Сквапнасць, яна такая!

Точка зрения

Менавіта такі каментар пакінула адна з карыстальніц сацыяльных сетак пад пастом жанчыны, якая назбірала ў лесе вялікую колькасць грыбоў і не ведала, як данесці гэтыя дары прыроды да машыны. Відэасюжэт беларускай блогеркі паглядзелі больш за 130 тысяч чалавек. Шмат хто пры гэтым паставіў жанчыне падабайку. Аднак у сваіх каментарах прыхільнікі грыбной тэматыкі раздзяліліся на два лагеры. Адны шчыра хвалілі аматарку ціхага палявання за такі “ўлоў”, а другія абвінавачвалі яе ў хцівасці.

На чыім баку я?! Шчыра прызнаюся – грыбы збіраць не люблю. А што тычыцца ўжывання іх у ежу, то лічу гэты прадукт даволі цяжкім для нашага арганізма. Пару разоў у сезон згатаваць грыбны суп, падсмажыць з бульбай ці адкрыць паўлітровы слоік марынаваных на Каляды – бадай ці не ўвесь пералік маіх грыбных слабасцяў. Таму, мажліва, і не магу я зразумець гэтых перапоўненых багажнікаў, дзясяткаў кошыкаў і вёдзер з грыбамі. Навошта?! Вы што, хочаце вынесці з лесу ўсё, што там расце?! Не зразумелы мне гэты грыбны азарт. Асабліва калі ўлічыць, што часам людзі самі не ўжываюць грыбоў. Але мучаюцца затым, жаляцца, ночы не спяць, перабіраюць, перапрацоўваюць, раздорваюць родным, знаёмым, калегам. А калі не атрымліваецца ўсё збыць у час (прадукт гэты хутка псуецца), то можна і на сметнік вынесці. Некалькі разоў назірала такую карціну каля кантэйнераў са смеццем у горадзе.

Жаданне сабраць усё, што трапляецца на вочы, часам прыводзіць і да сур’ёзных наступстваў: спачатку людзі шукаюць грыбы, а пасля іх шукаюць супрацоўнікі міліцыі, пажарныя-выратавальнікі, леснікі і ўдзельнікі грамадскіх згуртаванняў. Падчас выратавальных аперацый падключаюцца не толькі людзі, але і тэхніка. Часам пошукі ідуць ноччу, трацяцца сілы і нервы. Адна справа, калі губляецца малое дзіця ці састарэлы чалавек, у якога закруцілася галава і ён страціў арыентацыю ў прасторы. Але ж часта губляюцца ў лесе даволі яшчэ маладыя людзі. Змучаныя і знясіленыя, пры гэтым яны не адракаюцца ад сваіх трафеяў. Атрымліваецца, што грыбы людзі ацэньваюць даражэй за сваё жыццё.

А можа мы і не саўсім хцівыя?! Можа нас такімі зрабілі сацыяльныя сеткі, дзе ўсе навыперадкі адзін перад адным мераюцца: кватэрамі, яхтамі, машынамі, мабільнымі тэлефонамі, магчымасцю падарожнічаць да мора-акіяна, сумкамі Луі Вітон, напампаванымі губамі, мужамі, дзецьмі… Чаго толькі не зробіш, каб табе пазайздросцілі. Грыбы таксама ідуць у залік. Само сабой зразумела, што той, каму пашанцавала набраць іх шмат, больш удачлівы. Хтосьці ў каментары яму напіша:” “Малайчына! Во пашчасціла!”. А калі юзеры выкажуцца адмоўна, тут ясна як белы дзень – зайздросцяць!

Вось і цягнуць людзі дахаты цэлыя мяхі лясных дарункаў, фатаграфуюцца з баравікамі-веліканамі, якія хутчэй за ўсё прыйдзецца выкінуць, бо будуць чарвівымі, але ж зрабіць здымак на фоне гэтых трафеяў – святое.

Без каментароў тут не застанешся. Часам дзіву даешся, калі пачынаеш іх чытаць. Вось і пад відэасюжэтам пра ўсё тыя ж грыбы. Людзі пачалі абвінавачваць жанчыну ў тым, што такія, як яна, забіраюць усе грыбы, а другім нічога не застаецца, як капіць крыўду!

На жаль, ніхто з каментатараў не выказаўся пра тое, што ўсе лясныя дары – грыбы, ягады, арэхі, зёлкі – дала нам прырода. І дарункі гэтыя не толькі нам, людзям, але і іншым жывым істотам, якія насяляюць лясныя ўладанні. Атрымліваецца, што дбаем мы толькі пра сябе. Як кажуць, пасля нас хоць трава не расці. Як тыя дзікі, мы рыем ігліцу ў пошуках лісічак і забіраем нават драбязу – каб толькі другім не дасталося. Выносім з лесу нават старыя грыбы, споры якіх аддзячылі б нам праз пэўны час новай грыбніцай. З дапамогай спецыяльных прыстасаванняў псуем чарнічнік, як усё роўна без таго варэння ці лішняга рубля памрэм з голаду.

Сквапнасць, яна такая!

Аліна САНЮК.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *