя ласункі. За гады працы ведаю патрэбы кожнага. Пенсіянеры любяць чытаць. Газета для іх – галоўная крыніца інфармацыі. Раёнку сёння прыношу амаль у кожны дом нашага аграгарадка, — зазначае Ірына Зарэцкая.

У Крэйванцах жанчыну ведаюць не толькі як добрага спецыяліста, але яшчэ як руплівую гаспадыню. Зарэцкія трымаюць невялікую гаспадарку, маюць свай агарод, а на клумбах ля дома красуюцца кветкі і дэкаратыўныя кусты. Некалькі гадоў таму гаспадары набылі цяпліцу, у якой Ірына кожную вясну высаджвае таматы. Жанчына адмаўляецца ад гатовай расады. У канцы сезона вывучае гатункі таматаў, купляе насенне і сама кантралюе працэс – ад зернейка да спелага тамата. У гэтым годзе ў цяпліцы руплівіцы – пятнаццаць відаў таматаў. Ружовыя, чырвоныя, жоўтыя – ад разнастайнасці колераў мільгаціць у вачах. Частку ўраджаю жанчына кансервуе, частка ператвараецца ў сок, ёсць чым пачаставаць сваіх родных, знаёмых і аднавяскоўцаў. Ірына прызвычаілася жыць актыўным жыццём, усё паспяваць, быць мабільнай і хуткай на пад’ём.

-Люблю кожную справу выконваць аператыўна. Лічу, што толькі дзякуючы пастаяннаму руху чалавек можа паўнавартасна жыць і развівацца. Стараюся кожную хвіліну напоўніць карыснымі справамі, — падкрэслівае Ірына Пятроўна.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *