Рэчы, зробленыя ўласнымі рукамі, валодаюць асаблівым магнетызмам і прыгажосцю. Яны захоўваюць часцінку душы свайго стваральніка, які ўклаў у выраб стараннасць, цеплыню і руплівасць. Кожная такая рэч становіцца не проста прадметам інтэр’еру. Ян Комар, гаспадар аграсядзібы «Царскае сяло», што ў Лэйлубцы, большасць рэчаў зрабіў сваімі рукамі. Адмысловая альтанка, каларытная драўляная мэбля і нават сажалка каля дома – усё гэта і многае іншае руплівы гаспадар зрабіў сам. Некалькі дзесяцігоддзяў таму Ян Антонавіч і падумаць не мог, што будзе ўладальнікам аграсядзібы, а ў яго двары будуць праходзіць разнастайныя мерапрыемствы. Тады ў яго з жонкай Валянцінай было зусім іншае жыццё, напоўненае традыцыйнымі сямейнымі абавязкамі. Але збег абставін зрабіў сваю справу.
Ян Комар доўгі час працаваў таксістам. Часта яму даводзілася дастаўляць пасажыраў у аграсядзібы. Прыязджаючы на тэрыторыю чарговай сядзібы, мужчына з цікавасцю разглядаў пабудовы, захапляўся атмасферай. І думаў аб тым, што ўладальнікі гэтых дамоў — шчаслівыя людзі, бо яны дораць радасць і станоўчыя эмоцыі сваім гасцям. У 2008 годзе сям’я Комар набыла невялікі ўчастак у Лэйлубцы. Ян і Валянціна пачалі будаваць дом. Справа пакрысе рухалася. І вось ужо прыгожы двухпавярховы будынак гатовы. Валянціна як сапраўдная жанчына стала ўпрыгожваць тэрыторыю кветкамі і дэкаратыўнымі кустамі.
Тэрыторыя стала нагадваць райскі куток. Людзі спыняліся, любаваліся гэтай прыгажосцю. Аднойчы гаспадару пры-мроіліся тыя аграсядзібы, якія давялося калісьці наведаць. У пэўны момант ён расказаў жонцы пра свой намер адкрыць аналагічны аб’ект для адпачынку. Валянціна падтрымала ідэю. Пачалася рупная праца, якая патрабавала шмат намаганняў і часу. У маі 2016 года аграсядзіба гасцінна расчыніла свае дзверы для наведвальнікаў. Новы аб’ект зацікавіў гасцей.
Сёння найбольшай папулярнасцю ў гасцей карыстаецца баня з прасторным пакоем для рэлаксацыі, утульным басейнам. Некалькі гадоў таму на тэрыторыі аграсядзібы з’явілася невялікая штучная сажалка. Ідэю стварэння воднага аб’екта Ян Антонавіч доўгі час выношваў у галаве. Ён старанна выбіраў месца, абдумваў розныя тэхнічныя моманты, праглядваў відэаролікі ў інтэрнэце. Дно штучнага вадаёма складаецца з невялікіх каменьчыкаў, якія ўтвараюць адмысловыя ўзоры. Валянціна Комар доўгі час любавалася вадаёмам, думала аб тым, як можна яго ўпрыгожыць. Урэшце рэшт зразумела, што тут не хапае кветак. Тады яна набыла водныя лілеі — німфеі. А гаспадар вырашыў дапоўніць вадаём рыбай. Сёння ў сажалцы – з дзясятак разнастайных відаў рыб. У гасцявым доме можна спыніцца на начлег. Тут арганізаваны чатыры спальныя месцы. З другога паверха адкрываецца прыгожы від на тэрыторыю. Раніцай госці любяць праводзіць час у альтанцы. Заварыўшы гарбату, яны слухаюць шчэбет птушак, любуюцца вясковымі панарамамі, адпачываюць ад штодзённых клопатаў.
Валянціна Комар зазначае, што каля дома сёння больш за сорак кустоў ружаў. Жанчына лічыць, што ў «Царскім сяле» могуць расці толькі каралеўскія кветкі. Ружовыя, белыя, жоўтыя, чырвоныя — у вачах мільгаціць ад разнастайнасці колераў. А летам у паветры стаіць прыемны кветкавы водар, які нельга ні з чым параўнаць.
Прыязджаюць у аграсядзібу не толькі госці з розных куткоў нашай краіны. Гэта месца з’яўляецца любімым для Віталія і Ангеліны — дзяцей гаспадароў. Пакінуўшы справы, яны прыязджаюць у Лэйлубку, каб разам правесці час, пагутарыць аб надзённых справах, адпачыць. Унучкі, Амалія і Алівія, таксама любяць гасцяваць у дзядулі з бабуляй. Разам з дзядулем яны ловяць рыбу, майструюць розныя цікавосткі. А бабуля далучае ўнучак да кулінарнай справы. У гэтым годзе гаспадары Комар адзначылі рубінавае вяселле. Разам пара ўжо сорак год.
Аграсядзіба існуе восем гадоў, і за гэты час у гаспадароў з’явіліся пастаянныя кліенты, якія сталі часткай сям’і. Яны дапамагаюць гаспадыні на агародзе, завіхаюцца разам з гаспадаром ля штучнага вадаёма. Ян марыць пабудаваць зімовую альтанку, а гаспадыня — пашырыць кветкавую разнастайнасць. Дарыць свята і добры настрой гасцям — галоўная задача гаспадароў, з якой яны паспяхова спраўляюцца.
Марта БАГДАНОВІЧ.